Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унутраны Ленінград


Фатограф Андрэй Лянкевіч – бадай, адзіны мастак, якому пашэнціла перадаць змрочную сутнасьць сутарэньняў станцыі мэтро «Плошча Леніна»
Фатограф Андрэй Лянкевіч – бадай, адзіны мастак, якому пашэнціла перадаць змрочную сутнасьць сутарэньняў станцыі мэтро «Плошча Леніна»
У цэнтры Менску, на скрыжаваньні вуліц Леніна і Смаленскай, хутка зьявіцца новы гандлёвы комплекс, называцца будзе... «ЛенінГрад». Аб гэтым паведамляе «Анлайнэр». Тут разьмесьцяцца аўтасалён, крамы побытавай тэхнікі ды інструмэнтаў, памяшканьні пад офісы, а таксама – рэстарацыя ды паркінг на 400 месцаў. Напісаць пра гэтым я вырашыў таму, што вельмі рэдка, аднак усё ж здараецца ў Менску так, што супольная рэакцыя мэдыяў, экспэртаў ды грамадзкасьці вымушае ўласьнікаў задумацца ды скасаваць рашэньне, якое ў гісторыі можа застацца як вельмі спрэчнае.

Нагадаю, што тапоніма з назвай Ленінград на мапе прасторы былога СССР болей не існуе. Гэты горад быў некалі заснаваны ў паўночных багнах Пятром Першым, названы ў яго гонар, у 1917-м годзе зрабіўся калыскай кастрычніцкага перавароту і атрымаў урэшце мянушку правадыра гэтага перавароту, Ульянава-Леніна. Я нават ня ведаю, ці трэба нешта дадаваць да ўжо напісанага аб тым, чым насамрэч была «Вялікая кастрычніцкая рэвалюцыя». Пра нямецкія грошы ды дзяўчынак, якія абаранялі Зімні палац у тую ноч. Пра «Брэсцкі мір», калектывізацыю, чырвоны тэрор... Каб зразумець усё на гэты конт, болей ня трэба корпацца ў архівах, дастаткова ўзяць навукова-папулярную кніжачку ў стракатай вокладцы, кшталту біяграфіі Сталіна, напісанай Эдвардам Радзінскім. І я тут нават ня згадваю пра беларускі кантэкст наробленага Леніным: БНР ды яе лёс, зьнішчэньне нацыянальнай інтэлігенцыі ў 1937-м, Цанаву, Дзяржынскага, страту надзеі на незалежнасьць.

У верасьні 1991 году Ленінграду вярнулі гістарычную назву: Пецярбург. Дык ці ня дзіўна будзе, калі «Ленінград» зьявіцца раптам у Менску? Нешта ж вымусіла расейцаў сарамліва прыбіраць імя Леніна з назвы «паўночнай сталіцы». Імкненьне прытуліць у Менску памяць Леніна, якога пагналі з «калыскі рускай рэвалюцыі», выглядае ня меней экзатычна, чым запрашэньне Курманбека Бакіева, якога пагналі з роднай Кіргізіі.

Можна, канечне, пабачыць у назьве «ЛенінГрад», тым больш – напісанай зь беларускай літарай «і», постмадэрную дэканструкцыю савецкіх сымбаляў. Вось некалі быў савецкі горад на Няве, а зараз у нас тут – «град», дзе гандлююць аўтамабілямі ды запчасткамі.

Так адстаўны дырэктар калгаса ў Літве зьбірае помнікі Леніна па ўсёй краіне і робіць уласны «парк Савецкага пэрыяду»: там у сталоўцы можна пакаштаваць «катлету па-кіеўску» ды «кампот з сухафруктаў». Так, Сяргей Шнураў – музыка, якому пры СССР гарантавана сьвяціла калёнія за брудную лаянку ды дармаедзтва, называе ўласную групу «Ленінград»; пяе, што яго адрас – «ня дом і ня вуліца», а – «Савецкі Саюз». Аднак дэканструкцыя можа быць тады, калі ёсьць што дэканструяваць. У Літве ўведзеная крымінальная адказнасьць за «фашысцкія ды савецкія» сымбалі. У Расеі таксама Сталіну ды Леніну збольшага сказалі «давай, да сьвіданья». Забарона ўсяго савецкага днямі была ўсталяваная ў Малдове.

Беларусь працягвае жыць з чырвонымі зоркамі на плякатах, з чырвонымі сьцягамі на парадах. «Дэканструкцыя» ў такіх умовах выглядае як прапаганда таго, што імкнесься дэканструяваць: калі бачыш юнака з чырвоным гальштукам, што шпацыруе па Бэрліне, разумееш, што ён хутчэй за ўсё рэйвэр, што нажэрся «кіслаты» ды прэ на тэматычную вечарыну. Калі бачыш юнака з чырвоным гальштукам у Менску, разумееш, што ён, мабыць, сябра нейкай праўладнай арганізацыі, што сьпяшаецца на ўрачыстае шэсьце.

Для іроніі зь Леніна ў Менску пакуль зарана. Для ягонага сьлінявага ўшанаваньня – занадта позна. Дэ факта зараз,у дадзены канкрэтны момант беларускай гісторыі, мы бачым павольны крах ягоных ідэяў ды аблудаў у яшчэ адной «асобна ўзятай краіне». Дык навошта нам Ленінград?

Менск – горад двух узроўняў. Пад сьвяточнай плошчай Незалежнасьці, зь яе фантанамі, скульптурамі, шопінгам, чырвоным касьцёлам, статуямі, вясёлым натоўпам ды закаханымі парачкамі, знаходзяцца змрочныя сутарэньні мэтро «Плошча Леніна». У сьнежні 2010 году ўсе мы былі відавочцамі таго, як «Плошча Леніна» выйшла з-пад зямлі ды наваляла па нырках «Плошчы Незалежнасьці», увагнаўшы краіну ў гады дэпрэсіўнага ды паранаідальнага кашмару.

Менск і яго «Ленінград» суіснуюць гістарычна: гэты кляты «Ленінград» якраз і праграмуе ўсё жудаснае ды цьмянае, што робіцца ў беларускай сталіцы.

Кожны год у верасьні мы з бацькам ды тузінам блізкіх сяброў выходзілі сьвяткаваць мой дзень народзінаў у лясок, што месьціўся побач з нашай тыповай дзевяціпавярхоўкай у Зялёным лузе. Мы смажылі мяса ды пяклі рыбу, мы гралі на гітарах ды распавядалі розныя гісторыі аб жыцьці – усё гэта рабілася ў кінематаграфічна-празрыстым сьвеце восеньскага сонца. Потым мой сябра Міцяй знайшоў побач з вогнішчам чалавечы чэрап з кулявой дзіркай у скроні.

Слова «Курапаты» стала вядомае празь некалькі гадоў. «Унутраны Ленінград» праявіў сябе нечакана ды страшна: у прыгожым бярозавым гаі, дзе мы ладзілі нашы сьціплыя «шашлыкі», былі раскапаныя сотні пахаваньняў. Чалавечыя косткі былі складзеныя проста на зямлю і мне дагэтуль робіцца млосна, калі ўяўляю, што мы ўвесь гэты час «піравалі» на могілках.

«Ленінград» жыве ў кожным з нас у гэтым горадзе. «Ленінград» – тыя дрыжыкі, што прабягаюць па сьпіне, калі даведваесься аб тым, што студэнта-фатографа затрымала КДБ за тое, што той першым выклаў фоткі швэдзкіх мядзьведзяў.

Дык навошта нам тая спадчына? Назавіце свой гандлёвы цэнтар «Міндоўг».

Ці, напрыклад, «Скарына»: дасьведчаныя адразу зразумеюць сувязь зь Пецярбургам ды пасьміхнуцца, а ўсіх астатніх трэба паступова выводзіць з савецкага гіпнозу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG