Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Навошта дэмакратыя таму, хто прывык, каб за яго ўсё вырашала ўлада"


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 16 сакавіка 2011 году

У многіх допісах, якія мы атрымліваем у гэтыя сакавіцкія дні, нашы аўтары спрабуюць асэнсаваць падзеі мінулых месяцаў, на працягу якіх Беларусь зноў вярнулася да стану міжнароднай ізаляцыі. Чаму так здарылася? Ці мелі рацыю апазыцыйныя лідэры, заклікаючы людзей пасьля выбараў на плошчу? Што чакае беларускае грамадзтва ў блізкай будучыні?

Сярод тых, хто спрабуе адказаць на гэтыя пытаньні, — наш слухач Віктар Рамейка зь Менску. Пра сябе ён паведамляе, што працаваў з 15-гадовага ўзросту. У партыі ня быў. У свой час жыў зь сям'ёй на высылцы за Краснаярскам, рэабілітаваны ў '93-м годзе. Апошнія 20 год на пэнсіі, а да таго працаваў інжынэрам-канструктарам на МАЗе. У сваім лісьце на "Свабоду" спадар Віктар піша:

"Я жыву і падтрымліваю зносіны са звычайнымі людзьмі, далёкімі ад палітыкі — простымі рабацягамі, пэнсіянэрамі, настаўнікамі, інжынэрамі. Пасьля выбараў правёў свой уласны міні-экзыт-пол. Дык вось, зь яго вынікае, што Лукашэнка на мінулых выбараў набраў больш як 50 працэнтаў галасоў. Наколькі больш — вялікага значэньня ня мае. Канечне, калі была дапушчана несправядлівасьць (а яна, верагодна, мела месца), то ёсьць нагода абурацца і пратэставаць. Але вось пытаньне: як, якім чынам даказаць гэтыя самыя фальсыфікацыі? А калі зрабіць гэта немагчыма, то нашы абурэньні проста галаслоўныя — і толькі".

Далей у сваім лісьце Віктар Рамейка піша пра апазыцыйных кандыдатаў:

"Яны што, не разумелі беспэрспэктыўнасьці сваіх намераў? Уся іхная агітацыйная кампанія, як і праграмы, выглядалі малапрывабнымі. Ніхто зь іх ня мог перамагчы Лукашэнку нават на сумленных і справядлівых выбарах. Калі мне, для прыкладу, ня вельмі падабаўся цяперашні прэзыдэнт, дык я галасаваў супраць усіх. І для мяне застаецца незразумелым: чаму гэтыя людзі ўявілі сябе моцнымі палітыкамі, вартымі прэзыдэнцкай пасады... Мне шчыра шкада ўсіх з так званай апазыцыі. Захапіўшыся палітыкай дзеля палітыкі, ня маючы ні дастатковых ведаў, ні досьведу, ні асабістых якасьцяў, гэтыя людзі ўзяліся мяняць сьвет вакол сябе.

Чаму ж нашай краінай гэтулькі гадоў кіруе адзін чалавек? Некаторыя кажуць: такі ўжо наш народ. Ды народ наш ня горшы за іншыя народы. Але ж сказана ў Бібліі: усялякая ўлада — ад Бога. Кожны народ варты свайго ўладара.

А чым жыве асноўная маса нашых людзей? Ім што, надта патрэбна нейкая свабода слова? Дзеля чаго яна ім, дзе можа спатрэбіцца? Свабода слова патрэбна людзям, якія імкнуцца праявіць сябе, вылучыцца з астатняй масы. Прычым найчасьцей — не канкрэтнымі справамі, а папулісцкай гаварыльняй. Тое ж і з дэмакратыяй. Навошта яна токару, пекару, даярцы, трактарысту? Не настаў яшчэ час, калі б наш чалавек быў здольны ўладкоўваць жыцьцё паводле ўласных меркаваньняў і поглядаў, бяз шчыльнай апекі ўлады".


І заканчвае Віктар Рамейка свой ліст на "Свабоду" развагамі пра падзеі 19-га сьнежня і іхныя наступствы. Слухач піша:

"Заклікі прыйсьці на плошчу пачалі гучаць у выступах апазыцыйных кандыдатаў задоўга да выбараў. Я ўважліва слухаў гэтыя выступы, але ад ніводнага прамоўцы не пачуў — дзеля чаго, зь якой мэтай туды ісьці. Лічу, зь іхнага боку гэта несумленна. Калі сказаў "А" — скажы і "Б". Значыць, была нейкая задума, не зьвязаная наўпрост з выбарамі? Хіба лягічна пратэставаць супраць вынікаў, яшчэ ня ведаючы іх, да таго, як іх афіцыйна абвясьцілі? Тым больш нелягічна патрабаваць новых выбараў. Бедны Статкевіч... Ён што, забыў, у якім рэальным сьвеце жыве? Гэта нават ня голас у пустэльні... А "Свабода" ўсьлед за ім усё гэта паўтарае. Забылі, зь якой уладай маеце справу? Вось і паўстае ўвесь час пытаньне: дзеля чаго ўсё гэта задумвалася? І хочацца сказаць апазыцыі: "Вы сваімі паводзінамі на плошчы моцна папсавалі ўласны імідж. Улада ж як-небудзь перажыве гэтыя непрыемнасьці, ёй гэта не ўпершыню...".

Тое, якімі будуць афіцыйныя вынікі выбараў, з высокай ступеньню дакладнасьці было вядома задоўга да 19-га сьнежня, спадар Віктар. Якую тут можна было чакаць інтрыгу — незразумела. І вашы папрокі ў сувязі з гэтым на адрас апазыцыйных лідэраў гучаць прынамсі дзіўна.

Што да незапатрабаванасьці ў беларускім грамадзтве дэмакратычных каштоўнасьцяў... Міт пра тое, што беларусам патрэбна толькі "чарка і скварка", што ім абыякава, ці ёсьць у іх свабодная прэса і справядлівыя выбары — шырока культывуецца і прапагандуецца ўсімі афіцыйнымі інстытуцыямі на працягу ўжо 17-ці апошніх гадоў. Аднак гістарычны досьвед амаль усіх эўрапейскіх народаў, поруч зь якімі стагодзьдзямі жывуць беларусы, сьведчыць аб адной вельмі простай узаемазалежнасьці: дзе няма дэмакратычных правоў і свабодаў, дзе ўладу дзесяцігодзьдзямі гвалтоўна ўтрымлівае аўтарытарны правадыр — там чамусьці і чарка ня надта поўная, і скварка ня надта тлустая.

Аўтар наступнага ліста — Пятро Дырында зь вёскі Хілімонаўцы Сьвіслацкага раёну — адклікнуўся на сэнсацыйныя прызнаньні былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Алеся Міхалевіча. Нагадаю, пасьля вызваленьня з турмы КДБ Міхалевіч заявіў пра тое, што яго катавалі і шантажавалі і што ва ўмовах гвалту ён вымушаны быў падпісаць дамову пра сакрэтнае супрацоўніцтва з КДБ. Слухач з гэтай нагоды піша:

"Некаторыя зьдзіўляюцца: ці такое магчыма ў дачыненьні да кандыдатаў у прэзыдэнты? Такім хочацца сказаць: людзі, вы што, ня ведаеце, у якой краіне жывяце? Не чыталі Салжаніцына, Шаламава, Аляхновіча, Геніюш? Ня ведаеце, дзе Захаранка і Ганчар? Ня бачылі, як зачышчалі Плошчу? Што для гэтай улады значыць зьбіць чалавека?

Асабліва мяне ўразіла, што некаторыя апазыцыйныя палітыкі, якія таксама крыху пасядзелі ў турме КДБ, цяпер кажуць, што зь імі там абыходзіліся добра і ветліва. І пры гэтым чамусьці ніхто, апроч Міхалевіча, больш не прызнаецца пра падпісаныя з КДБ дамовы аб супрацоўніцтве (ці добраахвотныя, ці пад прымусам).

Сумна ўсё гэта назіраць. Здаецца ж, усе ведалі, што ніякіх выбараў у нас даўно няма. Калі ня ведалі — значыць, цемрашалы, абмежаваныя людзі. А калі ведалі і сьвядома ўдзельнічалі ў гэтым спэктаклі — значыць, правакатары і нягоднікі. Такія нам тым больш не патрэбныя. Дыктатар жа сказаў адкрыта: "Уладу не аддам!". Дык чаго палезьлі? Каб пакрасавацца, набіць сабе цану? Хто скажа праўду?

Супраць лома няма прыёма, акрамя другога лома, — гэта й каню калгаснаму вядома. А яны — пра негвалтоўны супраціў. Маўляў, выйдзем, крыкнем "Сыходзь!" — ён спалохаецца і ўцячэ. Ну сьмешна ўсё гэта глядзець і слухаць.

Выбачайце за эмацыйнае пісьмо, але абрыдла ўжо ўся гэта балбатня і хлусьня. Што ж, вы асьвятляеце нашу рэчаіснасьць, як можаце, а мы слухаем вас, як даем рады. Сонейка ўсё вышэй паднімаецца — вясна блізка. Так што будзем жыць. Ночка цёмная на сьвеце вечна не пануе: дажывем да волі і мы"
.

Ня думаю, спадар Пятро, што вы маеце рацыю, калі так паблажліва пасьміхаецеся з ідэі негвалтоўнага супраціву. Менавіта пад ціскам мірных масавых пратэстаў разваліліся напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў усе аўтарытарныя рэжымы ва Ўсходняй Эўропе. Масавае людзкое незадавальненьне, якое выліваецца на вуліцы і плошчы, — вось чаго найбольш баіцца любы аўтарытарны правіцель, які прэтэндуе на пажыцьцёвую ўладу ў дзяржаве. Тое, як цяпер у Беларусі спрабуюць запалохаць грамадзкіх актывістаў за ўдзел у сьнежаньскай Плошчы, як іх жорстка караюць і перасьледуюць — сьведчыць менавіта пра страх улады перад такімі пратэстамі.

Ліст ад Рамана Багданава з Воршы — на тэму перадвыбарчага папулізму ўладаў і жорсткіх эканамічных рэаліяў, у якіх апынулася беларуская эканоміка пасьля выбараў. Слухач піша:

"Перапалоханыя начальнікі перад выбарамі, каб залагодзіць людзей, зрабілі школьнікам бясплатны праезд у грамадзкім транспарце. Але вось выбарчая кампанія скончылася — і бясплатны праезд у дзяцей фактычна забралі. Пакінулі толькі права езьдзіць безь білета ў рабочыя дні ад дома да школы і назад. Як жа так? Перад выбарамі ж і дэпутаты, і прэзыдэнт казалі: дзецям трэба даць магчымасьць наведваць аддаленыя музычныя, спартыўныя, мастацкія школы. І на Ўсенародным сходзе пра гэта так прыгожа гаварылі. І Лукашэнка тады аддаў жорсткі загад. А што цяпер?

Наша Ворша — няпросты горад у пляне крыміналу. На працягу многіх гадоў у нас часта здараліся масавыя жорсткія бойкі з удзелам падлеткаў розных раёнаў. Даходзіла да таго, што ішлі сьценка на сьценку з нажамі, былі ахвяры. Чаму ж не завабіць усімі магчымымі спосабамі гэту моладзь у гурткі і сэкцыі? А платны праезд у грамадзкім транспарце — вялікі ўдар для сямейных бюджэтаў. Асабліва для шматдзетных сем'яў"
.

Даць дзецям ільготы за месяц да выбараў і фактычна адабраць праз два месяцы пасьля выбарчай кампаніі — гэта вельмі красамоўны крок, які сьведчыць пра ўзровень маральнасьці тых, хто прымаў такое рашэньне. А ўвогуле, льготны праезд для дзяцей у грамадзкім транспарце — агульнапрынятая практыка амаль ва ўсіх эўрапейскіх краінах. Дзеці плацяць напалову альбо нават на тры чвэрці меней, чым дарослыя. І пры гэтым ніхто не кантралюе, у школу яны едуць, у гурток ці па нейкіх іншых асабістых справах.

Наш слухач Алесь Цадко з Маладэчна зьвярнуў увагу на нядаўняе выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён у свой час прыйшоў да ўлады з апазыцыі, але з апазыцыі, як асабліва падкрэсьліў Лукашэнка, "не радыкальнай, а канструктыўнай". Алесь Цадко з гэтай нагоды піша:

"Цікава было б пачуць камэнтар Лукашэнкі наконт таго, як склаўся лёс ягоных паплечнікаў па той так званай "канструктыўнай апазыцыі". Імёны ж тых, так бы мовіць, "апазыцыянэраў" вядомыя: Ганчар, Захаранка, Лукашоў, Булахаў, Сініцын, Ціцянкоў, Лябедзька, Фядута, Лявонаў...

Цяпер у сытуацыі, калі невядома, хто стаіць як за праўладнымі, так і за апазыцыйнымі групоўкамі, Лукашэнка робіць усё, каб грамадзтва было апанавана страхам. Пра гэта сьведчаць судовыя выракі, што выносяцца палітвязьням за ўдзел у Плошчы. Асабліва суровыя пакараньні чакаюць, на мой погляд, былых паплечнікаў помсьлівага пераможцы — Лябедзьку і Фядуту.

А самы жорсткі прысуд можа атрымаць разумны, рашучы і незалежны барацьбіт, рэальны пераможца наступных прэзыдэнцкіх выбараў Павал Севярынец.

Калі Захад абмяжуецца мяккімі санкцыямі (як ён гэта рабіў дагэтуль), то наша краіна трапіць у палон страху, а цяперашніх апазыцыйных лідэраў у лепшым выпадку напаткае лёс вядомага расейскага бізнэсоўца Міхаіла Хадаркоўскага"
.

Лёс былых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі, якія ў свой час вялі яго да ўлады і адкрыта цешыліся ўласнымі далёкасяжнымі кар'ернымі плянамі, сапраўды, схіляе да сумнага роздуму. Адны — бясьсьледна зьніклі (як Захаранка і Ганчар) , другія — заўчасна пайшлі з жыцьця (як Лукашоў і Булахаў), трэція — уцяклі за мяжу (як Лявонаў і Ціцянкоў), чацьвертыя — сядзяць у турме (як Фядута і Лябедзька)...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG