Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ухналёў: "Посьпех будзе, калі людзі выйдуць"


На 8 кастрычніка ў Беларусі заплянавана першая значная апазыцыйная акцыя гэтай восені - Народны сход. У Менску ён павінен адбыцца на плошчы Бангалор. Улады заяўляюць, што акцыя несанкцыянаваная. Арганізатары сьцьвярджаюць, што дазвол на такі сход паводле дзейнага заканадаўства не патрабуецца.

У нас на тэлефоннай сувязі намесьнік старшыні партыі левых Справядлівы Сьвет Валеры Ўхналёў, адзін з чальцоў аргкамітэту Народнага сходу.

Карэспандэнт: Спадар Ухналёў, пры якіх умовах можна будзе лічыць, што народныя сходы прайшлі пасьпяхова? Чаго найперш спадзяецеся дабіцца вы, як адзін з арганізатараў?

Ухналёў: Я думаю, посьпех ужо будзе, калі людзі выйдуць на гэтае першае пасьля выбараў 19 сьнежня мерапрыемства. І мы як арганізатары недарэмна абралі фармат сходаў, на якія ня трэба дазвол уладаў, бо мы ведаем, што і да выбараў атрымаць афіцыйны дазвол на правядзеньне масавай акцыі ў Менску і ў іншых гарадах. Сёньняшняя сытуацыя, найперш эканамічная, і бязьдзейнасьць уладаў - гэта прывядзе да таго, што людзі выйдуць і выкажуць свае прэтэнзіі да ўлады.

Карэспандэнт: Вы сказалі, што асноўная тэма сходу - эканамічны крызіс. А ці ёсьць у апазыцыі плян змаганьня з эканамічным крызісам? Бо сярод арганізатараў Народнага сходу ёсьць прадстаўнікі розных палітычных плыняў. Вы, напрыклад, прадстаўляеце партыю "Справядлівы сьвет", у вас, натуральна, іншыя рэцэпты змаганьня з крызісам, чым у АГП, напрыклад.

Ухналёў: Сёньня ў нас, у дэмакратычных сіл, ёсьць незалежна ад поглядаў, адзінае разуменьне таго, што павінна рабіць улада для зьмяншэньня ціску крызісу на простага чалавека. А тое, што ў нас розныя эканамічныя падыходы - дык гэта натуральна. Але спачатку трэба справіцца з наступствамі крызісу, і потым ужо людзі будуць вызначаць, якая эканамічная мадэль - лібэральная, якую прытрымліваецца АГП, альбо сацыяльна-арыентаваная, за што выступае наш "Справядлівы сьвет" - будзе абраная. А сёньня інфляцыя па выніках году пад 100 адсоткаў, працягваецца рост цэнаў, і гэта трэба спыніць. Урад жа пляну дзеяньняў ня мае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG