Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XXІIІ. Арышт


Арыштаваны Алесь Бяляцкі аддае ключы ад офісу «Вясны» Тацяне Равяцы
Арыштаваны Алесь Бяляцкі аддае ключы ад офісу «Вясны» Тацяне Равяцы

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Бяляцкага затрымалі ў 16:45 4 жніўня 2011 году на плошчы Перамогі ў Менску, непадалёк ад ягонай кватэры. Здарылася гэта каля ўваходу ў мэтро побач з крамай «Каравай». Там стаяў супрацоўнік ДФР у цывільным, які спыніў Алеся, паказаў сваё пасьведчаньне і папрасіў падыйсьці ў двор дома да машыны, старой «Волгі», у якой былі іншыя супрацоўнікі. Бяляцкі згадзіўся.

Пазьней у лісьце з турмы Алесь згадваў гэты момант:

«Памятаю, што ён быў прыкметна ўсхваляваны. У яго перасякаўся голас і дрыжэлі рукі».

Каля машыны Алесю паказалі пастанову аб затрыманьні і ордэр на ператрус жытла. Яшчэ каля мэтро Бяляцкі пасьпеў патэлефанаваць Лабковічу: «Уладзя, мяне затрымалі». Патэлефанаваў Алесь і жонцы, але нічога сказаць ня змог, Натальля ў слухаўку пачула ўрыўкі фразаў ягонай размовы з апэратыўнікамі, зь якіх зрабіла выснову, што Алеся арыштоўваюць.

Пасьля гэтага Алеся прывялі дахаты. У пад’езьдзе была замінка — шукалі панятых. Імі пагадзіліся быць Алесевы сусед і суседка. Чакалі некага з начальства. У кватэры былі жонка Бяляцкага Натальля і 22-гадовы сын Адам. Яны пачулі званок у дзьверы, Натальля адчыніла.

Натальля Пінчук
Натальля Пінчук
«Мы з Адамам паспрабавалі іх спыніць у дзьвярах, папрасілі прадставіцца, каб перапісаць прозьвішчы. Яны назваліся: Баршчэўскі, Кулак, Нехвядовіч і Пазьняк, супрацоўнікі ДФР. Яшчэ адзін апэратыўнік здымаў усё на камэру. Усе былі ў цывільным, у кашулях ці футболках з кароткімі рукавамі».

Як распавядае Натальля, першым у кватэру зайшоў Кулак з ордэрам на ператрус, астатнія крыху пазьней. Яна паспрабавала выйсьці ў суседні пакой, але Кулак з парога закрычаў: «Усім стаяць, нікуды не ісьці». Адам сказаў ёй: «Мама, ідзі».

Адам Бяляцкі
Адам Бяляцкі
«Мама разгубілася, і я хацеў неяк адгарадзіць яе ад гэтых людзей, папрасіў яе сысьці ў іншы пакой», — згадвае Адам Бяляцкі. Натальля паслухалася сына:

«Я бачыла злосны твар гэтага мужчыны, баялася, але тым ня меней пачала рухацца. Тады ён кінуўся да мяне, але заступіўся Адам».

Адам нечакана для Кулака адпіхнуў яго ад маці і сказаў, што маці мае права хадзіць дзе хоча. Той зьбянтэжыўся і прапусьціў Натальлю, але выклікаў двух міліцыянтаў у масках, якія стаялі каля пад’езду. Алесь мяркуе, што гэта былі спэцназаўцы.

Спэцназаўцы схапілі Адама за рукі і спыталі ў Кулака: «Надзець яму кайданкі?» Той адказаў: «Пакуль ня трэба». Увесь наступны час спэцназаўцы стаялі каля Адама або рухаліся за ім па кватэры.

Алесь і Адам запатрабавалі ад міліцыянта ў цывільным, які здымаў усё на відэа, прадставіцца. Але той толькі агрызнуўся на Адама: «Што, у цябе здароўя вагон, б…? Зараз будзем разгружаць. Калі б ты трапіў да мяне, я б з табою хутка разабраўся і зьбіў бы тваё нахабства», — згадвае Адам.

Алесь абсек гэтага апэратыўніка:

«Паглядзі на сябе, прыйшоў на ператрус у драных джынсах і залатым ланцугу на шыі, у такой вопратцы ты больш падобны да бандыта, а не супрацоўніка міліцыі».

Інспэктар Кулак пасьля інцыдэнту заявіў, што будуць шукаць фінансавыя дакумэнты і грошы. Размаўляў ён строга, афіцыйна, згадвае Натальля. Інспэктары спачатку абшукалі кухню, потым падзяліліся на дзьве групы і пачалі абсьледаваць пакоі. У пакоі Адама пры гэтым прысутнічала Натальля, у спальні — Алесь.

«Абшуквалі ўсё: паперы, бялізну, адзеньне ў шафах, паглядзелі ложак пад матрацам, заходзілі ў прыбіральню, ванны пакой, перабралі ўсю брудную бялізну, якую я ім вываліла з кантэйнэра. Пазьней мяне паклікалі ў спальню, каб прынесла ключ ад шафы. Там было так шмат народу, што я падумала, што іх пракантраляваць немагчыма, могуць падкінуць што-небудзь», — распавядае Натальля.
Там было так шмат народу, што я падумала, што іх пракантраляваць немагчыма, могуць падкінуць што-небудзь

Апэратыўнікі забаранялі сям’і адказваць на тэлефанаваньні, але пусьцілі ў кватэру сяброўку Адама, якая прынесла кніжку. Дзяўчына пабыла 5 хвілін, папіла вады на кухні, пагутарыла з Адамам і сышла.

Усё разам доўжылася больш за гадзіну. «Апэратыўнікі ўвесь час торгаліся і тэлефанавалі, просячы інструкцыяў», — згадвае ў лісьце з калёніі Алесь. Паводле пратаколу, ператрус у кватэры праводзіўся з 17:30 да 18:40.

Натальля кажа, што не перакінулася за гэты час з Алесем ані словам:

«Балюча было глядзець на Алеся, і я старалася не пазіраць у ягоны бок. Ён трымаўся добра, але я бачыла, што яму няёмка за тое, што прыносіць нязручнасьці ўласнай сям’і. Гэта быў ня першы ператрус у кватэры, перад тым быў ператрус 17 студзеня 2011 году, які праводзілі супрацоўнікі КДБ. Але гэтым разам у кватэры прысутнічалі ўсе сямейнікі. Я яго такім ня бачыла ніколі».

Пратакол ператрусу кватэры Алеся Бяляцкага
Пратакол ператрусу кватэры Алеся Бяляцкага
Пратакол ператрусу падпісаў маёр Данііл Пазьняк. Паводле гэтага дакумэнту, былі забраныя тры чарнавыя аркушы з рукапісам і тэкстам «як мяркуецца, на польскай мове», ноўтбук, два сыстэмныя блёкі кампутараў, тэчка з дакумэнтамі, флэш-карты памяці, кампакт-дыскі, візыткі, мабільны тэлефон, дробныя грошы з розных краін… Забралі кампутар і 200 даляраў, якія належалі Адаму.

Калі скончылі афармляць паперы, Алесь, разьвітваючыся, абняўся з Адамам. Потым яму ўдалося неяк адысьці ад апэратыўнікаў, ён дастаў з кашалька грошы і перадаў жонцы, каб было на што жыць.

«Гэта адбылося неяк спантанна… А як мы тады разьвіталіся, я ўжо і ня памятаю», — кажа Натальля.

Ніякіх рэчаў Алесь з сабою ня ўзяў. Потым сям’ю разлучылі: адна група інспэктараў павезла Алеся на ператрус офіса «Вясны», іншая забрала Натальлю з Адамам на ператрус на лецішчы ў Ракаве. Алесь сам папрасіў Адама суправаджаць маці ў Ракаў.

«У Адама была тэмпэратура, ён быў прастуджаны. І галава ў мяне была забітая якраз тым, каб гэты ракаўскі вобшук, які будзе адбывацца безь мяне, прайшоў без нэрвовых зрываў жонкі і без наступстваў для здароўя Натальлі і Адама», — напісаў мне ў лісьце Алесь.

Натальля згадвае, што ўсю дарогу ў Ракаў апэратыўнікі маўчалі. Каля самой дачы іх чакала яшчэ адна група інспэктараў ДФР, і адзін зь іх, калі даведаўся, што яго накіравалі ў справе, зьвязанай з апазыцыяй, доўга абураўся, стараўся ўнікнуць падпісаньня пратаколу, казаў: «Нашто мне гэта, мне зусім мала да пэнсіі засталося». Пратакол ператрусу ў Ракаве падпісаў маёр фінансавай міліцыі Павал Шабека, на лецішчы забралі нэтбук і 40 кампакт-дыскаў.

Тым часам група інспэктараў ДФР на чале з маёрам Пазьняком (усяго шэсьць супрацоўнікаў у цывільным, на дзьвюх цывільных машынах) павезла Алеся на сядзібу «Вясны».

Офіс «Вясны» месьціцца на праспэкце Незалежнасьці, 78а. Яшчэ з 14 гадзіны будынак быў аточаны апэратыўнікамі ў цывільным і з рацыямі. Уладзімер Лабковіч згадвае, што было іх больш за 10 чалавек. Пабачыўшы гэта, вясноўцы патэлефанавалі Алесю і папярэдзілі, каб ён не ішоў у офіс, а самі разышліся. Пасьля гэтага частка апэратыўнікаў зьехала. Як потым стала ясна — скіраваліся да Алеся дадому. Бяляцкі тым часам працаваў у сваёй кватэры, а як выйшаў на вуліцу, яго і затрымалі.

«Мы ўжо больш за месяц ведалі, што магчымы арышт Алеся, але да апошняга спадзяваліся, што гэтага ня здарыцца, — згадвае Тацяна Равяка. — У такіх сытуацыях за многія гады выпрацаваўся альгарытм паводзін, што ня трэба кідацца ў паніку, а рабіць адно, другое, трэцяе, для таго каб сытуацыю мінімізаваць: даць інфармацыю ў прэсу, трымаць сувязь зь сям’ёю, падтрымліваць яе».

Алеся прывезьлі да дома, у якім знаходзіцца офіс «Вясны». На заднім пляне — апэратыўнік ДФР
Алеся прывезьлі да дома, у якім знаходзіцца офіс «Вясны». На заднім пляне — апэратыўнік ДФР
Пасьля навіны пра затрыманьне Алеся Тацяна Равяка першай прыехала да офіса «Вясны». Каля 18-й гадзіны далучыліся Ўладзімер Лабковіч, Наста Лойка, журналісты, апазыцыйныя актывісты. Прыблізна гадзіну ўсе стаялі ў двары, чакалі.

Ператрус у офісе «Вясны»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:04 0:00
Ператрус у офісе «Вясны». 04.08.2011. Відэа прадстаўлена тэлеканалам «Белсат»

«Алеся прывезьлі пасьля 19-й гадзіны, — кажа Равяка. — Зь ім было шэсьць апэратыўнікаў, у джынсах і маечках ці кашулях з кароткімі рукавамі, безь ніякіх апазнавальных знакаў. Пакуль ішлі, мне ўдалося перакінуцца з Алесем некалькімі словамі. Алесь сказаў, што яго падазраюць ва ўтойваньні даходаў з-за мяжы ў буйных памерах. Прывялі панятых з суседняга дома. Калі я сьледам за імі паспрабавала зайсьці ў пад’езд, дзьверы заблякавалі двое апэратыўнікаў. Адзін зь іх, лысы, у чорнай майцы, праз акенца ў дзьвярах паказаў мне непрыстойны знак, „фак“. Я папярэдзіла, што за такое ён можа атрымаць да 15 сутак за дробнае хуліганства, і сфатаграфавала ягоны жэст на тэлефон».

Іншы супрацоўнік здымаў Тацяну і ўсіх у двары на відэа. Ператрус доўжыўся гадзіну. Канфіскавалі дзьве паперкі.
У офісе «Вясны» пасьля ператрусу
У офісе «Вясны» пасьля ператрусу

Калі маёр Пазьняк і яшчэ два апэратыўнікі выводзілі Бяляцкага з пад’езду, той спыніўся перад выхадам, па-гаспадарску спраўдзіў і замкнуў паштовую скрыню, сустрэў каля дзьвярэй Тацяну Равяку і аддаў ёй ключы ад офіса, пры гэтым сказаў: «Трымайце „Вясну“!»

Алесь разьвітваецца зь сябрамі
Алесь разьвітваецца зь сябрамі
У двары Алесь пасьпеў сказаць калегам і журналістам, што ў ягонай кватэры забралі кампутары, флэшкі, а ў офісе — некалькі папер:

«А зараз вязуць ва ўправу ДФР, я так разумею, што будуць нейкія сьледчыя дзеяньні. Так што ўсім прывітаньне!»

Усхваляваная Тацяна Равяка правяла Алеся да машыны ДФР, каля якой яны абняліся на разьвітаньне.

Алеся пасадзілі ў старую «Таёту Карола» серабрыстага колеру са знакам «70» на заднім шкле, які павінны выкарыстоўваць кіроўцы са стажам да 2 гадоў, і транзытным нумарам «6АХ Т 7750».

Алеся Бяляцкага саджаюць у машыну
Алеся Бяляцкага саджаюць у машыну
Тацяна Равяка зьвярнула ўвагу на нумары:

«Розныя спэцслужбы выкарыстоўваюць такія нумары для таго, каб не засьвечвацца. Яны маскіруюць сваю прыналежнасьць да рэгіёну ці падразьдзяленьня, каб дэзарыентаваць сьведак… Аўтобусы са спэцназам, які ўлетку 2011-га разганяў маўклівыя акцыі пратэсту ў Менску, прыяжджалі ўвогуле без нумароў».

Жыхар суседняга дома выказаў прэтэнзіі, што другая машына, на якой ехалі апэратыўнікі ДФР, зачапіла бампэр ягонага аўтамабіля. Ён абураўся, але інспэктары не зьвярнулі на яго ўвагі.

Алеся павезьлі на допыт у ДФР. Там яго ўжо чакаў адвакат Зьміцер Лаеўскі.

У той жа дзень Алеся ўзялі пад варту на 10 сутак да прад’яўленьня абвінавачаньня.

12 жніўня Бяляцкаму выставілі абвінавачаньне, тэрмін ягонага ўтрыманьня пад вартай у СІЗА № 1 быў працягнуты на 2 месяцы. На ўсю маёмасьць Алеся пастановай сьледчай ДФР Тацяны Касынкінай ад 30 жніўня быў накладзены арышт. На гэтай падставе Менскае гарадзкое агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры зафіксавала абмежаваньне правоў на кватэру, у якой жывуць Бяляцкія. 5 верасьня рэгістратар нерухомасьці Макоўская накіравала Натальлі ліст з паведамленьнем пра арышт кватэры.

20 верасьня інспэктар ДФР Анціпенка ў прысутнасьці Натальлі склаў пратаколы вопісу арыштаванай маёмасьці, унёсшы ў іх кватэру, у якой жывуць Бяляцкія, кватэру, у якой знаходзіцца офіс «Вясны», хату Алеся ў Ракаве і зямельны ўчастак. Быў арыштаваны і «Сітраен» Алеся, якім карыстаўся ягоны сын Адам. Машыну адагналі на штрафстаянку яшчэ ў жніўні, а ў верасьні ключы і дакумэнты на машыну забраў той жа Анціпенка.

У сакавіку 2012 году, пасьля ўступленьня судовага выраку Бяляцкаму ў сілу, судовыя выканаўцы апісалі ўсю маёмасьць у ягонай кватэры: люстры, шафы, сталы… У красавіку апісалі маёмасьць на лецішчы, у траўні — у офісе «Вясны».

23 верасьня 2011-га Бяляцкі пачаў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, 4 кастрычніка справу перадалі ў пракуратуру для далейшай перадачы ў суд, 20 кастрычніка — абвясьцілі дату і месца судовага працэсу: 2 лістапада, Першамайскі раённы суд Менску.

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG