Заяўленая сума збору на плятформе фонду салідарнасьці BySol для маці Кацярыны Ваданосавай, якая перанесла інсульт, пакрытая за няпоўныя тры дні. Збор пад назвай «Мая мама памірае. Цуду не адбылося» быў адкрыты 26 сьнежня.
У 74-гадовай Нэлі Ваданосавай трыма днямі раней адбылося кровазьліцьцё ў мозг, пасьля шпіталізацыі ёй правялі апэрацыю.
«Маю маці падключылі да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх і іншых сыстэмаў забесьпячэньня. Але мозг пашкоджаны незваротна, у нас застаўся толькі адзін шлях», — гаворыцца ў апісаньні збору ад імя дачкі.
Ваданосава-малодшая падзякавала ў сацсетках тым, хто адгукнуўся.
«Стан мамы не зьмяніўся. <…> Радыёлягічнае дасьледаваньне паказала сьмерць мозгу», — дадала яна.
39-гадовая Кацярына Ваданосава — беларуская тэлевядоўца, блогерка, сьпявачка, гісторык з адукацыі. Пасьля палітычна матываванага перасьледу яна змушана пакінула Беларусь і цяпер жыве ў Польшчы. У эміграцыі перанесла анкалягічнае захворваньне.
У 2024 годзе да Нэлі Ваданосавай у Менску прыходзілі сілавікі, пасьля чаго ў той здарыўся інфаркт. Пазьней яна пераехала да дачкі і чакала ў Польшчы атрыманьня міжнароднай абароны. Аднак праз пэўны час Управа ў справах замежнікаў спыніла вядзеньне і выдала пастанову пра перадачу Ваданосавай-старэйшай у Літву ў сувязі з тым, што тая ўяжджала ў краіну зь літоўскай візай — у рамках Дублінскага рэглямэнту.
Рашэньне аспрэчылі ў судзе. У кастрычніку 2025 году Адміністрацыйны суд Варшавы стаў на бок заяўніцы, улічваючы індывідуальныя абставіны — яе ўзрост, стан здароўя, а таксама тое, што адзіныя блізкія пражываюць у Беластоку. Такім чынам, Нэлі Ваданосава змагла застацца ў Польшчы.
Форум