Уладзіслаў Ахроменка. Тэорыя змовы: кінараман-фарс. Менск: Логвінаў, 2011
Прачытаўшы на «свабодаўскім» сайце водгукі Алеся Аркуша і Валянціна Акудовіча на кнігу, дзе каардынатар «Вялесу» прылічае яе да «масавай літаратуры, якую б было цікава чытаць і ў электрычцы, і ў цягніку», а знаны філёзаф і культуроляг цьвердзіць, што «раман варта чытаць… дзеля мовы і стылю Ўладзіслава Ахроменкі», доўга думаў. Хто ж мае рацыю? Напраўду, з пазыцыяў мэнэджэрска-культуртрэгерскіх, чым завабіць патэнцыйнага чытача — стылем, гуляньнем у цытаты, віртуозным жангляваньнем мультыкультурнымі кодамі ці «інтрыгамі, авантурамі й пагонямі»?
Культавы белетрыст Барыс Акунін прапануе такі няхітры рэцэпт вызначэньня вартасьці літаратурнага тэксту, як ступень нуднасьці. Гаворка пра тое, што часам і Бахціна з Лотманам чытаць больш захапляльна за любы круты вэстэрн.
Напэўна, «Тэорыя змовы» — самая нянудная кніга зь пяцёркі. За гэта яна й вартая прэміі.
Лявон Вольскі. Міларусь: апавяданьні, аповесьць. Менск: Медиал, 2011
Лявон Вольскі — асоба вельмі шматгранная. Можна заблытацца ў ягоных шматлікіх музычных праектах, творчых іпастасях і лірычных героях (і як ён сам не заблытваецца?!). А да ўсяго, яшчэ й
«Міларусь» вяртае ў «рознакаляровыя» дзевяностыя. Кніга атрымалася назьдзіў сур’ёзнай. Месцамі — настальгічна-мэлянхалічнай. Месцамі нават дэпрэсіўнай (аповесьць «Пакуль сабачка жывы»). Мажліва, хтосьці чакаў знайсьці ў ёй большае порцыі фірмовага гумару энэрэмаўскага франтмэна (прынамсі, разьдзел «Жывёльны сьвет Беларусі багаты й разнастайны» мог бы быць даўжэйшым разоў у шэсьць).
Вартая прэміі — за разбурэньне стэрэатыпаў.
Сяргей Календа. Іржавы пакой зь белымі шпалерамі: проза. — Менск, 2011. Выдавецтва не пазначана
Трэцяя кніга Сяргея Календы, як на мяне, — адна з найбольш значных літаратурных падзей мінулага года. Перш як агучыць, за што гэтую кнігу варта «ўвялесіць», крыху канструктыўнай крытыкі.
Складаецца ўражаньне, што аўтара, таленавітага (не пабаюся слова) і, як прынята казаць, пэрспэктыўнага, любоў народная (чытаць: камэрцыйны складнік) ня дужа цікавіць. Інакш — чым патлумачыць такую цьмяную кампазыцыю, адсутнасьць уцямнай анатацыі й хоць нейкага намёку на тое, што гэта ня збор грамафонскіх тэкстаў, а напраўду тое, што напісана ў першым сказе майго допісу? Ня вельмі цікавіць аўтара й наяўнасьць на апошняй старонцы такога зусім неабавязковага й малакарыснага слова, як «рэдактар». Альбо, мажліва, ён разьлічвае на «свайго чытача», заваяванага папярэднімі кнігамі, і яго сьляпую веру ў тое, што ён слушна ўкладае капітал, набываючы 400-старонкавую таміну прозы?
Уступны аповед успрымаецца як гэткі фільтар ад выпадковых людзей. Праверка на вашывасьць: маўляў, агораеш — калі ласка да стала, кніга ў надзейных руках. Праўда, думаю, ня кожны здолее вытрымаць іспыт. Асабіста мне закарцела пачытаць Календу пасьля рэцэнзіі Марыны Весялухі, да якой і скіроўваю цікаўнага чытача (гл. «Дзеяслоў» № 53).
Такім чынам, «Іржавы пакой» можа быць «увялешаны» за новы — нават наватарскі ў нашым бязрыбным кантэксьце — позірк на літаратуру.
Аляксандар Лукашук. Сьлед матылька. Освальд у Менску. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2011
Чытаючы «Сьлед матылька», заўважаеш, як непрыкметна становісься падобным да пэрсанажа папулярнага амэрыканскага мультсэрыялу Спанч Боба. Набрынялы інфармацыяй, захоплены эпохай і ўсімі дэкарацыямі гэтага «літаратурнага раману ў выглядзе журналісцкага дасьледаваньня», як слушна характарызуе яго Валянцін Акудовіч, урэшце табе нічога больш не застаецца, як, разам з аўтарам, пачаць прамаўляць ад першае асобы і… ўзяць забойства Кенэдзі на сябе.
Варты прэміі за новае слова ў чалавечай энтымалёгіі.
Ян Максімюк. Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х у снах, успамінах і фотаздымках. — Менск: Логвінаў, 2011
Гэтая кніга ўспрымаецца як літаратуразнаўчая Адысея аўтара, што доўжылася 15 гадоў на старонках «розных маргінальных выданьняў (калі казаць пра тыраж гэтых выданьняў, а не пра іхны інтэлектуальны ровень)» — абачліва ўдакладняе ён. Ці была нейкая канкрэтная мэта ў гэтага падарожжа? Думаецца, што не. Максімюка цікавіў хутчэй сам працэс, уласна шлях.
Канцавым пунктам гэтага падарожжа ў кнізе стаўся разьдзел «New York, New York…», напісаны ў 2010 г. у Празе пра вандроўку ў сталіцу сьвету напачатку 1990-х з паглыбленьнем у беларускую Амэрыку — тую, пра якую калісьці сьпяваў «Ulis» радкамі «мы вольны штат Амэрыкі». Амэрыку, якая і ў нашым пяцікніжжы выразна праходзіць паўз ці ня ўсе выданьні — ад каўбоя-вершніка, што сышоў з Пагоні ў творы Ахроменкі, пастара пратэстанцкай царквы «Добрая вестка», што зьвязвае нізку «Апранутых апавяданьняў» Календы«, — да Лукашуковага матылька.
Ігар Бабкоў у прадмове да кнігі называе Яна Максімюка легендай і ставіць упоравень з Джойсам «і можа нават Гамэрам» за «стварэньне сваёй мовы». Вось за гэта, відаць, ён і варты высокае прэміі. Хаця, у кожным разе, вырашаць ня нам. І дзякуй Богу!