Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна без герояў?


Вынікі нацыянальнага апытаньня --> http://budzma.org/news/histarychnaya-pamyac-belarusau.html , праведзенага грамадзянскай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» і сацыялягічнай лябараторыяй «Новак» у сакавіку 2012 года, дае шмат падставаў для роздуму.

Адзін з сюжэтаў, які заслугоўвае ўвагі — каго беларусы лічаць сваімі нацыянальнымі героямі, як выглядае, так бы мовіць, нацыянальны Пантэон.

Адпаведнае пытаньне гучала так: «Калі беларускі гістарычны дзеяч, дык гэта...» Людзям прапаноўвалася самім называць гістарычных асобаў.

Вынікі атрымаліся наступныя.

Дзеяч(-ка) Колькасьць
рэспандэнтаў, %
Францыск Скарына 20.6
Пятро Машэраў 9.9
Кастусь Каліноўскі 8.4
Ефрасіньня Полацкая 4.5
Аляксандар Лукашэнка 2.2
Тадэвуш Касьцюшка 2.2
Леў Сапега 1.6
Вітаўт 1
Астатнія Кожны менш за 1%
Не далі адказу 40.5

У табліцы варта адзначыць некалькі асаблівасьцяў.

Першае: постмадэрновы мікст, сумесь — увасабленьне савецкай улады Машэраў стаіць поруч з кіраўніком паўстаньня супраць расейскага панаваньня, нястомны інтэгратар з Расеяй Лукашэнка — нароўні зь лідэрам яшчэ аднаго антырасейскага паўстаньня. І ўсе героі.

І гэта, дарэчы, неабавязкова сьведчаньне расколу, і гэтыя постаці — неабавязкова героі для розных беларусаў. І можа не такое ўжо абсурднае гэтае суседзтва. Вядома, што ў паўднёвых штатах ЗША стаяць помнікі генэралам Канфэдэрацыі. Пры гэтым жыхары гэтых рэгіёнаў — ляяльныя грамадзяне менавіта Злучаных Штатаў, адзінай краіны, за адзінства якой ваявалі як раз Грант і Шэрман пад кіраўніцтвам Лінкальна. А помнікі ставяць Робэрту Лі і яго паплечнікам. Дык як гэта? А вось так.

Другое — адсутнасьць у верхняй частцы сьпісу расейскіх і, акрамя Машэрава, савецкіх дзеячоў. У 2006 годзе Лукашэнка сказаў: «Ленін і Сталін — сымбалі нашага народу». Ну вось паводле апытаньня — ня сымбалі ці сымбалі менш чым у 1%. Сапега, Вітаўт дый Касьцюшка з Каліноўскім таксама належалі да больш шырокай дзяржаўнай прасторы, чым сучасная РБ. Аднак яны ў лідэрах ёсьць, а Леніна і Сталіна — няма.

Трэцяе — даволі сьціплае месца дзейнага прэзыдэнта. Праўда, магчыма, тут уплывала фармулёўка пытаньня, некаторыя, пры ўсёй павазе, проста палічылі, што гістарычныя постаці — гэта тыя, хто былі раней. Іншыя падобныя апытаньні даюць значна больш высокае месца Лукашэнку ў Пантэоне нацыянальных герояў.

І чацьвёртая, хіба што самая галоўная асаблівасьць — тое, што ў цэлым рэйтынгі нацыянальных герояў даволі нізкія.

Вось для параўнаньня — дадзеныя расейскага Лявада-Цэнтру, адказы падчас апытаньня 2008 году на пытаньне: «Назавіце самых выбітных людзей усіх часоў і народаў»: Пушкін — 47%, Пятро І — 37%, Сталін −36%, Ленін −34%, Пуцін −32%. Героі могуць падабацца ці не, але зьвяртае на сябе ўвагу, што рэйтынг нават апошняга з пяцёркі расейскіх герояў у паўтара раза вышэйшы за паказьнік лідэра беларускага рэйтынгу Скарыны.

А вось сьвежае, сёлетняга траўня апытаньне ўкраінскай сацыялягічнай групы «Рэйтынг», адказы на пытаньне «Выбітныя ўкраінцы ўсіх часоў»: Тарас Шаўчэнка — 58.7%, Лэся Ўкраінка — 22.5%, Багдан Хмяльніцкі — 20.1%. Цікава адзначыць, што яшчэ амаль тры дзясяткі асобаў назвалі «выбітнымі ўкраінцамі ўсіх часоў» больш за 1% апытаных кожнага, сярод іх, у прыватнасьці, Клічко, Мазепа, Бандэра, Кучма, Краўчук, Януковіч і Цімашэнка. Ня здолелі назваць ніводную выбітную постаць толькі 15% апытаных, прынамсі ўдвая менш, чым у Беларусі.

Нехта, параўноўваючы гэтыя дадзеныя з вынікамі беларускага апытаньня, можа выказаць меркаваньне, што справа — у кепскай інфармаванасьці, у тым, што беларусы проста ня ведаюць сваіх герояў. Аднак сацыёлягі як раз паспрабавалі спраўдзіць гэтую гіпотэзу, прапанаваўшы сьпіс дзеячоў і спытаўшы людзей, ці ведаюць яны іх. Высьветлілася, што Францыска Скарыну ведаюць 95,7% апытаных, Ефрасіньню Полацкую — 92,9%, Кастуся Каліноўскага — 76,2%, Тадэвуша Касцюшку — 70,2%, Веру Харужую — 63,5%, Вітаўта — 47,1%, Льва Сапегу — 46,9%, Усяслава Чарадзея — 38,2%, Алену Мазанік — 23,1%, Зьмітра Жылуновіча — 15,5%.

Так што прынасмсі ня толькі ў няведаньні справа. А ў дыстанцыі паміж веданьнем і шанаваньнем, маўляў, ну быў такі ці была такая, а мяне яны як тычацца?

Можна ўбачыць у гэтым нізкі ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці, адсутнасьці сымбаляў, якія кансалідуюць супольнасьць, якая жыве ў Беларусі, у нацыю.

А можна — своеасаблівасьць гэтай, насамрэч дастаткова разьвітай, сьвядомасьці: няма герояў, «няма паноў», як выгукнуў пад шыбеніцай той самы Каліноўскі. Менавіта гэта, магчыма, ускладняе і фармаваньне лідэраў у сучаснай палітыцы: народ, якія не асабліва бачыць герояў у сваім мінулым, ня надта схільны шукаць іх і сярод сваіх сучасьнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG