Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт — адзін, кіраўнікоў МЗС — шэсьць


Уладзімер Макей, нядаўна прызначаны міністрам замежных спраў Беларусі, стаў шостым у шэрагу кіраўнікоў зьнешнепалітычнага ведамства з таго часу, як краіну ачоліў Аляксандар Лукашэнка. Пра лёс былых міністраў.

Калі ў 1994 годзе Аляксандар Лукашэнка вызначаў, хто ў новым урадзе стане міністрам замежных спраў, то на разглядзе ў яго былі тры асноўныя кандыдатуры — Уладзімер Сянько, Георгі Таразевіч і Валеры Цэпкала. І выбар тады Лукашэнка зрабіў на карысьць Уладзімера Сянько, хоць той, у адрозьненьне ад Цэпкалы, ня быў у яго выбарчым штабе. Але за плячыма Сянько былі Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных стасункаў і праца ў розных дыпляматычных структурах тагачаснага СССР.

На той час лібэральны па сваіх поглядах, беларускамоўны міністар Сянько арыентаваў Беларусь на Захад. У Лукашэнкі курс быў іншы — на інтэграцыю з Расеяй. Да таго ж, намесьнік Сянько Андрэй Саньнікаў на тле рэфэрэндуму 1996 году дэманстратыўна зышоў зь міністэрства, публічна заявіў пра сваю нязгоду з палітыкай Лукашэнкі. Усё гэта разам скончылася тым, што Сянько паехаў працаваць амбасадарам у Францыю. Затым ён перасунуўся «па гарызанталі» ў Бэльгію. А пасьля апошніх выбараў у Нацыянальны сход 66-гадовы дыплямат стаў старшынём міжнароднай камісіі Савета Рэспублікі. .

Другі па ліку міністар — Іван Антановіч. Ён запомніўся некалькі адметнымі рэчамі. Па-першае, міністрам замежных спраў Беларусі стаў чалавек, які ў той час ужо быў грамадзянінам Расеі. Па-другое, журналісты, як кажуць, табунамі хадзілі на ягоныя брыфінгі, паколькі Іван Іванавіч на чыстай беларускай мове звычайна казаў шмат цікавага і вясёлага. І па-трэцяе, вокны будынка МЗС у той час сьвяціліся да позьняга вечара. Антановіч, які раней кіраваў аддзелам навукі ЦК КПБ, перанёс і на МЗС «цэкоўскі» стыль працы.



У размове са мною некалькі год таму спадар Антановіч тлумачыў сваю адстаўку «драздоўскай» гісторыяй. Маецца на ўвазе высяленьне замежных дыпляматаў з «Драздоў», дзе яны тады жылі і працавалі. Са слоў Антановіча, ня ён быў ініцыятарам гэтай справы, але яе навесілі на яго.

Пакрыўджаны Антановіч паехаў у Маскву. Быў там экспэртам, выкладчыкам ва ўнівэрсытэце. У Маскве ён застаецца і цяпер. А вось зяць Івана Іванавіча — Валеры Брылёў па-ранейшаму працуе ў сыстэме МЗС Беларусі. Цяпер ён — амбасадар у Казахстане.

Трэці міністар — Урал Латыпаў. На гэту пасаду ён прыйшоў, ужо зьяўляючыся першым памочнікам Лукашэнкі, шэфам спэцыяльна створанага ў прэзыдэнцкай адміністрацыі ўпраўленьня зьнешняй палітыкі. Людзі, якія працавалі зь ім разам, кажуць, што ён наладзіў фактычна новы мэханізм дзеяньня міністэрства. Тут абавязковымі сталі рэгулярныя плянаваньне, падрыхтоўка дасье, аналітычных даведак, кантроль за ляяльнасьцю дыпляматаў да Лукашэнкі.

Латыпаў неаднаразова абяцаў авалодаць беларускай мовай. А ў прыватных размовах на гэтую тэму заўжды падкрэсьліваў, што ягоныя цесьць і цешча — беларускамоўныя настаўнікі.

Кажуць, што менавіта Латыпаў падрыхтаваў і настойліва адстойваў тэорыю, згодна зь якой беларускі народ не павінен адказваць за дзеяньні аднаго чалавека. А таму Захаду нельга ізаляваць Беларусь. Цяпер Урал Латыпаў у нафтавым расейска-беларускім бізнэсе.

Чацьверты ў сьпісе Міхаіл Хвастоў. Гэта — дасьведчаны і кваліфікаваны дыплямат. Але калі ягоныя папярэднікі маглі час ад часу зрабіць нешта сваё, самастойнае, то спадар Хвастоў да гэтага ня быў схільны. Міністрам ён пабыў нядоўга. Цяпер працуе ў Жэнэве. Там ён амбасадар і кіраўнік прадстаўніцтва пры ААН.

Перадапошні міністар — Сяргей Мартынаў. Калі ягоныя папярэднікі кіравалі міністэрствам па два-тры гады, то Мартынаў пратрымаўся на пасадзе дзевяць.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі з гэтай нагоды адзначае:

«Адна з асноўных прычынаў, чаму Мартынаў так доўга заставаўся міністрам, — тая, што ён мае велізарны досьвед апаратнай працы. Пра гэта альбо забыліся, альбо не гавораць, але ж Мартынаў доўгі час быў памочнікам міністра замежных спраў БССР Гурыновіча, якога звалі „беларускім Грамыкам“. І гэта адна з прычынаў ягонага даўгалецьця. А другая прычына — натуральны кадравы голад».

Нядаўна стала вядома, што Сяргей Мартынаў працаўладкаваны. Ён стаў спэцыяльным прадстаўніком холдынгу «РуссНефть» у Беларусі. І гэта наводзіць на паралелі з Уралам Латыпавым.

Ну, а пра цяперашняга міністра Ўладзімера Макея нельга казаць без згадкі першага міністра — Уладзімера Сянько. Калі Сянько на пачатку 1997 году зьяжджаў у Францыю, ён узяў з сабою свайго памочніка. Памочнік з прозьвішчам Макей пачаў працаваць у Страсбуры — пры міжнародных эўрапейскіх структурах. Так і пацягнуўся ланцужок, які прывёў спадара Макея на міністэрскую пасаду.

Палітоляг Андрэй Фёдараў, які ачольваў міжнароднае ўпраўленьне ў Вярхоўным Савеце Беларусі 12 і 13 скліканьняў, кажа пра былых міністраў:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
«Калі глядзець з прафэсійнага пункту гледжаньня на ўсіх міністраў, то яны як быццам нядрэнна падрыхтаваныя і адукаваныя. Хоць тыя, хто скончылі Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных стасункаў, мабыць, былі больш гатовымі да такой працы. Але істотнай ролі ў дадзеным выпадку і гэта не адыгрывае, паколькі ўсе яны былі выканаўцамі „вышэйшай волі“. І нічым адметным ня вызначыліся.

Усе яны рабілі толькі тое, што ім загадвалі. Самастойнай зьнешняй палітыкі яны ніколі не вялі. Але гэта проста такі стан спраў у Беларусі. Аднак яны пагаджаліся на выкананьне менавіта такіх функцыяў. І гэта быў іх выбар».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG