Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Талачыне правялі “рэпэтыцыю” выбараў


На Віцебшчыне пачаліся трэнінгі для чальцоў участковых камісій. Іх вучылі, як трэба падлічваць галасы, а таксама як спраўляцца з хуліганамі і як абыходзіцца з прадстаўнікамі СМІ.

Праз інсцэніроўкі пэўных сытуацый чальцоў камісій вучылі, як трэба дзейнічаць у форс-мажорных абставінах: да прыкладу, калі на ўчастку зьявіцца нецьвярозы хуліган, або прагаласаваць захоча грамадзянін іншай краіны, ці прадстаўнікі прэсы захочуць зрабіць фотаздымкі выбарчага працэсу. У апошнім выпадку, дарэчы, рэкамэндавана даваць дазвол, але толькі на некалькі здымкаў і з умовай, што журналісты ня будуць замінаць выбарцам і камісіі.

На практычных занятках былі «пройдзены» ўсе этапы выбараў: ад датэрміновага галасаваньня да падліку галасоў. Прычым арганізатары нагадалі: на стале ў старшыні кожнай камісіі абавязкова мусіць ляжаць Выбарчы кодэкс, бо прадугледзець і «адпрацаваць» усе верагодныя сытуацыі на трэнінгу немагчыма.

Да 19 сьнежня падобныя трэнінгі пройдуць як у розных рэгіёнах Віцебшчыны, так і па ўсёй Беларусі. Гэта ініцыятыва і распараджэньне Цэнтравыбаркаму.

Сябар Віцебскай абласной выбарчай камісіі Мікалай Селівашка згадвае, што даўно прапаноўваў арганізаваць навучаньне для ўчастковых камісій, падчас падрыхтоўкі да мінулых мясцовых выбараў. Але яго прапанову не падтрымалі. Між тым, трэнінгі, на ягоную думку, проста неабходныя: насуперак афіцыйным сьцьвярджэньням, што ў камісіі ўключаюць самых спрактыкаваных і дасьведчаных у выбарчым заканадаўстве людзей, падчас выбараў здараюцца шматлікія парушэньні.

Аднак на думку спадара Селівашкі, акцэнтаваць увагу ўдзельнікаў практычных заняткаў варта не на нейкіх пазаштатных сытуацыях, якія здараюцца адносна рэдка, а на працэсе падліку галасоў. Ён мусіць быць адкрытым для назіральнікаў, а на справе найчасьцей бывае наадварот.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG