Тэма, якая на працягу дзесяцігодзьдзяў нязьменна гучыць у пошце «Свабоды» — становішча беларускай мовы, дыскрымінацыя беларускамоўных грамадзянаў, дзяржаўная палітыка, накіраваная на выцісканьне мовы з грамадзкага ўжытку. Лісты нам дасылаюць у асноўным тыя людзі, якія шчыра заклапочаныя станам беларускай мовы і спрабуюць яе абараняць. Зрэшты, у дзяржаўнай моўнай палітыкі, якая грунтуецца на даўно вядомым у Беларусі прынцыпе «кто как хаціт, тот так і гаварыт», таксама ёсьць прыхільнікі.
Вось што піша з гэтай нагоды наш слухач Пётар Чавусаў зь Менску, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову:
«У вашых перадачах „Нашы дзеці“ расказваецца, як цяжка адбываецца працэс далучэньня дзяцей да беларускай мовы нават у тых сем’ях, дзе бацькі зацікаўленыя ў гэтым. Нескладана ўявіць, што такія цяжкасьці будуць у сотні разоў большымі, калі да беларускасьці будуць схіляць прымусова.
А ў вас на „Свабодзе“ становішча беларускай мовы драматызуецца, значэньню гэтай мовы ў нашым жыцьці надаецца перабольшаная ўвага. Усё гэта ўяўляецца мне надуманым. У нашай краіне цяпер створана найлепшая абстаноўка ў гэтай справе: можна гаварыць і пісаць на любой мове — расейскай, беларускай, польскай, украінскай ды іншых...
Нават калі ўсе загавораць на беларускай мове, у краіне ня зьявіцца больш кватэраў, не ўзрасьце наш дабрабыт, людзі ня будуць лепш ставіцца адзін да аднаго.
Таму такія перадачы толькі псуюць настрой і выклікаюць расчараваньне ў прыхільнікаў беларускай мовы і раздражненьне — у іхных апанэнтаў».
Не заўсёды задавальняе асьвятленьне на Радыё Свабода моўнай праблемы і яшчэ аднаго нашага слухача — Міколу Віцязя зь Белаазёрску Бярозаўскага раёну. Але зусім зь іншай прычыны. Думаю, ліст зь Белаазёрску можа служыць добрым адказам на вашы, спадар Пётар, закіды. Мікола Віцязь, разважаючы пра адну зь нядаўніх перадач «Праскі Акцэнт», прысьвечаную моўнай тэме, піша:
«Ці ж нельга было абысьціся без рускамоўнай русыфікатаркі Чарняўскай? Уражаньне такое, што перадача накіраваная на апраўданьне гвалтоўнай русыфікацыі беларусаў і падвядзеньне пад гэта псэўданавуковай базы. Сама назва перадачы („На якой мове размаўляе беларус?“) — недарэчная па сваёй сутнасьці. Трэба спачатку гаварыць пра тое, чаму беларусы пачалі размаўляць па-расейску. Калі заараць жыта ды пасеяць кукурузу — дык вядома, што на гэтым полі ўзыдзе кукуруза. Так і беларуская мова: яе на працягу двух стагоддзяў нішчылі расейскія русыфікатары, а цяпер працягваюць нішчыць менскія. Яна пазбаўлена ўмоў для існаваньня. Колькі соцень тысяч сапраўдных беларусаў было зьнішчана ў Курапатах і ГУЛАГу з таўром „нацдэмаў“! Энкавэдысты расстрэльвалі толькі за тое, што чалавек меў сьвядомасьць беларуса і размаўляў на роднай мове. За адну толькі ноч у кастрычніку ’37-га году ў Курапатах расстралялі 19 беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў. Ліквідавалі нават свой бальшавіцкі ўрад БССР.
Русыфікатары крывадушна параўноўваюць сёньняшнюю моўную сытуацыю ў Беларусі са Швайцарыяй. Маўляў, там чатыры дзяржаўныя мовы, а ў нас дзьве. Але гэта нават не паўпраўда. У Швайцарыі любы чыноўнік павінен ведаць усе дзяржаўныя мовы і даваць адказ на той, на якой да яго зьвярнуліся. А ў нас?
Заходжу неяк на пошту, прашу канвэрт за мяжу. Дзяўчына лыпае вочкамі: не разумее.
Ці наведваю аддзяленьне „Прыёрбанку“ ў нас у Белаазёрску. Кажу: хачу ахвяраваць грошы. Жанчына вінавата глядзіць з-за вакенца: ня можа ўцяміць, чаго я ад яе хачу...
„Свабода“ павінна адкрыта казаць пра ўсе спробы апраўданьня русыфікацыі, выкарыстаньня расейскай мовы як забойчага інструмэнта супраць Беларушчыны, дзеля зьнішчэньня беларускай нацыі».
Мяркую, гэтыя два лісты, у якіх утрымліваюцца дыямэтральна процілеглыя ацэнкі таго, як моўная праблема асьвятляецца на хвалях «Свабоды», сьведчаць якраз пра тое, што мы стараемся выкладаць разнастайныя пункты гледжаньня, каб нашы слухачы мелі поўнае ўяўленьне пра гэтую надзвычай складаную і актуальную для Беларусі праблему. У грамадзтве няма адзінства ў ацэнцы моўнай сытуацыі — і гэта натуральным чынам знаходзіць адлюстраваньне і ў нашых перадачах. Гэта, зрэшты, зусім не азначае, што «Свабода» не зьвяртае ўвагі на шматлікія факты дыскрымінацыі беларускай мовы ў грамадзкім ужытку і не спрыяе тым, хто дамагаецца справядлівасьці і рэальнай (а ня толькі дэкляраванай) роўнасьці ў моўным пытаньні.
Многія нашы слухачы працягваюць абмяркоўваць нядаўнія пагрозы Аляксандра Лукашэнкі на адрас тых ільготнікаў, якія рознымі хітрыкамі атрымалі ад дзяржавы таннае жытло (хоць мелі дзе жыць і раней), а цяпер здаюць новыя кватэры ў арэнду па рынкавых коштах. Лукашэнка прыгразіў, што такія кватэры ўлада «імем рэвалюцыі» будзе адбіраць. Ліст на гэтую тэму — ад нашага даўняга слухача і аўтара Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:
«А ў каго ён адбярэ? Хіба невядома, каму панадавалі лішніх кватэраў? Ясна ж: тым, хто гэтыя кватэры разьмяркоўваў, у каго ўлада і грошы. Дык у каго адбіраць? У сына пракурора ці ўнука банкіра? Я ў гэтай сувязі згадваю, як Лукашэнка толькі ішоў да ўлады і кляўся, што разьбярэцца і паадбірае пабудаваныя за бесцань чыноўнікамі катэджы ў прыгарадах (Тады якраз бурна разгарнулася такое будаўніцтва). І чым усё скончылася? Нешта там правяралі, але ні ў кога (ці амаль ні ў кога) нічога не адабралі. Аказалася, усё законна: і тое, што бясплатную зямлю давалі, і што дзяржаўныя крэдыты бралі пад сьмешныя працэнты пры гіпэрінфляцыі...
Вядома, сёе-тое перапала і простым людзям. Асабіста я ведаю такі выпадак. Дзеду-вэтэрану 86 год, яму далі кватэру ў Менску, ён там прапісаны, а вымушаны жыць у вёсцы. Дзеці ды ўнукі здаюць тую кватэру за вялікія грошы, а дзеда зусім закінулі. Не даглядаюць яго, ім абы грошы. У дзеда пэнсія каля двух мільёнаў, а глядзець няма каму. Хата ў яго шлякавая, як стайня...
Спрабуюць хітраваць і іншыя людзі. Ведаю такую сям’ю: муж з жонкай адмыслова разьвяліся, каб кожны мог стаць на чаргу. Цяпер маюць дзьве кватэры — ёсьць куды пасяліць дзяцей».
Адметна, што на загад Аляксандра Лукашэнкі ўжо паступаюць першыя справаздачы ад чыноўнікаў наконт зробленага ў гэтай справе. Так, зь менскай кватэрнай чаргі нядаўна выключылі амаль дзевяць тысяч чалавек. Нехта ўжо карыстаўся ільготным крэдытам і атрымліваў жытло ад дзяржавы, нехта мае кватэру ў іншым рэгіёне. Прычым праверылі пакуль толькі чвэрць усіх чаргавікоў. А ўсяго ў чарзе толькі ў Менску 269 тысяч чалавек. Колькі сярод «вычышчаных» чыноўнікаў, іхных дзяцей ды іншых сваякоў — не паведамляецца.
Наступны ліст даслаў нам Алесь Сувораў са Смаргоні. Слухача турбуе праблема дзяржаўнага кантролю за некаторымі аб’ектамі, якія патэнцыйна ўяўляюць небясьпеку для грамадзтва. Спадар Алесь піша:
«Днямі прагучала інфармацыя, што ўлада вырашыла ўзяць пад жорсткі кантроль гульнявы бізнэс. Але зусім не зразумела: як гэта будзе адбывацца? Хто гэтым зоймецца?
Апошнім часам таксама часта абмяркоўваецца пытаньне пра небясьпеку, якую можа ўяўляць Астравецкая АЭС, якую цяпер будуюць. Але для нас, жыхароў Смаргоні, нашмат бліжэйшая цяпер іншая экалягічная праблема. Зьвязаная яна зь дзейнасьцю дрэваапрацоўчай кампаніі „Кронаспан“. Хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўвае гэтая вытворчасьць, атручваюць атмасфэру ў радыюсе трох кілямэтраў. А фільтры, якія павінны выкарыстоўвацца, каштуюць вельмі дорага (кажуць, што 200 тысяч эўра), і іх трэба мяняць кожныя два гады. Але нешта сумнеўна, што камэрцыйная кампанія будзе выдаткоўваць на экалёгію такія грошы. Людзі, якія жывуць побач, у сувязі з гэтым устрывожаныя і занепакоеныя».
Дзяржаўных кантралёраў у Беларусі столькі, што прымусіць адну невялікую кампанію выконваць як сьлед экалягічнае заканадаўства ня ёсьць вялікай праблемай. Іншая справа — ці зацікаўленыя чыноўнікі ў тым, каб трымаць гэтую справу пад увагай і рэагаваць на любыя парушэньні. Якраз у такіх сытуацыях патрэбен грамадзкі кантроль. Хто, як ня самі тыя жыхары, што жывуць у небясьпечнай зоне, здольны пільна прасачыць за дакладным выкананьнем усіх экалягічных нормаў?
Праблема ў тым, што да любых падобных грамадзкіх ініцыятыў улада ставіцца падазрона і зь недаверам. Яскравы прыклад — жорсткі міліцэйскі перасьлед тых экалягічных актывістаў, якія спрабуюць прыцягнуць грамадзкую ўвагу да праблемы Астравецкай АЭС. Хоць тыя наступствы, да якіх можа прывесьці аварыя на ядзерным аб’екце, не ідуць ні ў якае параўнаньне са шкоднымі выкідамі нейкага дрэваапрацоўчага цэху.
На заканчэньне — кароткі ліст ад Віктара Лісоўскага зь Менску, які даўно і ўважліва слухае «Свабоду». Спадар Віктар піша:
«Атрымаў ваш ліст са свабодаўскімі каляндарыкамі, дзякуй. Дарэчы, капэрта была нахабна растрыбушана. Беларускае гестапа не саромеецца, дае зразумець, што ў яе ўсё пад кантролем. Але мы, таварыш маёр, цябе не баімся, так і ведай. І цэнзура твая бясьсільная перад праўдай.
Рэгулярна слухаю вашы перадачы. Асабліва падабаюцца „Званочкі“ Яна Максімюка, а таксама сэрыял „Саўка ды Грышка“ Лявона Вольскага. Цаню дасьціпны гумар!
Спампаваў з вашага сайту кнігу Алега Грузьдзіловіча „Хто ўзарваў менскае мэтро“. Перадайце, калі ласка, падзяку пану Грузьдзіловічу і пажаданьні посьпехаў».
Дзякуй, спадар Віктар, вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by