Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выратаваць Сяргея Каваленку


Сяргей Каваленка на судзе 22 лютага
Сяргей Каваленка на судзе 22 лютага

Ці ведаюць людзі ў Беларусі пра галадоўку ў турме віцебскага актывіста КХП — БНФ Сяргея Каваленкі, якога пакаралі за бел-чырвона-белы сьцяг? Ці выказваюць салідарнасьць зь ім? Як дэмакратычныя актывісты патрабуюць вызваленьня Каваленкі ды іншых палітвязьняў?

Віцебшчына


У Віцебску дзейнічае аргкамітэт падтрымкі Сяргея Каваленкі і ягонай сям’і, які быў створаны 30 сьнежня мінулага году. У той дзень у адпачынку на радзіме быў яшчэ адзін віцебскі палітвязень, Павал Севярынец, які й стаў заснавальнікам гэтага грамадзкага ўтварэньня. Цяпер распачатую справу працягвае яго маці, Тацяна Севярынец.

Севярынец: «Гэта дэмакратычныя актывісты і проста людзі, неабыякавыя да таго, што здарылася зь Сяргеем Каваленкам, да яго лёсу, да лёсу яго сям’і. Зьбіраемся раз на тыдзень, вырашаем, што і як рабіць. Гэта і нейкія акцыі па горадзе, і прысутнасьць і падтрымка ў судзе, і інфармаваньне — улёткі, да прыкладу. Гэта і збор матэрыяльнай дапамогі, прычым далучаюцца да нас і рэгіёны — вось учора тэлефанавалі з Воршы, што сабралі сродкі… Ну, і — тут я ўжо ня ведаю, хто гэта робіць — але па горадзе зьяўляюцца і сьцягі, і расьцяжкі ў падтрымку Сяргея Каваленкі, і ня толькі яго, а і ўсіх палітвязьняў».

Матэрыяльна падтрымаць сям’ю Каваленкаў палічылі неабходным аднапартыйцы з КХП БНФ, прадстаўнікі аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, сябры іншых партый. Сродкі для сям’і палітвязьня зьбіралі ў Полацку, цяпер якраз зьбіраюць у Шаркоўшчынскім раёне, апавяла мясцовая актывістка Ада Райчонак:
Я разумею, што жыцьцё ў людзей цяжкае і ні ў кога грошай лішніх няма, таму адразу кажу: «Хто колькі можа». І ніводзін чалавек не адмовіўся, ніхто не сказаў «не».

«Я тут, у Германавічах, сабрала крыху, сама сотню дала. Тэлефаную сваім знаёмым. Я разумею, што жыцьцё ў людзей цяжкае і ні ў кога грошай лішніх няма, таму адразу кажу: «Хто колькі можа». І ніводзін чалавек не адмовіўся, ніхто не сказаў «не».

На знак салідарнасьці актывісты разам з жонкай палітвязьня Аленай і ягонымі дзецьмі зладзілі 10 сакавіка акцыю зь бел-чырвона-белым сьцягам, якую хоць непрацяглы час, але назіралі віцебскія мінакі. Не пакідаюць сям’ю палітвязьня і праваабаронцы. Патрабуючы зьмены меры стрыманьня для зьняволенага, праваабаронца Павал Левінаў накіраваў ужо дзявяты зварот да судзьдзі Першамайскага райсуду Алены Жук, якая 24 лютага асудзіла Сяргея Каваленку на 2 гады і 1 месяц турмы. А з тае прычыны, што дагэтуль ён атрымліваў толькі адмовы, спадар Левінаў падаў заяву ў Сьледчы камітэт, каб там пачалі разбор, чаму судзьдзя адмаўляецца зьмяніць меру стрыманьня для Сяргея Каваленкі, жыцьцё і здароўе якога пад пагрозай.

Берасьцейшчына


На Берасьцейшчыне дэмакратычныя актывісты арганізавалі супольную малітву за Сяргея Каваленку. Сустаршыня БХД Павал Севярынец, які адбывае «хімію» ў Пружанскім раёне, заклікаў вывешваць нацыянальныя сьцягі на знак салідарнасьці з Каваленкам. Пасьля гэтай заявы нехта парэзаў колы ў аўто берасьцейскага каардынатара БХД.

З ініцыятывы доктара ўрбаністыкі і архітэктуры Ірыны Лаўроўскай берасьцейскія вернікі на працягу сакавіка супольна моляцца за Сяргея Каваленку. Цяпер, кажа спадарыня Ірына, гэтая акцыя будзе праходзіць кругласутачна:
Плянуем зрабіць такую няспынную малітву на працягу 24 гадзінаў за яго здароўе, за ягоны лёс, за душы ягоных катаў.

«Зараз плянуем зрабіць такую няспынную малітву на працягу 24 гадзінаў за яго здароўе, за ягоны лёс, за душы ягоных катаў. Зараз у гэтым коле ўжо каля 30 чалавек».

Ірына Лаўроўская кажа, што да гэтай малітвы далучаюцца і іншыя рэгіёны краіны. Ініцыятыву падтрымалі многія дэмакратычныя арганізацыі. У прыватнасьці, далучыліся да малітвы за Сяргея Каваленку берасьцейскія актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі БХД.

Палітвязень, сустаршыня БХД Павал Севярынец, які адбывае пакараньне ў Пружанскім раёне, заклікаў нацыянальныя сілы ўздымаць 16 сакавіка па ўсёй краіне бел-чырвона-белыя сьцягі:

«Звычайна 16-га дня кожнага месяца адбываюцца акцыі салідарнасьці. Сёньня самае вострае пытаньне, якое ёсьць, — гэта пытаньне вызваленьня і ўвогуле жыцьця Сяргея Каваленкі. Чалавека, які ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг і за гэта атрымаў турму, а зараз галадае, прычым на сьмерць».

Гомельшчына


Гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны й Леанід Судаленка замовілі ў гарвыканкаме адмысловы пікет у падтрымку беларускіх палітвязьняў. Ставілася мэта зьвярнуць увагу гараджанаў і ўладаў і на лёс Сяргея Каваленкі, які, па сутнасьці, памірае з-за галадоўкі пратэсту ў менскай турме. Аднак гарвыканкам забараніў пікет.

Леанід Судаленка: «Гарвыканкам адмовіў нам. Прычым адмову гарвыканкаму мы атрымалі ўчора, менавіта ў Дзень беларускай Канстытуцыі. Гомельскія ўлады працягваюць ігнараваць наша права на мірныя сходы. Пікет мы плянавалі правесьці, каб зьвярнуць увагу грамадзкасьці на ўтрыманьне ў беларускіх турмах палітычных зьняволеных, у тым ліку й Сяргея Каваленкі, які знаходзіцца ў крытычным стане».

Рэгіянальны рух «За свабоду» на праблему палітычных нявольнікаў адклікаецца інфармацыйнымі захадамі — распаўсюдам друкаваных матэрыялаў, якія актывісты вырабляюць самі, разьмяшчэньнем матэрыялаў пра палітарыштантаў на мясцовых партнэрскіх сайтах. Але, як лічыць кіраўнік руху «За свабоду» ў рэгіёне Пятро Кузьняцоў, палітвязьні надзвычай патрэбныя цяперашняму беларускаму рэжыму:
Для нашых уладаў зараз Сяргей Каваленка — гэта адзін з закладнікаў.

«Для нашых уладаў зараз Сяргей Каваленка — гэта адзін з закладнікаў. У нашых уладаў не засталося рычагоў уплыву на зьнешнюю палітыку, у прыватнасьці, у дачыненьнях з Эўразьвязам, і ўлада перайшла да тэрарыстычнай стратэгіі. Яна разважае прыкладна так: вось вы, спадарства з Эўропы, вельмі заклапочаныя гэтымі нашымі людзьмі, гэтай „пятай калёнай“, дык пабачым, наколькі яны для вас важныя, наколькі вы шчырыя ў сваіх клопатах. Каваленка няхай памірае ад галадоўкі, Саньнікаў няхай зь іншымі катаваньнямі сутыкаецца. Зараз мы зробім яшчэ невыязных. І нават Кавалёва з Канавалавым адмовіліся памілаваць, я лічу, з гэтай жа прычыны».

Некаторыя гомельскія палітыкі й самі галадавалі ў ізалятары, калі іх арыштоўвалі за палітычныя акцыі. Уладзімер Кацора двойчы трымаў у ізалятары сухую галадоўку. Адмаўляліся ад ежы Васіль Палякоў, Кастусь Жукоўскі, Уладзімер Няпомняшчых. Але іхняя галадоўка не была такая працяглая, як у Сяргея Каваленкі, які схуднеў за кратамі больш чым на 30 кіляграмаў.

Актывісты наагул ня ведаюць, якія захады, апрача інфармацыйных, могуць паўплываць на вызваленьне палітычных нявольнікаў.

Васіль Палякоў, старшыня рэгіянальнай арганізацыі АГП: «Нельга сьцьвярджаць, якія захады могуць даць нейкі плён. Калі пачынаецца нейкая кампанія і да гэтай кампаніі далучаецца грамадзкасьць, то ўлады нэрвова рэагуюць на такую актыўнасьць і робяць усё наадварот».

Гарадзеншчына


На Гарадзеншчыне час ад часу ў гарадах і мястэчках зьяўляюцца ўлёткі з партрэтамі палітвязьняў, асобныя людзі пералічваюць грошы на рахунак жонкі Сяргея Каваленкі, шмат хто папросту спачувае і ня ведае, што рабіць, а пераважная большасьць людзей нават ня чулі пра галадоўку і стан Каваленкі.

Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў распавядае, што апошнімі днямі на сайце гарадзенскай «Вясны» разьмешчаны зварот да жыхароў Горадні з заклікам віншаваць палітвязьняў з Днём Волі. На сайце пададзеныя адрасы ўсіх палітзьняволеных.

У дзень Канстытуцыі ў двух раёнах Горадні на высотных будынках невядомыя вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі. Праваабаронца мяркуе, што гэта магло быць зроблена ў гонар Сяргея Каваленкі.

У Мастах, распавядае актывіст Зьміцер Кухлей, шмат хто з актывістаў і ня толькі іх дасылае грошы на рахунак жонкі Сяргея Каваленкі. Часта яны ня пішуць свайго адрасу, каб потым ня мець праблемаў.

Паводле Кухлея, многія людзі ведаюць пра лёс Каваленкі і іншых палітвязьняў, спачуваюць, але нічога ня робяць:

«Яны папросту ня ведаюць, што рабіць у гэтай сытуацыі, калі захопленыя закладнікі. Выходзіць на вуліцу ў гэтай сытуацыі не атрымліваецца, бо палітвязьняў стане болей, рэпрэсіі вельмі сур’ёзныя».
Выходзіць на вуліцу ў гэтай сытуацыі не атрымліваецца, бо палітвязьняў стане болей, рэпрэсіі вельмі сур’ёзныя.

У Слоніме актывісты дэмакратычнага згуртаваньня неаднойчы вывешвалі ўлёткі з партрэтамі палітвязьняў, шмат дзе яны вісяць дагэтуль, а некаторыя ўлёткі пазрывалі адразу, як іх вывесілі. Паводле актывіста Івана Бедкі, большасьць ягоных сяброў за тое, каб Каваленка спыніў галадоўку:

«Думаю, што больш карысьці ён прынёс бы для грамадзтва, калі б быў здаровы. Хоць, канечне, кожны сам вырашае, як дзейнічаць».

Былы палітвязень Алесь Кіркевіч кажа, што ўвесь час дасылаў лісты Каваленку, але цяпер адказаў няма, бо, відаць, Сяргею гэта вельмі цяжка. Са свайго досьведу Кіркевіч лічыць лісты з волі значнай падтрымкай для любога палітвязьня:

«Таму што гэта прыкмета таго, што людзі цябе не забываюць. І для зэкаў, якім пераважна альбо ніхто ня піша, альбо адзін ці два чалавекі — для іх гэта шок. Гэта і падвышае аўтарытэт, і для самога чалавека вельмі важна».

Меншчына


У пятніцу раніцай некаторыя незалежныя сродкі масавай інфармацыі надрукавалі зварот Алеся Яжэвіча з Чэрвеньскага раёну, які прапануе памяняцца месцамі з палітвязьнем Сяргеем Каваленкам. Карэспандэнту «Свабоды» ўдалося пагутарыць з Алесем Яжэвічам і спраўдзіць яго намеры.

Алесь Яжэвіч — беспрацоўны цяпер жыхар вёскі Запольле. Яму 48 гадоў, ён мае вышэйшую адукацыю, працаваў раней перакладчыкам. Сяргея Каваленку называе сваім пасьлядоўнікам і заяўляе:

«Я сур’ёзна гатовы ісьці ў турму дзеля таго, каб такія людзі, як Сяргей Каваленка, былі на свабодзе».

Суразмоўца лічыць, што Сяргей Каваленка — яго пасьлядоўнік, бо сам Алесь Яжэвіч яшчэ ў 1990-я гады вывешваў бел-чырвона-белы сьцяг над будынкам Валожынскага райвыканкаму:

«У той час мой бацька быў настаўнікам, выкладаў гісторыю. Ён нават таксама ня ведаў, што гэты сьцяг вывесіў я. Прыяжджалі тады зь Менску міліцыянты і супрацоўнікі КДБ. Шукалі, хто сьцяг павесіў. Праводзілі розныя гутаркі…»
Гэтыя сьвятыя, чыстыя колеры — бел-чырвона-белыя — наша будучыня.

Алесь Яжэвіч, які размаўляе выключна па-беларуску, ужо некалькі гадоў беспрацоўны. Ён перакананы, як і Каваленка, што сапраўдны дзяржаўны сымбаль — толькі бел-чырвона-белы сьцяг:

«Гэтыя сьвятыя, чыстыя колеры — бел-чырвона-белыя — наша будучыня. Гэта колеры нашай самабытнасьці».

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін, які таксама жыве на Меншчыне, ухваляе ўчынак Сяргея Каваленкі і кажа, што людзі ў рэгіёне хвалююцца за лёс патрыёта:

«Ці ведаюць людзі пра Сяргея Каваленку? Я перакананы, што ведаюць. Прынамсі, усе актывісты АГП. Сочаць за яго здароўем і ўсім, што адбываецца. Упэўнены, што мы маглі б далучыцца да масавых акцыяў у абарону Сяргея Каваленкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG