Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь мёртвымі сам-насам


Галоўная праблема нашай гісторыі — праблема катаў і ахвяраў. Так некалі ставіў пытаньне Васіль Быкаў.

У Беларусі праблему гістарычнай праўды і справядлівасьці закрылі два дзесяцігоддзя таму. Вуліцы, плошчы, гарады, пасёлкі, прадпрыемствы носяць імёны асобаў, вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасьці. Непарушна стаяць іх помнікі і вісяць партрэты ў музэях і кабінэтах. Трупная пляма фальшывай «лініі Сталіна» раз’ядае ня толькі пагоркі пад Заслаўем. Цудам яшчэ ня зьнішчаныя Курапаты.

Маладое пакаленьне, школьнікі і студэнты, у масе сваёй проста ня ведае сваёй гісторыі. Старыя баяцца яе ўспамінаць: у мэмуарнай кнізе «Знаёмыя постаці» тады 84-гадовага паэта Міколы Аўрамчыка, якая выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» у 2004-м, шмат асабістых згадак пра пісьменьнікаў, паэтаў, крытыкаў 30-х гадоў. Ва ўсёй кнізе, здаецца, толькі аднойчы згадаваецца жах рэпрэсій, якія зьнішчылі эліту нацыянальнай культуры — і згадваецца наступнай фразай: «Пасьля шматлікіх стрэсаў, што амаль на працягу дзесяцігоддзя безупынку малацілі беларускую літаратуру...» Разьдзел называецца «Незабыўнае».


Да Сталіна цяперашняму кіраўніку Беларусі яшчэ далёка, як ён сам прызнае, хоць і тупае ў гэтым накірунку і валачэ за собой краіну ён старанна. Жыцьцём у спыненым часе называе мой калега Сяргей Дубавец сёньняшнюю Беларусь. Калі беларускі час спыніўся, можна спрачацца: нехта назаве 29 кастрычніка 1992-га, калі быў забаронены рэфэрэндум аб роспуску Вярхоўнага Савета. Нехта — рэфэрэндум 1995-га, які дабіваў мову, нехта рэфэрэндум 1996-га, які перакроіў канстытуцыю, нехта выбары прэзыдэнта, нехта правал імпічмэнта, нехта зьнікненьні і забойствы палітыкаў.

Усе маюць рацыю. Я таксама лічу, што адкат пачаўся яшчэ да першага прэзыдэнта, і мае дакладную «кропку невяртаньня» — 3 лютага 1993. У той дзень Вярхоўны Савет 12-га скліканьня аднавіў у правах камуністычную партыю. Старому часу, пахаванаму пад абломкамі разбуранага путчу ў жніўні 1991-га, у Беларусі працягнулі руку, выцягнулі з труны і запрасілі за вясельны стол. Справа была, канечне, не ў канкрэтных партсакратарах малафеевых і сакаловых — а ў тым, што была адкінута гістарычная праўда і справядлівасьць, кардынальна зьменены маральныя каардынаты часу. Усе старыя злачынствы і злачынцы дыхнулі магільным смуродам і вясельле нараджэньня незалежнай Беларусі стала неадрозным ад хаўтураў па ёй.

У спыненым часе амаль нічога не састаравае.

На завяршэньне гэтай сэрыі публікацый на Дзяды з кнігі «За кіпучай чэкісцкай работай» паўтару свой дваццацігадовай даўніны выступ з той лютаўскай нагоды на Свабодзе. Ён называўся

РЭАБІЛІТАЦЫЯ КАТАЎ

Мы зноў засталіся з нашымі мёртвымі сам-насам.

Як цяпер ісьці ў Курапаты, што казаць нашым дзядам, якія ляжаць naд соснамі?

Як растлумачыць, чаму вернутая зь небыцьця партыя-вампір, ненажэрная людаедзкая банда, што дзесяцігодзьдзямі гвалтавала беларускі народ, ірвала на кавалкі ягоныя землі і прадавала іншаземным дзяржавам, таптала мову і паліла кнігі, душыла лепшых сыноў і дачок і тысячамі клала ў вялікія і малыя Курапаты, на тры гады кінула ў акупацыю, а потым працягнула гэтую акупацыю сама, пасыпаўшы на разьвітаньне радыёактыўным попелам ды подла схаваўшы сваё чарнобыльскае злачынства ад людзей?..

188 дэпутатаў Вярхоўнага Савету рэанімавалі КПСС-КПБ. Апроч партыйных сакратароў, сярод іх ёсьць навукоўцы і настаўнікі, генэралы і дырэктары... Страхавітаму камуністычнаму Вію паднялі павекі — і быццам нічога, ніхто не зьнерухомеў. Зараз хутка знойдуцца спэцыялісты паразважаць, што аднаўленьне дзейнасьці КПСС-КПБ нічога не мяняе ў Беларусі.

Гэта ня так. Роспуск кампартыі ў жніўні 1991 году — адзіны, першы і апошні акт хаця б умоўнай справядлівасьці. Ніхто не панес пакараньня асабіста. Усё, абсалютна ўсё сышло з рук. І таму пастанова, прынятая парлямэнтам 3 лютага — ня толькі сорам на ўвесь сьвет. Гэта, найперш, трыюмф катаў і абраза мільёнаў ахвяраў — і тых, хто ўжо ляжыць у зямлі, і тых, хто, як дзеці Чарнобыля, туды заўчасна пойдзе.

Нашы мёртвыя цяпер могуць пакінуць нас, бо мы не абаранілі іх ад пасьмяротнае зьнявагі. I тады гэта знак непапраўнае бяды. Бо так, бяз памяці, без аховы продкаў загінем, сыдзем у нябыт з карты Эўропы, і толькі кампартыйныя пацукі будуць лётаць ненажэрнымі зграямі па чарнобыльскіх абшарах таго, што некалі звалася Беларусяй.

Радыё Свабода, 4 лютага 1993 г.


Адзін дзень Макара Гарбачэўскага
Тайна сьмерці харошых камуністаў
Цанава
Прыродныя бальшавікі
Тайная вячэра
«За кіпучай чэкісцкай работай».
Пеможцы сацспаборніцтва
Баліць чэкісцкае сэрца
Лісты на «волю»
195 прозьвішчаў катаў

"За кіпучай чэкісцкай работай" (цалкам) у PDF

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG