Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прага і Брно, Гашак і Грабал, піва і сьлівовіца


Чарговы госьць у Café Europa - Сяргей Сматрычэнка, філёляг-славіст, перакладчык, рэдактар, выкладчык чэскай і славацкай моваў, заснавальнік і куратар кніжнай сэрыі «Чэская калекцыя» ў выдавецтве Ігара Логвінава. Жыве і працуе ў Брне (Чэхія).

Сяргей Шупа: Вы жылі і працавалі ў Беларусі, Аўстрыі, цяпер — у Чэхіі. У якой краіне вы дома?

Сяргей Сматрычэнка: Для мяне дом там, дзе мне ўсё знаёма, дзе ўтульна і прыемна. Там, дзе побач ёсьць самыя блізкія людзі і сябры. Я зусім не хачу абмяжоўваць дом нейкай краінай. Фізычна цяпер я жыву ў Чэхіі, і так: мне тут утульна, мне тут усё знаёма, я тут з каханай жонкай, тут мая дачка, нямала сяброў. У Беларусі — мая мама, многія іншыя сябры, калегі — але адлегласьць тысячы кілямэтраў сёньня лёгка пераадольная, да таго ж тэлефон, інтэрнэт — усе сродкі камунікацыі пад рукой. У роднай Беларусі, на жаль, чыньнік утульнасьці спрацоўвае не заўсёды, там шмат нейкіх, скажам так, псыхалягічных ціскаў і раздражняльнікаў. Уласна, гэта не было галоўнай прычынай маіх ад’ездаў — проста пакуль што так складаюцца сямейныя і прафэсійныя абставіны. Дый увогуле, я хутчэй чалавек дарогі, я не магу ўседзець доўга на адным месцы. У межах, у лімітах, у рамках мне цесна, праз кожныя колькі месяцаў я мушу рабіць паўзу і выбірацца некуды, пажадана далёка. Хоць пару тыдняў пабыць у іншым краі, пазнаць іншае жыцьцё — гэта своеасаблівы лек. Разам з тым, у якой краіне я б ні быў, я не перастаю працаваць на Беларусь — назаву гэта вось так гучна. Уся мая дзейнасьць па жыцьці — гэта або папулярызацыя чужой культуры сярод беларусаў, або — наадварот — папулярызацыя беларускай культуры сярод замежнікаў.

Шупа: Часта нашу частку Эўропы выдзяляюць у нейкую гістарычна-культурную цэласьць — Усходнюю Эўропу. Ці нешта такое існуе? Калі так — дзе такая «другая», «іншая» Эўропа пачынаецца і канчаецца?

Сматрычэнка: Ведаеце, чым далей, тым з большым скепсісам я пачынаю ставіцца да розных абагульненьняў, тыпізацыяў, генэралізацыяў. Асабліва калі няма дакладных крытэраў. Гістарычна-культурная цэласьць — гэта, па-мойму, занадта размытае паняцьце. Нават у рамках адной дзяржавы могуць быць абсалютна адрозныя рэгіёны — паводле сваёй гісторыі, архітэктуры, звычаяў, нават мовы. Бельск-Падляскі і Бельска-Бяла, як на мяне, — розныя сьветы. Або паспрабуйце параўнаць Браціславу і, скажам, Гуменнае на ўсходзе Славаччыны. Або Тымішаару і Ясы ў Румыніі. Нехта кажа «Ўсходняя Эўропа», нехта выдзяляе яшчэ «Сярэднюю», аднак які крытэр ні вазьмі — палітычны, моўны, эканамічны, гістарычны, геаграфічны — заўжды знойдуцца нейкія «але», якія не даюць дакладна вызначыць межы гэтага ўтварэньня, а таму я сам стараюся ўжываць падобныя тэрміны выключна асьцярожна. Увогуле, мне цікавая не эфэмэрная «Ўсходняя Эўропа» ў цэлым, а хутчэй унікальнасьці, канкрэтныя рэгіёны, рэгіёнчыкі і мікрарэгіёны, з культурай і гісторыяй якіх знаёмішся не празь вялікія тоўстыя падручнікі, а перадусім праз камунікацыю з канкрэтнымі мясцовымі людзьмі.

Шупа: У Беларусі дый ня толькі існуе стэрэатыпнае ўяўленьне пра Чэхію — усе п’юць піва, усе чытаюць Швэйка, слухаюць Карла Гота... Што праўда, што не? Што нечаканага вы адкрылі ў чэхах, зь якімі стэрэатыпамі давялося разьвітацца?

Сматрычэнка: Стэрэатыпы добрыя хіба для анэкдотаў. Ну і яшчэ часам могуць быць выгадныя, скажам, для турыстычнага бізнэсу. Але я іх ні ў якім разе не прымаю і зь імі не магу пагадзіцца. Увесь час станаўлюся на абарону разнастайнасьці перад генэралізацыяй. Натуральна, існуюць нейкія асаблівасьці, абумоўленыя гістарычным разьвіцьцём, прыроднымі ўмовамі або народнымі звычаямі, але гэтыя асаблівасьці ні ў якім разе нельга ўспрымаць як усеагульную рысу. Хутчэй так: можна абапірацца на статыстыку, калі такая ёсьць, або на падставе доўгіх назіраньняў спрабаваць з больш-менш вялікай доляй праўдападобнасьці разважаць, што чэхам больш уласьціва, а што менш. Ну, скажам, у параўнаньні зь Беларусьсю чэхі часьцей маюць сабак, маюць шырэйшы кругагляд, яны цікаўныя, шмат падарожнічаюць — як па сваім краі, так і за мяжой, яны маюць больш вольнага часу, які праводзяць актыўна, скажам, езьдзяць на роварах ці лазяць па скалах. Нямала чэхаў бавяць час у корчмах, якія звычайна ёсьць нават у маленькіх вёсачках або ў гарах на турыстычных сьцежках, любяць піць піва, але і ня толькі яго. Швэйк належыць хутчэй да школьных чытанак, як у нас, скажам, «Людзі на балоце». А пра Карла Гота — павесялілі. Колькі маю сяброў, прычым рознага веку, — ня ведаю ніводнага, які б цяпер сабраўся і пайшоў на канцэрт Карла Гота. Вядома, такія людзі ёсьць, і, магчыма, нямала, але гэта пераважна людзі старэйшага пакаленьня. У нас таксама знойдуцца тыя, хто пойдзе на канцэрт Кабзона або ўключаць сабе паслухаць ягоныя песьні дома.

На прэзэнтацыі анталёгіі беларускай паэзіі ў Остраве, 2011, зь Віталем Рыжковым, Алесем Разанавым. Справа - Іржы Дзедэчак, старшыня Чэскага ПЭН-клюбу.
На прэзэнтацыі анталёгіі беларускай паэзіі ў Остраве, 2011, зь Віталем Рыжковым, Алесем Разанавым. Справа - Іржы Дзедэчак, старшыня Чэскага ПЭН-клюбу.
Шупа: Я падзялюся адным уражаньнем — пра зьяву, якую я доўга ня мог зраумець. Чэхі — заўзятыя аматары музыкі кантры — яна проста ў душы бальшыні чэхаў. Такога не відаць ня толькі нідзе ў суседзяў, але і наагул у Эўропе. Адкуль гэта і што за гэтым стаіць?

Сматрычэнка: Я вас зноў трошкі расчарую: я так ня думаю. Дакладней, не магу такога сказаць пра бальшыню чэхаў, хоць бы таму, што сярод маіх шматлікіх сяброў і знаёмцаў падобных аматараў кантры вельмі няшмат. Густы ў кожнага свае, дый глябалізацыя наступае. Але з тым, што музыка кантры — гэта фэномэн, я пагаджуся. Фэномэн, які ахапіў досыць шмат людзей, але цяпер адступае. І зьвязаны ён зь яшчэ адным фэномэнам — паходным рухам, які зарадзіўся ў міжваенны пэрыяд, а асабліва пашырыўся ў 50-60-я гады і пазьней. Выехаць некуды на прыроду, стаць лягерам на беразе рэчкі, адтуль выбірацца ўдзень на прылеглыя горкі, на замкі або нейкія руіны, у пячоры, а ўвечары ля вогнішча або ў карчме пад гітару, губны гармонік ці яшчэ што сьпяваць простыя песьні пра простыя рэчы — асабліва ў процілегласьць прапагандысцкім гімнам камуністычнай пары — такое захапіла ў свой час многіх. Уласна, такая музыка блізкая да таго, што мы называем бардаўскай песьняй. Паглядзіце: Шалкевіч таксама сьпяваў спачатку пад гітару, а потым пачаў запісваць песьні ледзь ня з цэлым гуртом. Я ня надта цікаўлюся кантры, але не заўважыў, каб у Чэхіі зьяўляліся і набіралі папулярнасьць нейкія новыя выканаўцы — хутчэй бачу афішы тых, хто сьпявае ўжо гадоў сорак: браты Нэдведы, гурт «Брантазаўры» і падобныя. Сваю публіку яны таксама маюць.

Шупа: Ну, а цяпер я зьвярнуся да вас як да ці не найбольшага беларускага спэцыяліста ў чэскай літаратуры. Дык — што ў ёй ёсьць апрача Швэйка?

Сматрычэнка: Ды, уласна, ёсьць усё. Гэта вельмі багатая, рознабаковая і надзвычай цікавая літаратура, адно што за мяжой пра яе часьцяком маюць досыць цьмянае ўяўленьне, у тым ліку ў нас. Акурат цяпер з Паўлам Касьцюкевічам, мэнэджэрам выдавецтва «Логвінаў», мы абмяркоўваем кнігі, якія варта перакласьці і выдаць у сэрыі «Чэская калекцыя». Ён з гледзішча чалавека, які думае і пра прыбытак, справядліва патрабуе, каб там былі аўтары, вядомыя беларусам, але імёнаў тых літаральна пару: Гашак, Чапэк, Кундэра, Грабал. Са свайго боку, я стараюся — і на будучыню — уключаць таксама тых аўтараў, імёны якіх вельмі мала могуць сказаць нашым чытачам, але іх творы, як на мяне, нічым ня горшыя. Гэта і ўжо даўно клясыкі, і тыя, хто такімі рана ці позна стане. Некаторыя зь іх даўно сышлі, некаторыя жывуць і поўныя сілаў. Назаву аўтара гістарычнай і псыхалягічнай прозы Ўладзіслава Ванчуру, змрочнага псыхоляга Ладзіслава Фукса, чалавека, які перажыў канцлягер, Арношта Лустыга, легендарнага аўтара і выдаўца пісьменьнікаў эміграцыі Ёзэфа Шкворэцкага, дысыдэнта Паўла Когаўта, аматара гатычных раманаў Мілаша Урбана, непераўзыдзенага майстра кароткага апавяданьня Яна Балабана, дзьвюх віртуозных фабулятарак, якія ствараюць гісторыі на аснове рэальных падзеяў, Радку Дэнэмаркаву і Катэржыну Тучкаву, вельмі таленавіты голас наймаладзейшага пакаленьня Пэтру Соўкупаву. У Чэхіі найбагацейшая драматургія. А ў чэскай паэзіі ўвогуле можна патануць. Тут кожны знойдзе сабе нешта на ўласны густ. Згадайма хоць бы адзінага чэскага літаратурнага набэліста Яраслава Сайфэрта, які таксама быў паэтам.

З Вацлавам Гаўлам, Брно, 2008
З Вацлавам Гаўлам, Брно, 2008
Шупа: Калі і як вы захапіліся чэскай мовай і літаратурай? Якім сваім даробкам у беларускай багемістыцы можаце пахваліцца?

Сматрычэнка: Захапіўся адразу ж, калі пачаў чэскую мову вывучаць, то бок амаль дваццаць гадоў таму. Спачатку вывучаў год у гуманітарным ліцэі, а потым збольшага самастойна. Пару разоў, яшчэ студэнтам, удалося трапіць на сэмэстральныя стажыроўкі. Вельмі хутка чэская мова і чэская літаратура сталіся штодзённай патрэбай, таму жыў паводле прынцыпу «ні дня без прачытанага радка па-чэшску». А даробак? Ну, хваліцца не хацеў бы, хай хваляць астатнія, калі заслужыў. Але сёе-тое зрабіў. Ганаруся, што быўшы выкладчыкам БДУ калі не выхаваў, то заўважыў шэраг тых, з каго маглі б стаць — а часам і сталі — добрыя перакладчыкі. Прычым ня толькі з чэшскай мовы. Для студэнтаў зладзіў некалькі конкурсаў перакладу са славянскіх моваў, дапамог з публікацыямі. Заснаваў у выдавецтве Ігара Логвінава сэрыю «Чэская калекцыя», якой стараюся кіраваць дагэтуль. Нешта перакладаю сам, нешта аддаю іншым і як правіла потым пераклад рэдагую. У сэрыі мы выдалі чатыры кнігі, цяпер увосень у друк пойдуць яшчэ чатыры, у тым ліку дзьве ў маім ці часткова маім перакладзе — раман Міхала Вівэга «Цудоўныя гады сабаку пад хвост» і выбраныя эсэ і прамовы Вацлава Гаўла. Было ў мяне досыць шмат часопісных публікацыяў, у тым ліку і вялікіх, — пачынаючы з колішняй «Крыніцы» і заканчваючы «ARCHE» або «ПрайдзіСветам», дзе за пераклад вершаў Вацлава Граб’е год таму атрымаў адзіную сваю літаратурную прэмію. Таксама наадварот, стараюся і чэхаў знаёміць зь беларускай літаратурай, мовай, культурай. Па-чэску ўклаў і часткова пераклаў анталёгіі апавяданьня і паэзіі, штук сем цэлых часопісных нумароў, прысьвечаных Беларусі, або прынамсі асобных літаратурна-аналітычных блёкаў, пяць гадоў таму ў Брно на фэстываль прывёз трыццаць беларускіх літаратараў, а цяпер ладзім тут з калегамі сцэнічныя чытаньні п’есаў беларускіх драматургаў. Тым ня менш, ужо шэраг гадоў мне цеснавата ў рамках толькі чэска-беларускіх сувязяў, я ўсё часьцей раблю гэткія вылазкі далей: ёсьць у мяне шэраг перакладаў са славацкай іншых моваў, уклаў тоўстыя нумары «ARCHE», прысьвечаныя Аўстрыі, Балканам або Славаччыне. У плянах — актыўна працягваць пашыраць кругагляд, асабліва вабяць мяне басьнійцы або вугорцы.

Шупа: Калі гавораць пра Чэхію, у галаву адразу прыходзіць Прага. Але ж Чэхія — гэта ня толькі Прага? Вось жа вы жывяце зусім ня ў Празе... Што такое Чэхія па-за Прагай?

Сматрычэнка: Ведаеце, у мяне душа ляжыць да меншых гарадоў і мястэчак. Як на мяне, Прага ашаламляе навічкоў сваімі помнікамі і краявідамі, але я ўсё менш адчуваю ў ёй мясцовую атмасфэру, яна нівэлюецца перадусім турыстычным бізнэсам. Ня столькі турыстамі, як менавіта імкненьнем зарабіць на іх максымальна грошай. Прага разрэклямаваная настолькі, што многія іншаземцы пра іншыя месцы ў Чэхіі ня ведаюць, а часам ведаць і ня хочуць. Да нас у Брно часта прыяжджаюць у госьці знаёмыя, якім колькі ні прапаноўвай зьезьдзіць паглядзець нешта ў блізкіх ваколіцах — не паедуць, лепш скіруюцца ў Прагу. А калі нейкі дзень і выдзеляць, то могуць фотаапарат з сабой нават ня ўзяць, маўляў: ай, што там ужо здымаць. Я гэта разумею, але сам ні за што не прамяняю Паўднёвую Маравію на чэскую сталіцу. Калі б я ні выйшаў у цэнтар — прычым толькі пешкі або на ровары, бо ўсё вельмі блізка — я амаль заўсёды сустрэну ў горадзе некага са знаёмых. У нас горад студэнтаў — іх ледзь ня чвэрць насельніцтва, — а таму адбываецца вельмі шмат розных фэстываляў, канцэртаў, выставаў, моладзевых акцыяў, ініцыятываў. А калі ўзяць літаратуру, то брненскія выдавецтвы, часопісы ці літаратурныя агентуры — абсалютна паўнавартасная канкурэнцыя праскім, а ў нечым праскія і пераўзыходзяць, хоць сам наш горад насельніцтвам у тры ці чатыры разы меншы за Прагу. Грабал ці Кундэра нарадзіліся, дарэчы, менавіта ў Брне. Разам з тым, мне здаецца, што прагацэнтрызм у Чэхіі значна меншы, чым менскацэнтрызм у Беларусі. Фактычна ў любым месцы Чэскай Рэспублікі можна пры жаданьні жыць багатым, насычаным культурным жыцьцём, нават не ад’яжджаючы далёка, а канцэнтрацыя прыродных пякнотаў або гістарычных помнікаў тут такая, што ёсьць чаму пазайздросьціць.

Шупа: Ну і ўрэшце не магу не запытацца. У вас, мабыць, было ўжо дастаткова часу, каб разабрацца ў чэскім піве. Можаце падзяліцца досьведам? Што б параілі пакаштаваць? Зрэшты, Чэхія — гэта ня толькі піва...

Сматрычэнка: На піва ёсць значна лепшыя экспэрты, чым я, у тым ліку сярод мясцовых беларусаў. Але я не адмоўлюся ад куфля ў добрай кампаніі. Сам аддаю перавагу прадукцыі меншых бровараў, кшталту Полічкі або Далешыцаў — вядома, толькі на разьліў. Але Паўднёвая Маравія — перадусім вінны край. Тут робяць асабліва каштоўныя і смачныя гатункі белага віна. Цяпер, у верасьні, у нас паўсюль адбываюцца сьвяты збору вінаграду, на кожным рагу прадаюць так званы «бурчак», па-нашаму, відаць, брагу — вельмі спэцыфічны сэзонны напой, які піць варта ў абмежаванай колькасьці. А калі ад’ехаць трошкі на поўнач, хоць бы ў раён мараўскіх Бэскідаў, дык там вырабляюць выдатную сьлівовіцу. А абстынэнтам параю кафолу — напой смачны і з доўгай традыцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG