Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Сьліж: «У Беларусі надыходзіць час жанчынаў»


Натальля Сьліж
Натальля Сьліж

«Жанчыны ў гісторыі Беларусі» — пад такой назвай нядаўна пабачыў сьвет тэматычны нумар часопісу «АRCHE».

Аднак, гутарка ў ім вядзецца ня толькі пра выдатных дзяячак айчыннай гісторыі, сярод якіх Людвіка Караліна Радзівіл, Эва Фялінская і Ларыса Геніюш. Айчынныя дасьледчыцы мінуўшчыны цьвердзяць, што існуе асобная жаночая гісторыя, якую трэба ўлічваць, вывучаць і прапагандаваць. Укладальніца і натхняльніца гэтага праекту — гісторык з Горадні Натальля Сьліж.

— Натальля, у прадмове да ўкладзенага вамі нумару «АRCHE» вы настойваеце на тым, што мае права на існаваньне менавіта жаночая гісторыя — адметная ад агульнай. А што вы ўвогуле маеце на ўвазе пад жаночай гісторыяй?

— Я настойваю на жаночай гісторыі менавіта для беларускай гістарыяграфіі, ва ўсясьветнай навуцы гэты этап ужо даўно пройдзены. У 70-я гады ўзнік жаночы рух, які прывёў да зьменаў у гістарычнай навуцы і да зьяўленьня жаночай гісторыі. Жаночая гісторыя мела дзьве мэты: вярнуць жанчынаў у гісторыю і вярнуць гісторыю жанчынам. Найбольшая ўвага зьвярталася на статус жанчыны ў грамадзтве ў параўнаньні са статусам мужчыны. Узьнікненьне жаночай гісторыі было падтрымана мэдыявістамі. Менавіта мэдыявісты першымі прапанавалі пераадолець спрошчаны падзейна-палітызаваны падыход да асьвятленьня
Жаночая гісторыя мела дзьве мэты: вярнуць жанчынаў у гісторыю і вярнуць гісторыю жанчынам...

гістарычнага мінулага. На сёньня ўжо склаліся розныя мэтадалягічныя падыходы ў вывучэньні гісторыі жанчынаў, распрацаваны тэрміналягічны апарат, надрукавана шмат кніжак, распрацаваныя курсы, створаныя часопісы, праводзяцца канфэрэнцыі. Можна сказаць, што жаночая гісторыя, як асобны накірунак, сфармавалася. Праца над часопісам «АRCHE» відавочна паказала, што навуковы ўзровень беларускіх дасьледчыцаў дазваляе на сёньняшні дзень стварыць сваю ўласную жаночую гісторыю. Акрамя таго, у ёй ёсьць патрэба ня толькі для гістарычнай навукі, але і для грамадзтва. Я адчула моцную падтрымку і салідарнасьць ад аўтарак. Для мяне гэта быў вельмі пазытыўны досьвед супрацоўніцтва. У часопісе беларуская жанчына выступае творцам гістарычных працэсаў і прадметам дасьледаваньня. Гэта гісторыя выдатных жанчынаў, якія ўплывалі на гістарычныя падзеі, гісторыя звычайных жанчынаў, гісторыя нашых бабуляў, матуляў, сучасная гісторыя, якую мы робім самі.

— У гэтыя вясновыя дні так хочацца з вамі пагадзіцца... Але тут мне прыгадваецца, як аднойчы ў Менску проста над праспэктам Незалежнасьці я пабачыў транспарант, на якім было напісана: «Остановим торговлю женщинами!». Чамусьці не напісалі: спынім гандаль людзьмі. Прабачце, але падзел гісторыі на жаночую і астатнюю нагадвае мне той транспарант. Кожны чалавек — суб’ект гістарычнага працэсу незалежна ад полу. Дык ці ёсьць сэнс у падзеле гісторыі паводле гендэрнага прынцыпу?

— Такія плакаты сьведчаць, што жанчыны заўсёды былі прадметам гандлю, гэтая ганебная зьява мае месца і сёньня. Калі мы кажам, што чалавек — суб’ект гістарычнага працэсу, то хто гэта — ён ці яна? Тэрмін «чалавек» ужо даўно не выкарыстоўваюць у ангельскай мове, як дыскрымінацыйны. У сваіх працах я выкарыстоўваю тэрмін «асоба». Для псыхалёгіі й мэдыцыны гендэрныя адметнасьці відавочныя, то чаму яны не павінны прысутнічаць у гістарычных дасьледаваньнях? Наша фізыялёгія ўплывае на нашы паводзіны, матывацыю ўчынкаў. Жыцьцёвыя досьведы жанчыны і мужчыны адрозьніваецца. Мы можам перажываць адны і тыя ж падзеі, але іх успрыманьне будзе розным.

— Калі я вас правільна зразумеў, школьныя падручнікі таксама павінны ўлічваць жаночую гісторыю. На вашу думку, іх трэба перапісаць, дапісаць ці — стварыць абсалютна новыя, у якіх жаночая гісторыя будзе асьвятляцца напоўніцу?

— У школьныя падручнікі й падручнікі ВНУ павінна ўводзіцца тое, што ва ўсясьветнай навуцы называецца гістарычная антрапалёгія. Інфармацыя пра гістарычныя працэсы — гэта адно, а як іх перажылі людзі — гэта другое. Прыкладам, чытаеш пра падзеі Другой усясьветнай вайны ў пераможных
Часьцей мы прымяраем на сябе гісторыю асобы, а не гісторыю падзеі ...

інтанацыях, а пасьля пра тое, як сямімільнымі крокамі савецкая ўлада вяла народ да шчасьця, — гэта адна гісторыя. А калі я слухаю аповеды сваякоў пра перажытыя імі голад, нястачу, — гэта зусім іншая гісторыя. Нас уражваюць лічбы рэпрэсаваных, але яшчэ больш уражвае лёс асобы, якая гэта перажыла. І такая інфармацыя павінна ўводзіцца ў падручнікі. Для вучня ці студэнта гісторыя павінна пачынацца з гісторыі сваёй сям’і, пасьля — сваёй мясцовасьці, а затым — краіны. Гісторыя асобы дае магчымасьць нечаму навучыцца. Такія дасьледаваньні больш правакуюць да разважаньняў пра сябе, пра сваё жыцьцё. Часьцей мы прымяраем на сябе гісторыю асобы, а не гісторыю падзеі.

— У нашай перадэфірнай размове вы закранулі тэму дыскрымінацыі ў Беларусі тых гісторыкаў, якія займаюцца вывучэньнем жаночай гісторыі. Прабачце, нешта я не прыпамінаю, каб сьветлай памяці Генадзя Кісялёва нехта папракаў за тое, што ён пісаў пра гераіню XIX стагодзьдзя Эмілію Плятар. Якія канкрэтныя факты дыскрымінацыі вы можаце назваць?

— Мужчыну ў гістарычнай навуцы мужчыны не дыскрымінуюць. А гендэрная дыскрымінацыя адносна жанчынаў-дасьледчыцаў існуе. Пра гэта ніколі не гаварылася адкрыта, але дасьледчыцы з гэтым сутыкаюцца. Дыскрымінацыя праяўляецца ў адкрытай ці схаванай форме. Як правіла, да яе больш схільныя
Я кантактую з гісторыкамі з розных краінаў, але самае шавіністычнае стаўленьне да жанчынаў выказваюць беларускія гісторыкі ...

мужчыны з комплексамі няпаўнавартасьці, непасьпяховыя ў прафэсіі. На першым курсе асьпірантуры ад вядомага беларускага гісторыка я пачула, што жанчына ня можа быць дасьледчыцай. Апрыёры жанчына разглядаецца як ітэлектуальна няздольная правесьці дасьледаваньне. Я кантактую з гісторыкамі з розных краінаў, але самае шавіністычнае стаўленьне да жанчынаў выказваюць беларускія гісторыкі. Хаця такая сытуацыя ёсьць і ў іншых галінах навукі. Мая праца па гісторыі сям’і была першай дысэртацыяй на такую тэму. Іншым па гэтым накірунку было ўжо абараняцца лягчэй. Сёньня сытуацыя не такая жорсткая, як была раней. І ўжо ніхто адкрыта дыскрымінаваць мяне не наважыцца. На ўдар я адказваю ўдарам.

— Адна з самых адметных публікацый «жаночага» нумару «АRCHE» — пра гэтак званыя «бабскія бунты» ў БССР у 30-я гады. Гэта малавядомая тэма. Чым гэтыя бунты выклікаліся і чым вызначаліся?

— У артыкуле пра «бабскія бунты» разгортваюцца ваяўнічыя старонкі жаночай гісторыі. Яны сьведчаць, што ў жанчынаў больш разьвіты інстынкт самазахаваньня і адказнасьці за ўласную сям’ю. Калі жанчына бачыць, што існуе небясьпека для яе дзяцей, яна здольная на ўсё. І гэта нармальная рэакцыя. Супраць такіх выступленьняў савецкай уладзе было цяжка змагацца. Узброеныя сілы супраць жанчынаў выкарыстоўвалі вельмі рэдка. Дзеяньні жанчынаў проста ўражваюць. Прыкладам, у калгасе «Серп і молат» Лагойскага раёну жанчыны на разбор калгаснай маёмасьці ішлі, узброіўшыся каламі, з пагрозамі і антысавецкімі воклічамі. Спробы ўладаў арыштаваць арганізатарак натыкнуліся на адкрыты супраціў. У калгасе «Баявік» Слуцкага раёну жанчыны таксама ўзялі калы ў рукі — у адказ на спробу ўладаў перашкодзіць набраць бульбы з капцоў. У Лагойскім раёне жанчыны зьбілі старшыню і кладаўшчыка калгасу «Праўда», у калгасе «Полымя» мелі месца напады жанчынаў на работнікаў раёну і мясцовых актывістаў. У Койданаўскім раёне жанчыны пабілі двух старшынь калгасаў...

— У «АRCHE» пасьлядоўна разглядаецца ўдзел жанчынаў у паўстаньнях 1830, 1863 гадоў, жаночыя выступы 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Але гісторыя не спыняецца, яна дзейсьніцца на нашых вачах. Калі паглядзець пільным вокам гісторыка, хто яны — гераіні сучаснай жаночай гісторыі Беларусі?

— Чым больш я назіраю за сытуацыяй у нашай краіне, тым болей пераконваюся, што прыходзіць час жанчынаў. Толькі яны здольныя зьмяніць сытуацыю ў Беларусі. Шмат што ў нашай краіне трымаецца на іх штодзённай мужнасьці. Апошнім часам значна павялічылася колькасць амбітных і пасьпяховых жанчынаў. У маім асяродку пераважна такія, і мяне захапляюць іх сіла характару і мужнасьць. Мне заўсёды ёсьць чаму ў іх павучыцца. У многім прыкладам для мяне — Ларысы Геніюш. Прайсьці з годнасьцю такія выпрабаваньні зможа далёка ня кожны. Яе меркаваньні пра Беларусь і беларусаў актуальныя і сёньня. Што да сёньняшніх гераіняў, то яны вельмі розныя. Для мяне гераіня — мая маці. Яе штодзённая мужнасьць і адданасьць сям’і мяне сапраўды захапляе. А з вядомых імёнаў мне б хацелася б назваць фотажурналістку Юлію Дарашкевіч. Яна дамаглася посьпеху ў сваёй прафэсіі, сама зрабіла сабе імя, яна таленавітая і цікавая, са сваім бачаньнем сьвету, са сваёй грамадзянскай пазыцыяй.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG