Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У жаночы рух трэба прыцягваць мужчын


8 сьнежня ў Менску прайшла канфэрэнцыя «Жаночы рух у Беларусі: выклікі, дасягненьні, пэрспэктывы», якая прымеркаваная да 20-годзьдзя жаночага руху ў краіне.

Падчас імпрэзы была прэзэнтаваная Нацыянальная гендэрная плятформа, прыняты зварот да Нацыянальнай рады па гендэрнай палітыцы пры Савеце Міністраў.

Ініцыятар правядзеньня канфэрэнцыі — грамадзкае аб’яднаньне «Жаночы незалежны дэмакратычны рух», якое было заснаванае ў 1992 годзе.
Нягледзячы на тое, што нагода сьвяточная — 20-годзьдзе жаночага руху, у цэнтры ўвагі былі ня толькі дасягненьні і здабыткі, але і абмеркаваньне праблем, бар’ераў, вострых пытаньняў.

Старшыня «Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху» Людміла Пеціна кажа:

Людміла Пеціна
Людміла Пеціна
«Гендэрная палітыка ў Беларусі існуе дзякуючы жаночым арганізацыям, жаночаму руху. І тое, што такія найбольш вострыя праблемы жанчын вынесены на абмеркаваньне ў грамадзтве, на іх засяроджана ўвага — гэта таксама вялікі ўнёсак менавіта грамадзкіх арганізацыяў. І самае галоўнае — сёньня мы ўсе прыйшлі да высновы неабходнасьці кансалідацыі. І падмуркам для гэтай кансалідацыі будзе Нацыянальная гендэрная плятформа, якая стане якраз тым ідэалягічным, стратэгічным падмуркам для нашай далейшай працы».

Жаночыя арганізацыі звычайна асьвятляюць, уздымаюць на хвалю грамадзкай бачнасьці праблемы, а дапамагаць вырашаць іх павінна дзяржава, перакананая адмыслоўца ў гендэрных дасьледаваньнях, дацэнт Белдзяржунівэрсытэту Людміла Сідорская:

Людміла Сідорская
Людміла Сідорская
«Магчымасьці грамадзкіх арганізацыяў непараўнальна меншыя за магчымасьці дзяржавы. І задача грамадзкіх арганізацый — рабіць бачнымі для дзяржавы пэўныя праблемы, каб дзяржава прымала законы, прымала пастановы, якія б вырашалі гэтыя праблемы сыстэмна».

Старшыня міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» Ірына Альхоўка распавяла пра надзвычай вострую праблему хатняга гвалту і адкрыцьцё «гарачай лініі» для ахвяраў і пацярпелых. «Гарачая лінія» запрацавала дзякуючы намаганьням менавіта грамадзкіх арганізацый. І мара спадарыні Альхоўкі...

«Каб нас успрымалі не як хуткую дапамогу — вось няма ў нас крызісных цэнтраў для ахвяраў хатняга гвалту, давайце грамадзкія арганізацыі прыцягнем, а каб нас ўспрымалі як партнэраў, зь якімі можна будаваць роўнавартасныя адносіны».

У многіх краінах у рухах за гендэрную роўнасьць вельмі актыўна удзельнічаюць мужчыны. На сёньняшняй канфэрэнцыі ў Менску ў залі прысутнічаў толькі адзін мужчына — прадстаўнік Беларускага Хэльсінскага камітэту. Але Людміла Пеціна спадзяецца, што і Беларусі павінны пачацца зрухі:

«Некалькі дзён назад мы пачалі працэс падпісаньня мэмарандуму па рэалізацыі Нацыянальнай гендэрнай плятформы, і першымі падпісантамі сталі лідэры палітычных партыяў — гэта былі ў большасьці мужчыны. І гэта таксама сьведчыць пра тое, што працэс пайшоў».

Старшыня «Гендэрных пэрспэктываў» Ірына Альхоўка перакананая:

Ірына Альхоўка
Ірына Альхоўка
«Гендэрная палітыка заўсёды прадугледжвае парнасьць. І сёньня мы павінны задумацца пра тое, каб у жаночы рух прыцягваць мужчын. Мужчын, якія выступаюць супраць хатняга гвалту, мужчын, якія пакутуюць ад іх спэцыфічных гендэрных праблем — гэта рэпрадуктыўнае здароўе мужчын. Аргумэнты, якія мы прыводзім, павінны быць выгодныя для мужчын, яны павінны быць карэктныя. Мы не павінны адштурхоўваць мужчын ад жаночага руху. Яны павінны быць нашымі саюзьнікамі».

І ўсё ж жаночы рух павінен яшчэ гучней заяўляць пра сябе, нават рэклямаваць і «піярыць» свае здабыткі і дасягненьні, перакананая Ірына Вештарт:

Ірына Вештарт
Ірына Вештарт
«Калі я, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Грамада“, кажу сёньня, што я амаль нічога ня ведала пра дзейнасьць многіх жаночых арганізацый, то нашы жанчыны ў рэгіёнах яшчэ менш ведаюць. Вы мяне разумееце? Мы павінны для пачатку часьцей грукацца ў дзьверы жанчын, нас павінны часьцей і гусьцей чуць, каб хаця б ведалі пра нас».

У Нацыянальнай гендэрнай плятформе, якая была прэзэнтаваная на канфэрэнцыі, асобны разьдзел — што павінен зрабіць урад. Перш за ўсё — распрацаваць і прыняць закон «Аб гендэрнай роўнасьці і роўных магчымасьцях», які б утрымліваў дакладнае вызначэньне прамой і ўскоснай дыскрымінацыі, мэханізмы абароны правоў жанчын у эканамічным, грамадзкім і прыватным жыцьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG