Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на саміце АБСЭ ў Астане выступіць з прамовай


1-2 сьнежня ў Астане пройдзе саміт Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ). Апошні раз кіраўнікі 56 краін, што ўваходзяць у гэтую міжнародную арганізацыю, сустракаліся разам 11 гадоў таму, у Стамбуле. Новы саміт арганізоўвае Казахстан, краіна, якая першая зь дзяржаваў СНД, старшынюе ў АБСЭ.

Кіраўнік беларускай дзяржавы ўжо паляцеў у Астану. Там заплянаваны яго выступ на пленарным паседжаньні.

Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка ў размове са "Свабодай" выказаў меркаваньне, што АБСЭ патрэбна новае дыханьне:

Мы, напрыклад, ня чуем голасу АБСЭ наконт разьмяшчэньня сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе
"Вядома, яна патрабуе рэфармаваньня. Мы, напрыклад, ня чуем голасу АБСЭ наконт разьмяшчэньня сыстэмы супрацьпаветранай абароны ў Эўропе. Арганізацыя павінна бачыць, што адбываецца ў сучасным сьвеце. Часьцей за ўсё бачаць што? Правы чалавека як ключавыя правы. Але пры гэтым чамусьці не заўважаюць рэалізацыю на практыцы іншых правоў. Напрыклад, у нашай краіне права на працу, права на даступнае мэдычнае абслугоўваньне і шэраг іншых пазыцый".

Палітыкі і аналітыкі што да АБСЭ выразна падзяліліся на дзьве групы. Адна слаба верыць у рэфармацыю і лічыць, што АБСЭ як арганізацыя ўжо састарэла. І нават называюць яе "прадуктам эпохі, якая ўжо сышла". Другая група спадзяецца на станоўчыя зьмены. Менавіта такі настрой цяпер у Астане, гаворыць міжнародны аглядальнік зь Менску Раман Якаўлеўскі, які ад учорашняга дня знаходзіцца ў сталіцы Казахстану:

"Але ўсе прызнаюць асаблівую заслугу кіраўніцтва Казахстану, які сёлета старшынюе ў АБСЭ. Гэта падкрэсьлівае і кіраўнік беларускай дзяржавы, які кажа, што гэта трэба залічыць як дасягненьне прэзыдэнта Назарбаева і ўвогуле кіраўніцтва Казахстану. Яны змаглі арганізаваць такую сустрэчу. А гэта было вельмі ня проста".

Пытаемся ў спадара Якаўлеўскага, што будзе найбольш адметным на саміце АБСЭ?

Адным з галоўных пытаньняў гэтага саміту павінны стаць разгляд, дыскусія, датычная ініцыятывы расейскага прэзыдэнта Мядзьведзева наконт новай архітэктуры расейскай бясьпекі
"Адным з галоўных пытаньняў гэтага саміту павінны стаць разгляд, дыскусія, датычная ініцыятывы расейскага прэзыдэнта Мядзьведзева наконт новай архітэктуры расейскай бясьпекі. Маецца на ўвазе падвышэньне эфэктыўнасьці АБСЭ і наагул рэканструкцыя гэтай архітэктуры. Але, наколькі мне вядома, з такой пастаноўкай пытаньня ня вельмі згодны Захад, у прыватнасьці Злучаныя Штаты. І паводле прыватнай інфармацыі, гэта ініцыятыва застанецца ў межах АБСЭ ў бясконцай дыскусіі".

АБСЭ традыцыйна называюць арганізацыяй ад Ванкувэру да Ўладзівастоку. Гэтым падкрэсьліваюць тую велізарную прастору, якую яна ахоплівае — ад Канады да Расеі. 56 розных краін з разнастайнымі інтарэсамі ня могуць, у адрозьненьне, напрыклад, ад Эўразьвязу, знайсьці паразуменьне па многіх праблемах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG