.
У помніку беларускай літаратуры Х11 стагодзьдзя "Слова пра паход Ігара"
аўтар выгукае: "О Руская Зямля! Ты за буграмі ўжо!"
Паводе паходжаньня слова бугор старажытнаіндыйскае. Там яно мела значэньне
гнуты, адкуль ужо няцяжка вывесьці: выгнуты, гарбаты.
Некаторыя дасьледчыкі бачаць у слове бугор ягоную роднасьць з Бугам
- памежнай беларускай ракой. Можа быць таму беларусам сталася зусім блізкім
і зразумелым гутарковае значэньне слова бугор, якое ўзьнікла ў 20-ым стагодзьдзі.
Бугор - гэта мяжа. Тое, што рабілася за бугром, савецкі чалавек мусіў
адкідаць ужо паводле месца - за бугром.
Нават калі там адбывалася якое-кольвечы камуністычнае тузаньне - пільнасьць
і асьцярожнасьць былі ня лішнія. Прыежджых з-за бугра, хай сабе і з сацыялістычнай
краіны, нязьменна суправаджалі ГэБэшнікі. Ці ў асобе гіда, ці - перакладчыка,
ці - невядома адкуль узьніклага, а насамрэч - падсунутага суразмоўцы.
Афіцыйна жыхар Беларусі, як і ўсе савецкія людзі, ненавідзіў тое, што
было за бугром, ганіў эксплюатацыю, шкадаваў капіталістычных паднявольных.
Але, як толькі ў крамах зьяўляліся ззабугровыя тавары, крытык і апанэнт
рашуча адварочваўся ад паліцаў з найлепшай у сьвеце айчыннай прадукцыяй.
Разам з замежнымі таварамі разбэшчвалі душу і сеялі зерне сумневу ва
ўсё савецкае галасы з-за бугра. Яны былі розныя: палітычныя, музычныя,
кінематаграфічныя. У выніку чалавек пачынаў цікавіцца: а як там насамрэч?
Тыя, хто тым ці іншым чынам апынуліся за бугром, пісалі лісты, слалі
пасылкі і фотаздымкі. Тыя, хто ўсё гэта атрымлівалі, а таксама іхныя знаёмыя
марылі хаця б адным вокам глянуць на гэта ўсё пэрсанальна. Пасьля развалу
СССР бугор, у значэньні мяжа, зьнік.
Магчыма, што ў 21 стагодзьдзі гэтае значэньне ізноў адродзіцца і нашчадак
- беларус новага пакаленьня, зірнуўшы на ўсход годна паўторыць словы прашчура:
"О Руская Зямля! Ты за буграмі ўжо!"
Сяржук Сокалаў-Воюш.