Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі: “Пакуль мы на свабодзе, мы будзем выконваць праваабарончыя функцыі”


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі
У менскім офісе праваабарончага цэнтру “Вясна” ў панядзелак адбыўся ператрус. Пазьней ператрусы былі праведзеныя на лецішчы ў праваабаронцы Алеся Бяляцкага і ў кватэры, дзе жыве ягоная сям’я.

Алесь Бяляцкі быў у панядзелак госьцем “Начной Свабоды: вынікаў дня”.

Бяляцкі: Пасьля таго, як у нас адбыўся вобшук у офісе і адтуль забралі ноўтбук, а таксама некаторыя даўнія паперы, чалавек, што праводзіў вобшук (Аляксандар Мацкевіч – ён адзіны адрэкамэндаваўся з усёй каманды) абвясьціў, што мы едзем на допыт у КДБ, хаця насамрэч машына паехала на маё лецішча. Тэлефон у мяне ўжо быў выключаны, і паведаміць пра гэта не было ніякай магчымасьці.

Калі мы прыехалі на лецішча, там ужо былі панятыя і зноў была пастанова на чарговы вобшук, і гэты вобшук доўжыўся на лецішчы дзьве з паловаю гадзіны.

Паралельна прыкладна ў 9 гадзінаў вечара вобшук пачаўся і ў кватэры, дзе жывуць мае жонка і сын. Такім чынам, я сёньня быў абшуканы з ног да галавы. У выніку ператрусаў забралі толькі старыя паперы – дакумэнты, якія мелі дачыненьне да праваабарончай дзейнасьці трохгадовай даўнасьці. Нічога з таго, што іх цікавіла па справе 19 сьнежня, знойдзена не было.

Думаю, што яны моцна не расчараваліся, бо надта й не спадзяваліся што-небудзь знайсьці. Галоўная задача – ня тых, хто шукаў, бо яны проста выконвалі задачу, а тых, хто ставіў ім гэтую задачу – была, мне падаецца, у тым, каб усё ж такі дэзарганізаваць працу праваабарончага цэнтру “Вясна”, інфармацыйную працу, якую мы праводзім, і працу для дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Гэта ім ня ўдасца ў той меры, так, як яны плянавалі, бо пакуль мы самі знаходзімся на свабодзе, мы будзем выконваць свае праваабарончыя функцыі.

Слухаць гутарку цалкам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG