Хто пераломіць – адзінае пра што думаеш у душы, калі спрачаесься пра палітыку, беларушчыну, будучыню.
Хто пераломіць – адкуль ён возьмецца, чым будзе дужы, як аб'яднае ўсіх? – вось што важна. Можа быць, гэты хто – мы ўсе разам і ёсьць?
Але важнае на нашых форумах, як муха ў малацэ, тоне ў зацятых баталіях пра выбары-байкот, пра расейскамоўную беларускую культуру, пра тэрміновую неабходнасьць зьмяніць назву краіны і нацыі, пра эмігрантаў, якія «лезуць», пра гранты, агентаў КДБ... Словам, «вакол ворагі і здрада». Адна цёця пісала свой доўгі камэнтар, спрабавала нешта даказаць, а ўрэшце плюнула і падвяла рысу: Як жа я вас усіх ненавіджу!..
Насамрэч справа ня ў тым, хто «разваліў БНФ» – тут ёсьць бакі, а таму заўсёды будуць вэрсіі; і ня ў тым, хто зьехаў, а хто застаўся; і ня ў тым, хто за якія грошы жыве і г.д. Справа ў тым, хто пераломіць. Калі вы прыйшлі, каб кагосьці стаптаць і зганіць, далей можаце не чытаць. Бо гэта значыць, што нашы інтэнцыі не супадаюць і тое, хто пераломіць, вас не асабліва цікавіць.
Ужо досыць працяглы час мы з калегамі пішам даведнік пра віленскі нэкропаль Росы, дзе пахаваныя дзеячы беларускай гісторыі і культуры. Але ёсьць там мноства помнікаў людзям славутым, але «нічыім», як назваў бы іх пісьменьнік Федарэнка – паўстанцам, што бралі ўдзел у чынах 1831 і 1863 гадоў, архітэктарам, будынкі якіх і сёньня знойдзеш па ўсёй Беларусі, выкладчыкам Віленскага ўнівэрсытэту, гісторыкам, лекарам, артыстам, паэтам... Словам, людзям, знакамітым у свой час на ўсю Беларусь. Надпісы на помніках па-польску і самі яны, напэўна, былі пераважна польскамоўнымі. Але вось што істотна. Яны ў большасьці сваёй не цікавыя ні палякам, ні літоўцам. Яны чыста нашы людзі. І цяпер, калі выйдзе з друку даведнік, усім стане ясна, што да беларускай спадчыны далучылася цэлая кагорта новых герояў.
Перад намі стаяла дылема: браць гэтых «палякаў» ці ня браць? Яны збольшага ўраджэнцы Беларусі, чые подзьвігі і даробкі прысьвечаныя нашаму краю. І мы вырашылі пераламаць сытуацыю. Кніга будзе называцца: «Росы. Беларускі нэкропаль». Там толькі факты і цэлы калектыў вядомых аўтараў. Цяпер, калі яна выйдзе, не заўважыць яе будзе немагчыма.
Але гэта ўсяго адзін маленькі прыватны прыклад – з Росамі.
Калі літоўцы прыйшлі ў Вільню ў 1939-м, у Вільні літоўцаў было менш за два адсоткі. Я спытваў у Лявона Луцкевіча, сьведкі падзеяў, як ён успрыняў тое, што ягоная Вільня будзе літоўскай? Як дзіўны сон – адказаў карэктны дзядзька Лявон. Але за гады літоўцы пераламалі сытуацыю. Ці амаль пераламалі. Цяпер іх у Вільні больш за палову.
Сварыцца і ненавідзець адны адных можна да бясконцасьці, але гэта не пераломіць сытуацыі. Калі ж думаць найперш пра гэта, трэба думаць пра прадмет, а не шукаць вінаватых і не выкрываць, хто кім быў дваццаць гадоў таму, хто дзе жыве і адкуль мае свой дастатак. Пакіньце гісторыю гісторыкам. Вазьмеце з гісторыі агонь, а ня попел.
У 1994-м Лукашэнка прыйшоў у Беларусь, якая спакваля пачынала быць нармальнай краінай. Пачалася беларуская адукацыя, зьявіліся беларусацэнтрычныя падручнікі гісторыі і Шадзько сьпяваў у тэлевізары «Пад зоркаю Пагоні». Але Лукашэнка пераламаў сытуацыю. І цяпер уся грамадзкая цікавасьць да сваёй краіны зводзіцца да скандалаў вакол пагарэлага Эўрабачаньня і посьпехаў БАТЭ. А так людзі проста жывуць. У самой тэмы «мая краіна» няма ні разьвіцьця, ні напаўненьня. Ёсьць Лукашэнка, і гэтым усё сказана.
Нармальна гэта? Ненармальна. Асабліва для тых, хто ведае і любіць Беларусь і зь ніякімі лукашэнкамі асацыяваць яе ня можа, хто лічыць, што сытуацыю трэба пераламаць. Але як?
Вось, да прыкладу, ліцьвінства. Ёсьць такая ідэя і адзін дзядзя яе паўтарае на ўсіх форумах з упартай пасьлядоўнасьцю: усе беды Беларусі ад яе назвы. Трэба назву памяняць і – загляне сонца ў наша ваконца. Але як гэта зрабіць практычна? Як тут пераламаць сытуацыю, калі звычайныя людзі нічога пра гэта ня чулі і ВКЛ расшыфроўваюць як «выканаўчы камітэт»... Выдаць сто кніг мільённым накладам, стварыць сто сайтаў зь мільённым наведваньнем, запачаткаваць мільённы народны рух за перайменаваньне беларусаў у ліцьвінаў...
Пераламаць, пераламаць, пераламаць.
Калі ж ідэю трансьлюе адзін дзядзя, ну хай іх будзе два дзясяткі, такіх дзядзяў, і ніхто не далучаецца, дык сама ідэя ад бясьсільля ператвараецца ў яшчэ адну расколіну грамадзянскай супольнасьці, дзе тыя ненавідзяць гэтых, якіх ня могуць пераламаць.
Нядаўна Станіслаў Шушкевіч выказаў талковую думку пра аб'яднаньне апазыцыі. Маўляў, аб'ядноўвацца трэба і магчыма дзеля чагосьці (каб пераламаць, дадам), а ня проста дзеля аб'яднаньня. У якасьці прадмету ён назваў беларускую мову – гаварыце па-беларуску і гэта вас аб'яднае лепш за любыя падпісаныя дэклярацыі. Аб'ектыўна аб'яднае ў накінутым уладамі рускамоўным асяродзьдзі. Штодня будзеце сутыкацца з супрацівам дзяржаўнае прапаганды, затое людзі вас пазнаюць і за пасьлядоўнасьць і ахвярнасьць пачнуць паважаць. Ніхто ня скажа, што вы агенты Захаду ці Масквы, якія існуюць толькі дзеля ўласных грантавых інтарэсаў. Бо вы ўжо больш беларускія за сваіх апанэнтаў, вы гаворыце па-беларуску.
Думка талковая, бо яна пра – пераламаць. Улады ломяць Беларусь на расейскі лад, а вы, наваліўшыся ўсёй масай сваёй, пераламіце сытуацыю на лад уласны, беларускі. Захаваеце мову – найвялікшую каштоўнасьць нацыі, атрымаеце сваё lego, зь якога можна складаць якія заўгодна палітычныя канструкцыі, а стане вас шмат – дык не выходзячы на плошчу, будзеце плошчай – штодзённай і штохвіліннай, а самае галоўнае – зь ясным плянам дзеяньня, якім ужо ёсьць гаварэньне па-беларуску.
У такім моўным паспалітым рушэньні сама сабой праверыцца сутнасьць тых, каго вы сёньня называеце грантасосамі, агентамі КДБ ці палітрукамі. Бо рэальным агентам і грантасосам давядзецца зрабіць няпросты выбар, а ў выніку іх колькасьць у грамадзянскай супольнасьці зьвядзецца на мізэр. Толькі дайце ім гэты выбар зрабіць.
Хто пераломіць? Здаецца, так проста...