— Вашая сям’я — прыклад стабільнасьці, пра якую ў Беларусі шмат гаворыцца на вышэйшым узроўні. У дадзеным выпадку — стабільнасьці ў сямейных адносінах. Раскажыце, калі ласка, як адбылося ваша знаёмства, хто каго заўважыў і пачаў заляцацца?
— Мы жывем разам ужо 31 год. Увогуле, пазнаёміліся на вясельлі ў Рыгоравых сваякоў, нешта пацягнула адно да аднаго. Відаць, так лёсам было наканавана… Ён тады вучыўся ў Горацкай акадэміі, часу «раскачвацца» не было, і месяцы праз тры ён зрабіў прапанову. То бок, у траўні мы пазнаёміліся, а ў лютым ужо было вясельле.
— Спадарыня Ларыса, раскажыце пра дзяцей: дзе яны, чым займаюцца? Дзеці ж ужо дарослыя?
— У нас трое дзяцей. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Старэйшай дачцэ 30 гадоў, замужам, цяпер у адпачынку па даглядзе за дзіцём. Ад яе маем унучачку, ёй 8 месяцаў. Сярэдняй дачцэ 27 гадоў, яна працуе пэдагогам у музычнай школе. Сыну 22 гады, заканчвае вучобу ў Гданьску.
— Выбарчая кампанія вымагае куды большай прысутнасьці кандыдатаў як у сталіцы, так і ў іншых рэгіёнах. Відавочна, што камандзіроўкі спадара Рыгора сталі больш працяглымі. Адчулі, што не хапае гаспадарскай рукі? Да таго ж, у Вас значныя сямейныя клопаты — даглядаеце бабулю, маці…
— Так, ягоная адсутнасьць адчуваецца. Натуральна, гэта не гаворыць аб тым, што ён дрэнны гаспадар. Кожны разумны чалавек ведае, колькі гэтая дзейнасьць, асабліва дзейнасьць палітычная, забірае часу. Добра, канечне, калі муж побач, побыт абсталяваны. Але ўсё гэта і досыць сумна. Таму наш дэвіз такі, каб жыць дзеля чагосьці. Гэта нашмат цікавей. Я, прыкладам, жыву дзеля мужа, дзяцей, сваіх блізкіх, намагаюся дапамагаць ім, чым магу. Кар’еру я не зрабіла, трэба некаму аднаму займацца кар’ерай. Для мяне галоўнае — сям’я. А ў сям’і важныя павага і разуменьне, і ў нас гэта ўлічваецца — інтарэсы адзін аднаго… Так, я даглядаю за бабуляй, ужо 11 гадоў зьяўляюся яе апекуном. Калі ёй было 80 гадоў, у яе здарыўся пералом шыйкі бядра. Яна была ляжачай хворай, патрабаваўся дагляд. І калі здарылася гэтае няшчасьце, у сям’і нават не стаяла пытаньне «што рабіць?». Муж ухваліў мой выбар, і за гэта я яму заўсёды буду ўдзячная. Зараз бабулі 91 год, мы зь ёй зноў вучыліся хадзіць — на мыліцах.
Маме маёй 71 год. Пасьля таго, як памёр мой старэйшы брат, ёй таксама патрэбная дапамога і падтрымка. Таму я кінула працу і ўжо 11 гадоў дапамагаю блізкім. Бацькі мужа памерлі, і ўсё, што ў яго засталося — гэта мы, ягоная сям’я, бо ён быў адзін у бацькоў. І я заўсёды прашу Бога, каб ён даў яму здароўя, сілаў змагацца да перамогі. Каб перамог у сваёй справе.
— Увогуле, на якім этапе Вы даведаліся, што спадар Рыгор мае намер балятавацца ў прэзыдэнты? Якой была першая рэакцыя? Ці падтрымалі бацьку дзеці?
— Асабліва гэта ў нас не афішавалася. Чуткі даходзілі, але я даведалася збольшага выпадкова. На вёсцы ў нас застаўся дом Рыгоравых бацькоў — там невялікі агарод, трэба ж неяк выжываць. Дык вось я там лета і жыла, бо мужу часта езьдзіць не ўдавалася. І калі я пра такое рашэньне даведалася, то для мяне гэта, канечне, было нечаканасьцю. Бо некалькі гадоў таму я неяк сама тэму закранула: а каб ты пайшоў у прэзыдэнты? І ён тады адказаў: мне гэта непатрэбна, я ня дзеля гэтага змагаюся. Чаму ён зьмяніў рашэньне — сказаць не магу. Мы яго ў сям’і, канечне, падтрымліваем, дзеці таксама дапамагаюць і маральна, і словам. Але думаю, што ўсё гэта дарэмна… Калі ён вылучаўся ў дэпутаты, я таксама дапамагала зьбіраць подпісы, была назіральніцай у Шклове і ўжо тады пераканалася: усё робіцца не па справядлівасьці. Літаральна на вачах падрабляліся подпісы, усё зьмянялася па прынцыпе «як трэба». Але мой муж не здаецца, ён верыць у перамогу. Дай Божа яму ўдачы.
— Калі Партыя БНФ вылучала Рыгора Кастусёва кандыдатам у прэзыдэнты, гучаў такі лёзунг: маўляў, бяда са Шклова прыйшла, шклоўскі яе і павінен спыніць. Так атрымалася, што першы і пакуль апошні прэзыдэнт Беларусі — ваш зямляк. Якія адчуваньні былі адразу пасьля абраньня кіраўніком дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і цяпер, праз паўтара дзясятка гадоў?
— Шчыра скажу: калі Лукашэнка вылучаўся на прэзыдэнта, нейкі гонар яшчэ быў. Але я таксама памятаю, што калі ён, груба кажучы, лез на пасаду кіраўніка краіны, як ён закрываў усім рот, утоптваў усіх у бруд. У нас жа шмат людзей разумных, прыстойных, маюць навуковыя ступені, але ў адносінах да іх ён і цяпер застаецца такім жа хамам, як быў тады. Ён патрабуе да сябе павагі, але не паважае нікога зь беларусаў. Гэта бачна няўзброеным вокам. І калі тады яшчэ было нейкае спадзяваньне на лепшае будучае, то цяпер — не. Маё спадзяваньне — мой муж. Я ведаю: што б ён ні рабіў, ён робіць усё правільна.
— Пры гэтым нярэдка можа пачуць меркаваньні, што паміж кандыдатам Кастусёвым і кандыдатам Лукашэнкам нямала агульнага: і землякі, і былыя дырэктары саўгасаў, нават вусатыя абодва…
Была дамоўленасьць з Лукашэнкам: ён прызначыў нам час, але… на сустрэчу не прыйшоў. Вось тады ў Кастусёва меркаваньне пра Лукашэнку рэзка зьмянілася.
— Няўжо ў іх ёсьць нейкае зьнешняе падабенства? Калі толькі вусы… Вусы — гэта ягоная фішка. Як мне падаецца, у іхных характарах — усё рознае. Мой муж — прыстойны, ён чалавек справы, надзвычай пунктуальны. Прыкладам, у нас быў такі выпадак: па сямейных абставінах нам трэба было выехаць у Шклоў. Стаяла пытаньне пра тое, дзе спыніцца, трэба было памяняць працу. Была дамоўленасьць з Лукашэнкам: ён прызначыў нам час, але… на сустрэчу не прыйшоў. Вось тады ў Кастусёва меркаваньне пра Лукашэнку рэзка зьмянілася.
Чалавек, у якога разыходзяцца слова са справай, — ненадзейны, нават, можна сказаць, дрэнны. А мой муж калі слова даў, то мусіць яго выканаць. Бо ён паважае людзей. Бывае, можа крыху жорсткі, але гэта, лічу, толькі на карысьць. Ён карэнны беларус, надзвычай любіць Беларусь, любіць беларускую мову і паважае сябе як беларус. І хоча, каб нашы людзі гэта зразумелі. Але ня ўсім гэта дадзена. У нас жа цяпер прапагандуюць агіду да беларускай мовы, нас адвучылі ад роднай мовы. Але паважаць сябе як беларусы мы павінны пры любых абставінах. Гэта ягоная непахісная пазыцыя.
— Не сакрэт, што «першая лэдзі Беларусі» так і не пераехала за мужам у Менск. Маглі б уявіць нешта падобнае ў адносінах да сябе? Ці можна хоць бы гіпатэтычна ўявіць, што, калі б Ваш муж стаў кіраўніком дзяржавы, Вы б ад яго «адхрысьціліся»? Як гэта ацэньваюць Вашы знаёмыя ў Магілёве, у Шклове?
— Калі я працавала, гэта сапраўды было на слыху. Натуральна, усё гэта абгаворвалася ня толькі ў цесных колах. Асуджалі, бо так быць не павінна… Маё меркаваньне такое: Галіна Радзівонаўна не паехала за мужам у Менск — і правільна зрабіла. Ён мужчына «шчадралюбны», гэта не сакрэт. А яна жанчына вельмі прыстойная. Мне даводзілася зь ёй гутарыць. Я працавала выхавацелькай у дзіцячым садку і зьвярталася да яе зь некаторымі пытаньнямі. Яна мне спадабалася як чалавек, жанчына вельмі цікавая. І я лічу, што ёй проста не пашанцавала з мужам. Гэта маё асабістае меркаваньне, але Бог ім судзьдзя. Ведаючы свайго мужа, я перакананая: у нас такой сытуацыі ня можа быць у прынцыпе. Я ў ім перакананая на ўсе сто.
— Вы мелі магчымасьць паслухаць тэле- і радыёвыступы спадара Рыгора. Ці з усімі заявамі згодныя? Прынамсі многія аналітыкі лічаць выказваньні кандыдата Кастусёва занадта радыкальнымі…
— Якраз у гэты час хварэла дачка, цэлы месяц, я была занятая. Па радыё ня чула, па тэлебачаньні два разы выступы бачыла, але таксама не ад пачатку. Гэта ўвогуле вельмі балючая тэма, я заўсёды вельмі за яго хвалююся, і мне цяжка ацэньваць ягоныя выступы. Але ведаю толькі адно: ён любіць сваю радзіму, вось і ўсё. Нават калі і былі нейкія памылкі, то ўсё гэта папраўнае. Ну а наконт радыкальнасьці? Дык гэта правільна: колькі нам яшчэ можна сюсюкаць? Пара радыкальна прымаць меры. Бо мы не жывем, а выжываем, я ж на сабе ўсё гэта адчуваю. Вельмі складана жыць, лічачы капейкі…
Наогул складаецца ўражаньне, што апроч Лукашэнкі, у Беларусі няма годных людзей. Але ж гэта ня так! У нас шмат вартых людзей, якія маглі б паспрабаваць нешта зрабіць для сваёй радзімы. Трэба толькі даць магчымасьць іншаму чалавеку прадэманстраваць свае здольнасьці. Калі мой муж працаваў інжынэрам, працаваў дырэктарам саўгасу, ён заўсёды займаўся стваральнай працай, нягледзячы на тое, што на яго той жа лукашэнкаўскі сябра Глаз ліў бруд. Школу будаваў, дарогі добраўпарадкаваў, розныя дэталі даставаў. Пасьля нашага ад’езду ўсяго гэтага дабра засталося яшчэ на многія гады. Таму трэба даць магчымасьць некаму іншаму паспрабаваць палепшыць дабрабыт нашага народу.
— Як паказвае досьвед, для гэтага трэба мець здольнасьць наабяцаць… Вы нешта раілі мужу падчас падрыхтоўкі тэксту перадвыбарнай прамовы? І ці прыслухоўваецца ён увогуле да крытыкі на свой адрас?
Мне проста шкада нашых мужчынаў, што ў іх няма ні гонару, ні сьмеласьці пастаяць за сябе.
Што да таго, раіла я нешта ці не падчас падрыхтоўкі прамовы для выступу, — не, таму што ён сам кампэтэнтны ў гэтых пытаньнях. Ён зрабіў выбар, усё гэта ведае, усё гэта ўмее, дай яму толькі Божа дапамогі. Калі толькі па дробязях: дачка штосьці параіла пасьля выступу, я на нешта зьвярнула ўвагу. Ён прыслухоўваецца да парадаў, улічвае пажаданьні і заўсёды спакойна ставіцца да крытыкі на свой адрас.
— Рыгор Кастусёў, калі можна так выказацца, на тле іншых выглядае як адзіны «несталічны» кандыдат, самы «народны». Як Вы мяркуеце, у цяперашняй сытуацыі гэта для яго плюс ці мінус?
— Кожны робіць свой выбар: камусьці падабаюцца ўзвышаныя, інтэлігентныя. А ён чалавек просты, ніколі не фанабэрыўся сваёй адукацыяй. Зь сялянскай сям’і, маці ў яго была вельмі прыстойная жанчына. Яна скончыла 4 клясы да вайны, але была граматнай жанчынай, заўсёды хацела вучыцца. І хацела, каб вучыўся сын, быў чалавекам, якога паважаюць. І яна вельмі Рыгорам ганарылася. Магчыма, нашым людзям патрэбна нешта больш узвышанае. Дарэчы, я чытала ў інтэрнэце, што пасьля аднаго інтэрвію, калі журналісты былі ў нас на вёсцы, пачалі параўноўваць з прэзыдэнтам. Але тады было ўсё спантанна і параўноўваць ня трэба. Кожны варты быць чалавекам, мае права на сваё меркаваньне. І калі нейкія пазыцыі супадаюць, то гэта не азначае, што калі ён гэтак жа сама зь вёскі, то ня можа палепшыць наша жыцьцё.
— І па інтэрвію, і па Вашых словах выглядае, што сям’я Кастусёвых — вельмі моцная і дружная. Напэўна, ёсьць і нейкія свае сямейныя традыцыі?
— Можа скласьціся меркаваньне, што мы такія ідэальныя… Не, у нас усё ў жыцьці бывае. Але каб было дрэнна, то мы б не пражылі 31 год разам. Рыгор заўсёды ставіўся адказна да сваіх абавязкаў, да працы. Але ніколі не забываўся на тое, што ў яго ёсьць сям’я. Калі была патрэбная дапамога і маім бацькам, і ягоным, нашым блізкім, заўсёды знаходзіў на гэта час. Крыху, канечне, былі абдзеленыя ўвагай, але мы заўсёды разумелі і прымалі яго выбар. Такая наша сям’я. Увогуле, мы заўсёды любілі сьвяты. Калі пераехалі ў Шклоў, любіла пячы пірагі. Цяпер дзеці ўжо дарослыя, жыцьцё раскідала, аднак і на адлегласьці мы адчуваем падтрымку адзін аднаго. Канечне, зь яго пасадамі і займаньнем палітыкай у нас застаецца мала часу, але пры любым зручным выпадку стараемся быць разам. Мы вельмі любім адзін аднаго, паважаем інтарэсы адзін аднаго ў сям’і. І, натуральна, падтрымліваем як у радасьці, так і цяжкую хвіліну, гэта асабліва. З улікам таго, што ў нашага таты вельмі неспакойнае жыцьцё, пастаянна за яго хвалюемся, просім, каб ён нам увесь час паведамляў пра месца свайго знаходжаньня.
…Нас ужо пяць пакаленьняў: бабуля, мама, я, мае дзеці і ўнучачка — ужо прапраўнучка нашай 91-гадовай бабулі. Усе мы, нашы пяць пакаленьняў, перажываем за нашага Рыгора Кастусёва, у яго вельмі надзейны тыл. Удачы яму, удачы ўсім, хто падтрымлівае яго.