Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве паболела месцаў для агітацыі


Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Магілёва павялічыла колькасьць месцаў для агітацыйных мерапрыемстваў, якія праводзяцца кандыдатамі на прэзыдэнцтва.

Цяпер агітаваць дазволена не на дзьвюх пляцоўках, а на шасьці. Акрамя таго, улада дазволіла агітатарам выкарыстоўваць танцпляцоўкі ў некалькіх дварах у раёне.

Са зваротам да раённай улады з просьбай дазволіць правядзеньне агітацыі ў тых месцах, дзе зьбіраліся подпісы ў падтрымку прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва, зьвяртаўся магілёўскі штаб Уладзімера Някляева.

"Гэта проста адпіска. Яны зрабілі выгляд, што задаволілі нашу просьбу. Мы спасылаліся на станоўчы прыклад Менску і на заявы Ярмошынай, што можна агітаваць у месцах збору подпісаў. Адзіная прыдатная для агітацыі новая пляцоўка, якая нас цалкам задавальняе, — гэта каля гандлёвага цэнтру "Прэстан", там мы зьбіралі подпісы. Наагул жа новыя пляцоўкі — гэта адасобленыя месцы, і туды трэба ісьці людзям сьвядома. Пляцоўка каля кінатэатру "Ветразь" — там людзкая плынь штодня адна й тая ж. Спальны раён. Доўга там трымаць пікет немэтазгодна. Каля лядовага палаца дазволілі, але там ёсьць сэнс агітаваць, калі праводзяцца мерапрыемствы. А так людзей там няма. Пляцоўка каля кінатэатру "Космас" наагул бязьлюдная", камэнтуе рашэньне адміністрацыі супрацоўніца штабу Някляева Аксана Закрэўская.

На дадзены момант просьбы дазволіць агітацыю тамсама, дзе і падчас збору подпісаў, не задаволеныя адміністрацыямі двух раёнаў Бабруйску і Асіповіцкім райвыканкамам. Аналягічную супольную заяву штабы Някляева й Саньнікава накіравалі ў Магілёўскі гарвыканкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG