Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакудава. Жыцьцё па цячэньні


На золку іду пехатой уздоўж маўклівай, выцягнутай кілямэтры на тры, цэнтральнай вуліцы Дакудава, дзе жыве за сем з паловай соцень чалавек.

У 90-я між тысячагадовых курганоў насупраць Нёмана, што плыве ўздоўж вёскі, можна было сустрэць скарбашукальнікаў — дзесьці ў навакольлі дагэтуль схаваныя 60 пудоў залатых і срэбных вырабаў з калекцыі Дамініка Радзівіла, які быў паранены пры адступленьні Напалеона. Мясцовыя тым часам актыўна гналі горкую ды пякучую вадкасьць, за што на Лідчыне Дакудава празвалі «сталіцай самагонаварэньня». На поўны голас спраўдзіла мне гэта глухаватая цётка Люба:

Люба: «Водку п’юць — вой, па-страшнаму! Ды бабы яшчэ, панапіваўшыся, ходзяць па вуліцы, ваняюць, хай іх халера! Гоняць ва ўсю самагонку-„сахарніцу“…»

У адной зь дзьвюх вясковых крам было пуста. На фірмовым бэджыку жанчыны за прылаўкам чытаю — «Марыя Ўладзіславаўна Гроз».

Гроз: «І прадавачка, і загадчыца, і прыбіральшчыца — усё ў адной асобе…» (Сьмяецца.) Заробак каля 2 мільёнаў…"

Карэспандэнт: «Значыць, выручка невялікая! Ці шмат купляюць людзі? І як адбілася падвышэньне цэнаў на гарэлку?»

Гроз: «У нас пэнсіянэры, у асноўным. Ажыятажу ніколі не было на сьпіртное, а самагоншчыкі паўміралі мо? Таваразварот у мінулым месяцы — 77 мільёнаў, летам — па 100. Шмат пустых дамоў: вёска — ня цэнтар гаспадаркі…»

5 год таму, калі вандраваў у Дакудава ўпершыню, тагачасны СВК «Іскра» толькі аб’яднаўся з суседнімі «Ёдкамі» ў аграгарадок зь пераносам туды тэхнікі ды фэрмаў. І старшыня сельсавету Аляксей Дзем’яновіч, якога вяскоўцы клічуць Дзям’янам, быў тады…

Дзем’яновіч: «Я быў супраць гэтага аб’яднаньня. Нашы жыхары, маладыя прытым, засталіся бяз працы. Бяз транспарту, паліва, адны засталіся на тэрыторыі…»

Але вось што спадар Дзем’яновіч сказаў мне сёньня:

Дзем’яновіч: «Усё-ткі людзі ўжо прывыклі да гэтага аб’яднаньня. І калі надалей будзе функцыянаваць сельскі савет дэпутатаў ды сельвыканкам, праблем ня бу-дзе!»

У вяскоўцаў, аднак, іншая вэрсія — бескантрольная адміністрацыйная вага без начальства пад бокам перастала гнясьці старшыню. Так можна было зразумець словы 75-гадовай спадарыні Алены Чарновай:

Чарнова: «Ведаеце, у нас ёсьць што сказаць! Старшыня сельсавету ў нас нягодны — Дзям’ян! Ух, і шкодны! Платы далі ставіць бясплатна — ён сабе за іх браў грошы, дом сабе выбудаваў у Бярозаўцы!»

Карэспандэнт: «А чаго ня скардзіліся?»

Чарнова: «Га-а! І гаварылі, і пісалі! У газэту пісалі, я яму асабіста сказала, што Лукашэнку напішам — „Я нікога не баюся!“»

Па суседзтве працягваю тэму са спадарамі Пётрам Грамовічам ды Алесем Сазонавым. Няголеныя — маўляў, на працу не сьпяшаюцца.

Карэспандэнт: «Скардзяцца ў вас на старшыню сельсавету Дзем’яновіча Аляксея Юр’евіча бабці, што грошы браў за бясплатныя платы…»

Спадарства: «О-о! Ён тутака фокусы вытварае, за ім ніхто не сьлядзіць. Ёдкі зьела Дакудава! „Іскра“ на першым месцы на Лідчыне была! Пазабіралі ўсё: коней было 500–600 — 10 засталося. Школу закрылі, сельсавет закрыюць — выжывай як хочаш…Пайшоў бы працаваць, мне год да пэнсіі — тут ёсьць фэрма, у якой на адно месца 20 чалавек! Заробак — паўтара мільёна. А як джыгіты маладыя — куды дзецца? Во прыватны чалавек мяне наймаў — ідзі папасі за 50 рублёў у дзень. На бутэльку будзе, а закусіць ня будзе чым!» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «Ну, самагонка ваша таньнейшая?»

Спадарства: «Кінь ты — па 20 тысяч! А зараз дзяржаўная падвысілася, будзе і дакудаўская па 25, а то і 30! О-о, раней і ў газэтах і часопісах і нас, самагоншчыкаў, у 89 годзе пафатаграфіравалі! На тыя грошы па 250 рублёў штрафу далі і апараты пабілі — ой, весела было! (Сьмяюцца.) Дык раней самагонкі выпіў шклянку — і нішто, а зараз — і дахаты ня дойдзеш!.. Бо сьпірт разьведзены — колькі людзей паўмірала!
Дык раней самагонкі выпіў шклянку — і нішто, а зараз — і дахаты ня дойдзеш!

А людзі будуць у кожнай хаце гнаць!.. Яны і цяперака гоняць: два дні пасядзеў — выгнаў! Пайміце, таксама трэба жыць — палучае мільён, а за кватэру заплаці, дзецям памагчы! Адзін знаёмы кажа — за дзень у мяне 4 „стаўкі“ па 8 літраў. А была б у краме гарэлка дзешавейшая, людзі б ня гналі… Дровы прывезьці — „Хлопцы, няма“. — „Дык ідзі ў краму, бо ня будзем секчы!“ Мігам пасеклі прычэп — яшчэ дай на літар, і хопіць нам! А бабка — што яна выжане тую водку за мільён пэнсіі?..

Раней тут было 700 кароў у Дакудаве! Цяпер палова вёскі пустая, дачнікі… Цяпер калі зьбярэцца 50 галоў, дык слава Богу! У кожнай хаце і па дзьве-тры былі, сьвіньні, свая гаспадарка. Бабка сама не накосіць, а калі прывязуць гэты цюк на 300 кг — дзе ж яна выкарміць? Трэба тону 200 — тону 500 кармоў на адну карову толькі!»

Пра гэтыя сустрэчы я расказаў памянёнаму старшыні сельсавету Дзем’яновічу. Адказы былі безапэляцыйныя. Але ці доказныя?

Дзем’яновіч: «О-о, дык усё зразумела — гэта цыганы! Пётар Грамовіч ня мае дома. Гэта чыстай вады выдумка — платы праплачваў Лідзкі раённы выканаўчы камітэт. Было прынятае рашэньне фарбаваць у адзін колер — і ўжо фарбаваў я…»

Карэспандэнт: «Не магу не ўзгадаць, што Дакудава было „сталіцай самагоннага краю“…»

Дзем’яновіч: «З прыходам новага начальніка Лідзкага райаддзелу міліцыі гэты край закрыўся!»

Карэспандэнт: «Аляксей Юр’евіч, адносіны зь вяскоўцамі трэба наладжваць, ці ня так?»

Дзем’яновіч: «Вы мне назвалі прозьвішчы — усё зразумела стала адразу! Гэта вельмі няўдалыя сем’і, злоўжываюць сьпіртнымі напоямі, пальца не прыклалі, каб добраўпарадкаваць у сябе ля хаты…»

Ну, апошняя «тэза» — ніжэй за ватэрлінію. Спадарыня Алена Чарнова паказала пульхных гусакоў, што ў часе размовы тоўпіліся ля высокай, пабудаванай на яе ўласныя грошы, агароджы:

Карэспандэнт: «А колькі іх у вас?»

Чарнова: «Я вам скажу — бандыты прыйдуць-пакрадуць, у хаты лезуць. Было ў мяне 40 гусей, курэй 30. На продаж не гадую — у краме мяса няма, учора зарубалі на чатыры з паловаю кіляграмы і ядзім. Зерне, праўда, задарагое — 75 тысяч 30 кг, пэнсія паўтара мільёна — на вяку, як на доўгай нітцы, усім працавала… І плот — скардзіліся, Дзям’ян прыехаў восеньню, „пастаўлю за паўцаны“. Я кажу — стаў, сядзець ды зьедзе…»

«Няма на ўсё цёткі Лісіхі, памерла», — наракалі на разьвітаньне вяскоўцы. 5 гадоў таму я яшчэ засьпеў тады 84-гадовую спадарыню Надзею Васілеўскую, што ў 17 села за трактар, была пераможцам усесаюзных калгасных спаборніцтваў, дэпутатам аблсавету. Яе суседка цётка Ганна ўспамінае:

Васілеўская: «Яна была чэсная дзяўчына, толькі ёй не шанцавала…»

А «не шанцавала» цётцы Лісісе, бо да апошняга дня кляйміла на сходах ды проста на вуліцы свавольнае начальства сваімі вершыкамі — ва ўласным выкананьні. Адзін зь іх запісаў тады і я — яўна ня страціў актуальнасьці.

Надзея: «Наш калгас-та „Іскра“ пламенем гарыць, толькі маладзёны ня хочуць у ім жыць. Нізкая аплата — дайшло ўсё на „не“… Лянок мы расьцілі — рос вышэй за нас. З году ў год багацеў калгас. Палучалі сотні — а потым рублі, наастатку капейкі — да чаго давялі! Апошні ляночак дымам пайшоў, рубашак і штаноў там нам не знайшоў. Дабілі канюшню, кароўнікі на „не“ — нясіце, начальства, і за гэта атвет!»

* * *

«Алькагольная» тэма ў нечаканым ракурсе ўзьнікла ізноў у часе сустрэчы з адзіным тут фэрмэрам. Масавае спажываньне мясцовымі сьпіртнога не дае 54-гадоваму гаспадару, як ён кажа, «падняцца з кален». На падворку да мяне яго паклікала жонка:

Спадарыня: «Валянцін, ідзі сюды! Гэта Бяляўскі Валянцін Мацьвеевіч…»

Бяляўскі: «Здрасьце! Пачынаў фэрмэрскую справу, калі ты быў, цяпер амаль канчаю. Тэхніка ёсьць, але гэта ерунда! Зямлі ў арэндзе 15 гектараў…»

Карэспандэнт: «А чаму так мала?»

Бяляўскі: «Не хачу народ эксплюатаваць! Тэхніка не мая — бацька адзін трактар купіўшы, брат другі, старыя. Зарплаты няма — хапае камбікорму купіць, калі зерне канчаецца. Ураджаі невялікія, землі храновыя, сьвіней каля 30 — на выхадзе нуль, бо кармы дарагія — 80 тысяч за 30 кг. Я па 150 кг не гадую — людзям па 120 хапае, а камэрсанты хочуць 160, каб ім выгадна было. За кошт сьвіней троху маю грошай. Хоць да работы хватка, не зараблю ніяк на новы „Т-25“…»
Каго тут ноймеш? Такіх, каторыя зраньня шклянку самагонкі?

Карэспандэнт: «А якая галоўная перашкода для цябе?»

Бяляўскі: «Каго тут ноймеш? Такіх, каторыя зраньня шклянку самагонкі? А нафіг мне зь імі нэрвы трапаць?! Яны дзень паробяць, а пасьля тыдзень ходзяць — на бутэльку аддзяч! І дураць галаву — няма працаздольных, каб не пілі. Бабкі хочуць, але яны старыя — сэрца баліць, а з кошыкам ідзе! Не магу іх эксплюатаваць!»

Шмат у якія з кінутых хат усяліліся дачнікі. У садзе ў поўным складзе прыбірала лістоту сямейства Рудзякоў — гаспадар Уладзімір з жонкай і сынам непадалёк.

Рудзяк: «Мы лідзкія, а я сам адсюль родам. Бачыце, ня стала калгаса — і ўсё пайшло на ўбытак. Газ праводзіць трэба — і жыцьцё будзе! Тут лес, дзьве рэчкі — вёска ўпіраецца ў Нёман, тут Нарва. Уздоўж Нёмана пясчаная каса, і ўсе калгасы ня надта пладародныя. Тут агратурызм — на беразе каскад цэлы сядзібаў!»

Першапачынальнікі дакудаўскага агратурызму — сямейства Агаркаў, што чвэрць веку таму перабралася сюды з Нарыльску. Пасьпелі за 8 год існаваньня аграбізнэсу набыць трывалыя, у тым ліку міжнародныя, сувязі. Былыя настаўніца гісторыі Сьвятлана ды тэхнік-мэханік Юрый дзеляцца сакрэтамі посьпеху ды вынесенымі ўрокамі.

Сьвета: «Сядзіба так і называецца „Дакудава“, бо вельмі зручна ў інтэрнэце — калі „Два“ ці „Дзесяць буслоў“, то надта цяжка знайсьці! (Сьмяецца.) Набылі няшмат — за кошт крэдыту пабудавалі санвузел, аўтаномную каналізацыю. Газу, як і калгасаў, ніколі ўжо ня будзе. Крэдыт аплачваем сёлета апошні год — ён танны быў, пад 5%. Прыняць можам няшмат — 6 чалавек. Але, як высьветлілася, ня гэта галоўны прыбытак. Асноўнае — сплаў плытоў…»

Юрый: «Так, канкурэнцыі ніякай! Маршрут — Заходняя Дзьвіна, па Нёмане і да Дакудава на кілямэтраў 50. Некаторыя на 8 дзён, сёлета „зборная“ палякаў і студэнтаў 9 дзён сплаўлялася. Намёты свае, нашы толькі плыты. Лета кароткае, ахвотных нямерана — на плыт 5–7 чалавек. Калі больш за 15 чалавек — робім плыты на двух баках, а то і трэці даяднаем, і атрымліваецца 3,5 мэтра на 12 — па 150 даляраў за дзень з гурту на 20 чалавек, на 5 чалавек — 30 даляраў у суткі. Ежу з сабой. Бяруць, бывае, з сабой чалавека, які гатуе. Адбою няма — Менск, Жодзіна, Жлобін, Барысаў, Ліда, Гродна…»

Карэспандэнт: «Вы раней увайшлі ў грамадзкае аб’яднаньне „Агра- і экатурызм“…»

Сьвятлана: «Так, яны супрацоўнічаюць зь Белаграпрамбанкам, які з добрай паліграфіяй выдае рэклямныя буклеты. А так нам адной пагалоскі хапае — на год наперад замаўляюць. Мы манапалісты, бо яшчэ ніхто не рызыкнуў укласьці грошы ў матэрыялы, канструкцыю — плыт трымаецца на авіяцыйных баках. Кіруецца плыт вёсламі і прысамі ўніз па цячэньні. Кіруюць самі…»

Карэспандэнт: «У штормах былі?»

Юрый: «Былі! Навесы на цьвіках зрываюць! Таму рэчы прыбіваем, бо давай нырца за імі потым. Выратавальных камізэлек тры дзясяткі…»

Карэспандэнт: «Ад таго, што ў палітыцы, ваша справа не залежыць?»

Сьвятлана: «Ужо не залежыць! Прыбытак ад нас ня велькі мясцовай уладзе, але прыяжджаюць да нас людзі зь вялікімі пасадамі».

Карэспандэнт: «Сьвета, але ты была назіральніцай на выбарах ад „Вясны“?»

Сьвятлана: «У нас дагэтуль добрыя адносіны з праваабаронцамі Віцем Сазонавым, Валодзем Хільмановічам з ТБМ і фонду Льва Сапегі. Увогуле, крызіс, наша зьнешняя палітыка паўплывала, што замежных турыстаў становіцца ўсё менш — яны палохаюцца таго, што там пішуць пра Беларусь! Пытаюцца — а ці праўда гэта?»

Карэспандэнт: «Дык што, Дакудава стане аграсядзібнай вёскай?»

Спадарства: «Ня думаем. У раёне 27 аграсядзібаў, у сельсавеце — 9. Але ня колькасьць вырашае сёньня — якасныя прапановы, цікавыя. Тады людзі будуць плаціць грошы, і нядрэнныя. Наш сусед казаў — дастаткова мне прыняць карпаратыў, і месяц жыву. Галоўны мінус усіх сядзібаў, што тут спэцыялізуюцца на лазьне-гарэлачным турызьме, якога больш пытаюцца. Але! Такіх кліентаў становіцца ўсё менш…»

На двары падышоў да дачкі Агаркаў — Ксюшы:

Карэспандэнт: «Ксюша, а ты ў аграсядзібе як сябе бачыш?»

Ксюша: «Гаспадыняй! Хачу клюмбаў, другі паверх пабудаваць — пакуль мары…»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG