Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутат Пратасевіч: Менск адштурхнуў нашу руку


Віцэ-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Яцэк Пратасевіч прызнаў, што два тыдні таму, адкладваючы галасаваньне над рэзалюцыяй па Беларусі, эўрадэпутаты чакалі зьмены курсу з боку афіцыйнага Менску ў адносінах да Брусэлю, але расчараваліся.

Адначасова Пратасевіч выказаў нязгоду са сьцьвярджэньнем дэпутата Марка Мігальскага пра тое, што расстрэл Канавалава і Кавалёва наступіў як рэакцыя на адклад галасаваньня Эўрапарлямэнтам:

«Я хачу коратка адрэагаваць на словы спадара дэпутата Мігальскага. Я далучаюся да ягонага закліку, каб сёньня прагаласаваць за ўсе папраўкі да праекту рэзалюцыі, але не пагаджаюся зь ягоным меркаваньнем, што наша рашэньне два тыдні таму было доказам нашай слабасьці, якая давяла да выкананьня сьмяротных прысудаў. Найбольш імаверна, прысуды былі выкананыя перад нашым рашэньнем, на пачатку таго тыдня, калі мы сабраліся ў Страсбуры. Выкананьне прысудаў адбылося ў таямніцы, і мы ня ведаем дакладна, калі гэта мела месца. Гэта занадта далёкасяжная выснова, што наша рашэньне два тыдні таму давяло да пагаршэньня сытуацыі. Два тыдні таму мы разьлічвалі на зьмену палітыкі ў Беларусі, але не ўдалося. Сёньня мы падаем выразны знак, што няма нашай згоды на тое, што адбываецца ў гэтай краіне» – сказаў Яцэк Пратасевіч у Эўрапарлямэнце непасрэдна перад галасаваньнем рэзалюцыі па Беларусі ў чацьвер.

Па выніках галасаваньня спадар Пратасевіч адказаў на пытаньні карэспандэнта нашага радыё ў Брусэлі Рычарда Юзьвяка.

РС: Спадар Пратасевіч, два тыдні таму вы выказваліся за адклад галасаваньня рэзалюцыі па Беларусі, бо нібыта былі сыгналы, што некаторыя палітычныя вязьні ў Беларусі могуць быць вызваленыя. Ці цяпер вам не здаецца, што гэта была ваша параза?

Пратасевіч: Я не назваў бы гэтага паразай. Я сказаў бы, што ня спраўдзіліся некаторыя спадзяваньні на паляпшэньне адносінаў Беларусі з Эўразьвязам. Я прызнаюся, што я расчараваны. Аднак калі існуе шанец, што можна палепшыць жыцьцё пэўных людзей, што некаторыя палітвязьні могуць быць вызваленыя, я думаю, мы заўсёды павінны імкнуцца выкарыстаць такі шанец, каб зьмяніць сытуацыю. Часам гэта ўдаецца, часам не. Наш цяперашні досьвед кажа нам, што ўлады ў Менску абсалютна не гатовыя да супрацоўніцтва; яны, магчыма, падрыхтаваліся да жорсткага і рэзкага канфлікту з Захадам. Але ўрэшце, калі яны ня зробяць нічога з таго, што ад іх чакаецца, можа дайсьці да эскаляцыі канфлікту.

РС: Ці ня думаеце, што спадар Лукашэнка можа разглядаць гэты адклад галасаваньня як адзнаку слабасьці Эўрапарлямэнту?

Пратасевіч: Я ня думаю, што ўхваленьне рэзалюцыі два тыдні пазьней зьяўляецца адзнакай слабасьці. Гэта можна разглядаць хутчэй як адзнаку рацыянальнасьці і гатоўнасьці да пэўнага супрацоўніцтва. Калі пададзеную руку адштурхоўваюць, гэта для нас ясны знак, што няма ніякіх шанцаў для супрацоўніцтва, і што мы мусім вярнуцца да звычайнай хады падзей. А гэта азначае новыя санкцыі, пагаршэньне ўмоваў для апазыцыі ў Беларусі і пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў краіне. Але цяпер усім відавочна, што выбар быў зроблены ў Менску. Наш бок быў гатовы да паляпшэньня адносін, але Менск на гэтую гатоўнасьць не адказаў станоўчым спосабам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG