Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. ІІІ. Права на мову


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Права на мову

Першым хадайніцтвам Бяляцкага да судзьдзі Сяргея Бандарэнкі была просьба весьці ўвесь працэс на беларускай мове. У шмат якіх краінах дзяржаўнымі лічацца некалькі моваў, і такое хадайніцтва звычайна задавальняецца аўтаматычна. Цяжка ўявіць, каб грамадзяніну Канады, напрыклад, адмовілі ў вядзеньні судовага працэсу на францускай мове, аддаўшы перавагу другой дзяржаўнай мове краіны — ангельскай. У Беларусі іначай. Выкананьня канстытуцыйнага права на судачынства па-беларуску даводзіцца дамагацца. І часьцяком безвынікова. Моўная калізія ў судзе над Бяляцкім — дадатковае таму пацьвярджэньне.

Алесь хацеў, каб беларуская мова выкарыстоўвалася таксама падчас сьледзтва і падрыхтоўкі да суду. Але ягонае жаданьне сутыкнулася з тым, што ў Рэспубліцы Беларусь няма ні Крымінальнага, ні Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў па-беларуску, хоць Канстытуцыя, нібыта, гарантуе роўны статус расейскай і беларускай дзяржаўных моваў. За некалькі тыдняў да пачатку суду Алесь з-за кратаў зьвярнуўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Вярхоўны Суд і Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў з патрабаваньнем перакладу гэтых законаў. Адсутнасьць кодэксаў па-беларуску Бяляцкі ў лісьце свайму калегу Ўладзімеру Лабковічу назваў «парушэньнем права на абарону».

У гэтай справе Бяляцкі пасьлядоўны. Ягоны аднакурсьнік Сяргей Сыс згадвае, як яшчэ ў Гомельскім унівэрсытэце на пачатку 1980-х Алесь быў першым студэнтам, які загаварыў па-беларуску і прынцыпова па-беларуску здаваў усе іспыты, у тым ліку расейскую літаратуру, што раздражняла выкладчыкаў. У інтэрвію да 15-х угодкаў «Вясны», незадоўга да арышту, Бяляцкі казаў:

«Маё жыцьцё непарыўна зьвязанае зь беларускай мовай, хоць вучыў я яе пасьля расейскай школы, ва ўнівэрсытэце, але, тым ня менш, загаварыў у 20 гадоў і вось ужо амаль 30 гадоў пасьлядоўна стараюся гаварыць па-беларуску. Фактычна гэта ня проста мова, гэта мая грамадзянская пазыцыя, гэта мой погляд на працэсы, зьвязаныя са зьнішчэньнем беларускай мовы і культуры ў Беларусі. Мая жонка і сын гавораць па-беларуску, гэта мова нашай сям’і».

* Тацяна Сьнітко. Алесь Бяляцкі: «Час зрабіў нам выклік. Мы яго прынялі». Сайт праваабарончага цэнтру «Вясна», 29 верасьня 2011 году.

Адстойваць «права на мову» ў судах Беларусі Алесь пачаў задоўга да свайго ўласнага працэсу. Часам яму і ягоным паплечнікам удавалася дамагчыся ад судовай сыстэмы датрыманьня дзяржаўнага статусу беларушчыны. Гэтак было падчас усіх чатырох працэсаў у Вярхоўным судзе з нагоды закрыцьця і нерэгістрацыі праваабарончага цэнтру «Вясна» ў 2003–2009 гадах. Гэтыя працэсы зь Мін’юстам у ролі пазоўніка ці адказьніка «Вясна» вяла па-беларуску, судзьдзі і прадстаўнікі ўлады таксама выкарыстоўвалі беларускую мову, на ёй вёўся пратакол, прымаліся рашэньні.

Адказваючы на скаргу Бяляцкага ў Камітэт ААН па правах чалавека з прычыны неправамернага закрыцьця «Вясны», улады нават пахваліліся, што суд супраць гэтай арганізацыі на запатрабаваньне прадстаўніка «Вясны» быў праведзены на беларускай мове.

Сядзячы пратэст «Вясны» ў Вярхоўным судзе. Пасьля працэсу аб ліквідацыі «Вясны» Бяляцкі і іншыя актывісты арганізацыі наладзілі сядзячы пратэст у залі Вярхоўнага суду. 2003 год
Сядзячы пратэст «Вясны» ў Вярхоўным судзе. Пасьля працэсу аб ліквідацыі «Вясны» Бяляцкі і іншыя актывісты арганізацыі наладзілі сядзячы пратэст у залі Вярхоўнага суду. 2003 год


Тым часам дамагчыся беларускамоўнага працэсу ў судах ніжэйшай інстанцыі дагэтуль амаль ніколі не ўдавалася. Судзьдзям не хапае кваліфікацыі. Не хапіла яе і судзьдзю Сяргею Бандарэнку, і пракурору Валерыю Сайкоўскаму.

Пракурор заявіў, што правы Бяляцкага ня будуць парушаныя, калі працэс будзе весьціся па-расейску: маўляў, і сьведкі давалі паказаньні па-расейску, і толькі па-расейску існуюць адпаведныя кодэксы. Судзьдзя падтрымаў пракурора і, нядоўга думаючы, адхіліў хадайніцтва. Фармальна ён спаслаўся на тое, што «ў краіне дзьве дзяржаўныя мовы». Пры гэтым ён сказаў Алесю, што калі той недастаткова добра валодае расейскай мовай, на якой вядзецца працэс, дык мае права даваць паказаньні і пісаць хадайніцтвы па-беларуску:

«А калі нейкія тэрміны будуць незразумелыя, то вам будзе дадзены перакладчык».

Тады Алесь папрасіў перакладчыка. Перакладчыца Кацярына Ермакова ўжо сядзела ў першым шэрагу, гатовая да працы. Яе запрасілі, прадставілі суду і пасадзілі побач з адвакатам, за паўтара мэтра ад Алеся. Судзьдзя папрасіў, каб яна не перакладала яму паказаньні Бяляцкага, бо ён, маўляў, усё разумее, з чым Бяляцкі не пагадзіўся: «Я магу сказаць — „сябар Саюзу пісьменьнікаў“, а вы патлумачыце — „друг“». Заля адрэагавала на рэпліку сьмехам і воплескамі. Судзьдзя ўсё ж вырашыў, што ён дастаткова добра разумее беларускую мову, а калі што, сам папросіць перакласьці.

Перакладчыца за працай
Перакладчыца за працай


Затое адносна кваліфікацыі перакладчыцы адразу ўзьніклі сумневы. Яе мова была густа перасыпаная русізмамі, а пераклад быў такі няўпэўнены, што адвакат Зьміцер Лаеўскі папрасіў яе спыніцца і сам зачытаў сваё хадайніцтва па-беларуску. Юрыст Уладзімер Лабковіч выказаў меркаваньне, што суд, відаць, не вінаваты ў тым, што запрасілі недасьведчанага спэцыяліста. Проста няма лепшых, а праца Кацярыны Ермаковай сьведчыць пра нізкі ўзровень выкладаньня роднай мовы ў школах і ВНУ апошнія 15 гадоў, пасьля ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму 1995 году, калі беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай.

Апроч гэтага, трэба мець на ўвазе, што судовы пераклад патрабуе асаблівае кваліфікацыі і практыкі. Тым больш калі гаворка ідзе пра пераклад зь беларускай і на беларускую, што здараецца вельмі рэдка. Адгэтуль няўпэўненасьць у працы самых спрактыкаваных у іншых сфэрах перакладчыкаў.

Кацярына Ермакова
Кацярына Ермакова
Кацярына Ермакова, якую запрасіў суд, працуе начальніцай аддзелу адной зь менскіх перакладчыцкіх фірмаў. У 2007 годзе яна скончыла славянскае аддзяленьне філялягічнага факультэту БДУ па спэцыяльнасьці «Польская мова і літаратура». Перакладала з польскай і ангельскай. Вучылася ў Беларускім калегіюме. У 2006 годзе ў часопісе «Паміж» выйшаў яе пераклад на беларускую апавяданьня канадзкай пісьменьніцы Маргарэт Этвуд «Сьвінцовы век».

Першым, хто ў часы прэзыдэнцтва Лукашэнкі на палітычным працэсе запатрабаваў у судзе перакладчыка з расейскай на беларускую мову, быў паэт Славамір Адамовіч, асуджаны на 10 месяцаў турмы за верш «Убей президента!»

На тым працэсе ў 1996–1997 гадах працавалі два перакладчыкі, асьпіранты катэдры беларускай мовы Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Славамір кажа, што асаблівых прэтэнзіяў да іх працы ён ня меў.

У выраку Віцебскі абласны суд пастанавіў спагнаць з Адамовіча 756 700 рублёў (28 даляраў ЗША) судовых выдаткаў, зьвязаных з удзелам у працэсе перакладчыкаў. Вярхоўны суд гэтае рашэньне пазьней адмяніў як незаконнае.

У лютым 2011 году перакладчыка запатрабаваў актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка, абвінавачаны ў парушэньні рэжыму адбыцьця пакараньня, атрыманага ім за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на віцебскай ёлцы 7 студзеня 2010 году. Спачатку Першамайскі раённы суд Віцебску запрасіў на працэс настаўніцу беларускай мовы адной зь віцебскіх школ. Але яна зь першых фраз пачала блытацца, ужываць русізмы. Каваленка заявіў ёй адвод, а пазьней і сама перакладчыца прызнала сваю негатовасьць і пакінула працэс.

Тады суд зьвярнуўся ў рэктарат Віцебскага ўнівэрсытэту, і адтуль прыслалі выкладчыка катэдры беларускай філялёгіі Сяргея Міхайлава.

Міхайлаў як перакладчык працаваў у розных судах Віцебску з 2010 году. І ніколі яму за гэтую працу не плацілі, а адміністрацыя ВНУ не скарачала працоўныя абавязкі. «Суды лічылі гэта грамадзкай нагрузкай, але я б і так за гэта грошы ня ўзяў. Сваім удзелам у працэсах я жадаў падтрымаць людзей, погляды якіх падзяляю», — кажа спадар Міхайлаў.

Зь меркаваньнем Уладзімера Лабковіча аб прычынах нізкай кваліфікацыі перакладчыкаў, якіх выклікаюць у суд, Сяргей Міхайлаў пагаджаецца:

​«Гэта сапраўды так. Калі людзі вучыліся ў нас на факультэце ў 90-я гады, у іх была моцная лінгвістычная падрыхтоўка і маўленчая практыка, адпаведны ўхіл быў і ў самім унівэрсытэце — на гутарку, дыспуты... Зараз жа засталіся маленькія групы, скараціліся гадзіны на вывучэньне беларускай мовы, зьмяніліся праграмы, меней увагі аддаецца камунікатыўным, маўленчым якасьцям, пісьменнасьці. Мы выпускаем студэнтаў, якія нават дыктоўку не напішуць. Гэта бяда беларускамоўнай адукацыі. Што не выпадкова і ня дзіўна».

Тым ня менш у выпадку Бяляцкага суд фармальна выканаў закон — ня даць Алесю перакладчыка ён ня мог. У адваротным выпадку прысуд Алесю можна было б аспрэчыць ужо толькі на гэтай падставе. Прэцэдэнты былі.

У 2003 годзе судзьдзя Ленінскага раёну Менску Дзьмітры Жданок адмовіўся весьці працэс над юрыстам «Вясны» Ўладзімерам Лабковічам па-беларуску ды заклікаў яго «говорить на нормальном языке», а таксама дазволіў сабе зьдзек зь няведаньня праваабаронцам расейскай мовы і адхіліў яго хадайніцтва наконт перакладчыка. Лабковіч абскардзіў прысуд. У выніку рашэньне судзьдзі Жданка было скасаванае Менскім гарадзкім судом. Праўда, пры гэтым пастанова гарадзкога суду ў адказ на скаргу Лабковіча была напісаная па-расейску.

І ўсё ж судзьдзя Бандарэнка ня здолеў захаваць карэктнасьць у дачыненьні да беларускай мовы да канца: зачытваючы вырак Алесю напрыканцы апошняга пасяджэньня, ён не дазволіў перакладчыцы агучыць рэзалютыўную частку прысуду па-беларуску, пра што хадайнічаў Бяляцкі. «Вам пазьней перакладуць», — сказаў ён Алесю.

Паэтка Ларыса Геніюш, якая прайшла ГУЛАГ, у лісьце да гісторыка Міколы Ермаловіча ад 17 лютага 1971 году пра такое чужамоўнае правасудзьдзе пісала:

«Усе суды, усе прыгаворы, пачынаючы ад Кастуся Каліноўскага і яшчэ да яго, мы чулі і чуем толькі на іх мове! Хлебам не кармі, а „прыемнасьць“ судзіць, асуджаць па-расейску пакінь! І нам прыгавор у Менску гучаў на іх мове, і гэта спадзе няхай на іх голавы!»*

* Міхась Скобла. Ліст да Алеся Бяляцкага. Радыё Свабода, 4 лістапада 2011 году.

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG