Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вясельле за кратамі


Палітвязень Павал Вінаградаў 22 ліпеня бярэ шлюб са сваёй дзяўчынай Сьвятланай. Наш карэспандэнт сустрэўся зь нявестай напярэдадні вясельля.

Сьвятлана Гарохавік — нявеста палітзьняволенага Паўла Вінаградава. Ёй 24 гады, яна тэстуе кампутарныя праграмы ў менскім прыватным прадпрыемстве. Гэтае інтэрвію яна дала Радыё Свабода за дзень да таго, як зьменіць прозьвішча і стане жонкай Паўла Вінаградава. Вясельле Сьвятланы Гарохавік і Паўла Вінаградава — першае ў шэрагу вясельляў у вязьніцы. Палітвязень Зьміцер Дашкевіч мае ўзяць шлюб з Настай Палажанкай, а Зьміцер Буланаў — з Надзеяй Макарэвіч.

Павал і Сьвятлана разам ужо тры гады, зь іх два пражылі разам. 19 студзеня Павал пайшоў на плошчу. Пасьля яго абвінавацілі па артыкуле аб арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, а таксама ў зьнявазе дзяржаўных сымбаляў. Цяпер Павал адбывае свой тэрмін — 4 гады — у івацэвіцкай калёніі ўзмоцненага рэжыму "Ваўчыныя норы". Там жа знаходзяцца палітвязьні Эдуард Лобаў, Аляксандар Квіткевіч, анархіст Аляксандар Францкевіч. Сьвятлана кажа, што неўзабаве там будзе і Фёдар Мірзаянаў, таксама асуджаны па справе 19 сьнежня.

"На самой справе, калі Пашу пасадзілі, паўстала пытаньне, што мы ня можам бачыцца. Гэта вельмі цяжка. Таму трэба было шукаць нейкі выхад, каб мы маглі бачыцца. Паша ў адным зь лістоў прапанаваў пажаніцца, і я пагадзілася".

Нявеста ў сукенцы, жаніх — у робе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:28 0:00
Наўпроставы лінк


У Вінаградавых незвычайнае вясельле, і падрыхтоўка да яго таксама незвычайная. Зранку Сьвятлана выправілася на Камароўку, каб купіць для Паўла сьвежай садавіны і гародніны. Падчас закупаў даведалася, што яе сяброўка Дар’я, якую затрымалі на маўклівай акцыі, атрымала 10 сутак арышту. Ехаць у калёнію рыхтуецца ня толькі сама Сьвятлана, але і бацькі, і сябры.

"Мая мама прыгатуе мяса, наш сьведка згатуе бульбу, запечаную зь мясам, яшчэ сябры сьпякуць бліны. Я яшчэ прывязу курыцу-грыль, ён яе вельмі любіць. Я павязу тыя прадукты, якія ён еў на волі, што ён любіць".

Разам са Сьвятланай у калёнію адправяцца яе бацькі, бацька Паўла і сьведкі з боку жаніха і нявесты. Пасьля росьпісу ўсе яны адразу вернуцца ў Менск, а Сьвятлана і Павал застануцца разам у калёніі яшчэ на тры дні. Яны змогуць абняцца ўпершыню за сем месяцаў. За гэты час яны бачыліся на судзе і пяць разоў мелі спатканьне ў турме, дзе размаўлялі праз шкло. Сьвятлана вельмі перажывае, што ў апошні момант вясельле могуць не дазволіць.

"Я ня ведаю, заўтра расьпісваецца яшчэ адна пара. Магчыма, адміністрацыя калёніі захоча зрабіць нешта больш урачыстае — тады працэдура будзе адбывацца ў клюбе, можа, будзе гучаць марш Мэндэльсона. Калі не — тады гэта можа быць і проста росьпіс на падваконьні.

Я буду ў чырвонай сукенцы і ў чорных сандалях, а для Пашы вазьму з сабою ягонае адзеньне — джынсы і майку, але я ня пэўная, што яму дазволяць там пераапрануцца. Калі не дазволяць, то ён там будзе ў турэмнай робе".

Сьвятлана кажа, што трохдзённае спатканьне маладых адбываецца ў пакоі кшталту інтэрнатнага, там ёсьць кухня і невялікі дворык, у які ім можна будзе выходзіць. Наступным разам яны плянуюць пабачыцца ў верасьні. На пытаньне, што зьменіцца ў іх жыцьці пасьля шлюбу, Сьвятлана адказала так:

"Я думаю, што ў маім стаўленьні да Пашы нічога ня зьменіцца. Пра яго не магу сказаць. Але я думаю, што гэта будзе яшчэ адна нітачка, якая зьвязвае яго са свабодай".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG