Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды не задаволілі скаргі пра фармаваньне выбарчых камісіяў


З 85 скаргаў у суды пра неўключэньне 413 чалавек у склад участковых выбарчых камісіяў 83 пакінутыя без задавальненьня. Дзьве скаргі яшчэ не разгледзелі. Такія лічбы агучыла 15 лістапада ў сваёй справаздачы кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Юрыст кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч падкрэсьлівае, што праблема палягае ў недасканалым выбарчым заканадаўстве. Законам не прадугледжаныя крытэрыі адбору сябраў выбарчых камісіяў. Напісана толькі, якія суб’екты маюць права іх вылучаць, (партыі, грамадзкія арганізацыі, працоўныя калектывы, грамадзяне праз збор подпісаў), а таксама тое, што ня меней за траціну ў выбарчых камісіях павінны складаць прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў і партыяў. Таму ў скаргах людзі зазначалі, што ў райвыканкамах ці ў адміністрацыях раёнаў у буйных гарадах ім адмаўлялі паводле дыскрымінацыйнага падыходу.

Валянцін Стэфановіч
Стэфановіч: «Гучалі такія матывы: вас ня ўключым, бо вы прадстаўляеце апазыцыю, будзеце скардзіцца ці яшчэ нешта рабіць, перашкаджаючы працаваць. І, натуральна, гэта выглядае як дыскрымінацыйны падыход. Таму што прадстаўнікам іншых палітычных партыяў аддаваўся прыярытэт. І, натуральна, што і суды пазьбягалі даваць ацэнку гэтым дыскрымінацыйным аргумэнтам, а абмяжоўваліся фармальным адказам, што суд ня можа даваць ацэнку, хто варты, а хто ня варты».

Праваабронцы прадбачылі такое разьвіцьцё падзеяў, і таму прасілі юрыстаў дапамагаць прадстаўнікам партыяў і грамадзкіх арганізацыяў пісаць скаргі ў суд.

Павал Левінаў
Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту ў Віцебску Павал Левінаў лічыць, што ў райвыканкамах пры фармаваньні камісіяў кіраваліся толькі палітычнымі матывамі:

«З усіх палітычных партыяў у Віцебску ня быў уключаны ў камісіі ніводзін іх прадстаўнік. А скаргі падалі толькі партыя „Справядлівы сьвет“ і група грамадзянаў, якія вылучалі свайго прадстаўніка, за якога падпісаліся 153 чалавекі замест належных дзесяці. Але ў камісію ўвайшоў прадстаўнік улады — намесьнік генэральнага дырэктара „Віцебскхлебпрому“ Маркоўскі, які падаў заяву зь дзесяцьцю подпісамі. А пасьля два чалавекі напісалі заяву ў ЦВК, што яны за Маркоўскага ня ставілі подпіс. Зараз ЦВК праводзіць праверку».

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што адзіны спосаб перамагчы суб’ектывізм — гэта карэнным чынам зьмяніць заканадаўства. І найперш выключыць працоўныя калектывы зь пераліку тых, хто мае права вылучаць у склад выбарчых камісіяў сваіх прадстаўнікоў. Гэта мусіць быць справай палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG