Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя адной маніпуляцыі


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец
Ян Максімюк напісаў: бракуе літаратурнай крытыкі. Я напісаў: давайце пазытыўныя перамены зьвязваць з пашырэньнем мовы. Сідарэвіч напісаў: напішу ў Амэрыку, каб звольнілі Максімюка з працы. Някляеў напісаў: у гэтай палеміцы ніхто ня мае рацыі. Букчын напісаў: уся гэтая палеміка – камунальная кухня. Вось прыйдзе страшны дзядзька Лукашэнка і ўсіх разгоніць!..

Між тым, ніякай палемікі ў мяне з Максімюком (тым больш, зь Сідарэвічам) не было. Хто пра быка, хто пра індыка. Брак крытыкі і пашырэньне мовы, згадзіцеся, розныя рэчы. Больш за тое, у нас зь Янам погляды на гэтыя тэмы супадаюць. Трэба больш крытыкі, згаджаюся я. І трэба пашыраць мову – не запярэчыць Ян. Дзе тут палеміка? Між тым, «Наша Ніва» дае тэксту Някляева загаловак: «Уладзімер Някляеў адказвае на палеміку Максімюка, Дубаўца і Сідарэвіча».

Атрымліваецца чыстай вады маніпуляцыя. Бо такім чынам дзьве розныя дыскусіі скрыжоўваюцца ў «боб з гарохам» і мала таго, што перастаюць разьвівацца, але натуральным чынам зводзяцца да ўзроўню камунальнай кухні, што дае падставы шаноўнаму Сямёну Букчыну як мухабойкай прыхлопнуць усё гэта адным кароткім фэльетонам. Узьнятыя тэмы пашырэньня мовы і разьвіцьця літаратурнае крытыкі выглядаюць пустаслоўнымі і ня вартымі працягу размовы.

Пытаньне – навошта? Я ж ведаю, што і мова і крытыка ніколі не былі для Букчына тэмамі чужымі, дзе яму няма чаго сказаць. Наадварот. Але тут падставаю стала менавіта маніпуляцыя «Нашай Нівы». Някляеў у сваім адказе для гэтага выданьня зрабіў мікс капусты ў агародзе і кіеўскага дзядзькі. У выніку праблемы перасталі нешта значыць, а на першае месца выйшла нікчэмнасьць «палемістаў». І тут мухабойка літаратурнага мэтра Букчына проста не змагла ўляжаць на месцы. У пэўным сэнсе Сямён Уладзімеравіч сам стаў ахвярай нашаніўскае маніпуляцыі.

Ня думаю, што і шаноўнаму паэту-палітыку тэмы крытыкі і мовы абыякавыя. (Хоць пераважная рускамоўнасьць ягонай кампаніі «Говори правду» і можа схіліць да такой думкі.) Хутчэй патлумачу гэта празьмернай адкрытасьцю паэта-палітыка для маніпуляваньня.

Ня буду апісваць пэрспэктывы моўнае дыскусіі – у яе ўключыліся дзясяткі ці нават сотні людзей, якія раней пра гэта ніколі не пісалі, а магчыма, і не задумляліся. Цяпер жа ня ўлічваць выступу паважанага Някляева ў паважаным выданьні пры далейшым разьвіцьці дыскусіяў пра мову і пра крытыку немагчыма. Але і ўлічваць па-сутнасьці няма чаго.

Галоўнымі ж ахвярамі сталі тэмы, вартыя абмеркаваньня, а значыць – збліжэньне пазыцыяў незалежнага грамадзтва ў гэтых праблемах. Ня ведаю, каму менавіта прыносіць задавальненьне выкарыстоўваць імя знакамітага паэта для таго, каб разбураць такім чынам парасткі паразуменьня. Адно шкадую, што мы зноў будзем падымаць названыя праблемы і зноў круціць размову з нуля, раздражняючы публіку (ды зноў вы пра мову, ды зноў вы пра крытыку) гэтай самай нулявой пазыцыяй.

А тым часам у рэале ні мовы, ні крытыкі больш ня робіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG