Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 ліпеня — сьвята па разнарадцы


У Менску адбыўся вайсковы парад з нагоды Дня незалежнасьці. Відовішча сабрала невялікую колькасьць гледачоў, многія зь якіх прыйшлі па разнарадцы. Арганізатары сьвяткаваньня і міліцыя зрабілі ўсё, каб на сьвяткаваньне ня трапілі і ня выказалі маўклівы пратэст прыхільнікі суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Некалькі чалавек, якія спрабавалі аплядысмэнтамі выказаць сваю пазыцыю, міліцыянты затрымалі.

Каб трапіць да месца правядзеньня параду — абэліску «Менск — горад-герой», — трэба было прайсьці празь пільны дагляд спэцслужбаў. Акрамя пропуску праз рамкі-мэталашукальнікі, міліцыянты глядзелі, што ў людзей у кішэнях і сумках: забіралі бутэлькі зь пітвом, сьцізорыкі, пілкі для пазногцяў і касмэтычныя нажніцы. Усё гэта адразу выкідалася ў сьметніцу, вярнуць забранае было немагчыма.

Кожнага, хто праходзіў, здымалі на відэа супрацоўнікі спэцслужбаў. Далей людзі шыхтаваліся калёнамі пад расьцяжкамі з назвамі раёнаў Менску, чырвона-зялёнымі дзяржаўнымі сьцягамі, сьцягамі БРСМ і «Белай Русі». Усё гэта адбывалася пад праліўным дажджом. Паводле розных ацэнак, паглядзець парад прыйшлі ад 5 да 10 тысяч чалавек. Усе яны месьціліся недалёка ад галоўнай трыбуны.

Перад самым парадам прыбылі Аляксандар Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем. Абодва былі ў параднай вайсковай форме з маршальскімі пагонамі.

Такім чынам, вайсковы парад прымалі два Лукашэнкі, бацька Аляксандар і сын Мікалай. Яны амаль сынхронна ўздымалі рукі да фуражкі і пілёткі, салютуючы войскам.

Аляксандар Лукашэнка выступіў з палітычнай прамовай:

«Нам узмоцнена і мэтанакіравана навязваюць бессаромныя сцэнары каляровых рэвалюцый, напісаныя пад капірку ў сталіцах асобных краін. Мы разумеем, што мэта гэтых атак — пасеяць няўпэўненасьць і трывогу, разбурыць грамадзкую згоду і ў канчатковым выніку паставіць нас на калені і зьвесьці да нуля ўсе заваёвы незалежнасьці. Гэтаму не бываць».

Выступ Лукашэнкі трыбуны сустрэлі моўчкі. На заключную ягоную рэпліку «Ура, таварышы!» на трыбунах нехта адазваўся: «У ладкі ня пляскаць, а то за вушы выведуць».

Гледачы на трыбунах пераважна прадстаўлялі дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі. Гутару зь людзьмі:

Карэспандэнтка: «Скажыце, калі ласка, як вы прыйшлі на парад: зь сям’ёй, зь сябрамі, з калегамі?».

Спадарыня: «Мы ад дзяржаўнага прадпрыемства «ЦУМ».

Карэспандэнтка: «Ці шмат тут вас?».

Спадарыня: «Так, шмат. Каля тысячы чалавек».

Карэспандэнтка: «А вашы сем’і?».

Іншая спадарыня: «На лецішчы. Каля тэлевізараў некаторыя сядзяць — хто дзе — адпачываюць».

Карэспандэнтка: «А самі прыйшлі б, каб ня з працы?».

Усе разам: «Не, не, не прыйшлі б. Наўрад ці атрымалася б».

Карэспандэнтка: «Напярэдадні сьвяткаваньняў гаварылася пра тое, што парад — гэта дарагая імпрэза і яе ня варта праводзіць. Што вы пра гэта думаеце?».

Спадар: «Думаю, што трэба было — для людзей гэта сьвята».

Карэспандэнтка: «А чаму тады ніхто не апладзіраваў?».

Спадар: «Так, я не апладзіраваў. Ніхто не апладзіраваў».

Карэспандэнтка: «А чаму?».

Спадар: «Баяцца, пэўна».

Карэспандэнтка: «Чаго?».

Спадар: «Не чаго, а каго».

Карэспандэнтка: «Тады каго?».

Спадар: «Вярхоўнага галоўнакамандуючага».

Удзельнікі сьвяткаваньня Дня вызваленьня і Дня незалежнасьці пачалі пакідаць месца падзеі адначасна з заканчэньнем вайсковага параду, не чакаючы, каб пачалося спартовае сьвята.

Актывісты кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» падчас афіцыйнай часткі імпрэзы нічым сябе не праявілі. Міліцыянты ў цывільным затрымалі некалькі актывістаў.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG