Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: Сустрэчы з выбарцамі — пад кантролем


Гомельскі гарвыканкам адмысловым рашэньнем вызначыў месцы для сустрэчаў з кандыдатамі ў прэзыдэнты і разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў падчас сёлетняй выбарчай кампаніі.

Сустрэцца з кандыдатамі і іх даверанымі асобамі па-за сьценамі памяшканьняў выбарцы Навабеліцкага раёну могуць толькі ў адным месцы — на пляцоўцы зоны адпачынку “Сажалкі”. Тут можна мітынгаваць, ладзіць пікеты.

У Цэнтральным раёне такіх месцы два. У найбольш буйных раёнах — Чыгуначным і Савецкім, дзе жыве звыш 300 тысячаў гараджанаў — такіх месцаў ужо тры.

Рашэньне ўладаў Гомелю камэнтуе старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, палітоляг Васіль Палякоў:
наогул ня трэба вызначаць нейкія месцы для сустрэчаў з кандыдытамі


“На маю думку, падчас прэзыдэнцкай кампаніі наогул ня трэба вызначаць нейкія месцы для сустрэчаў з кандыдытамі, а дазваляць ці ўзгадняць тыя памяшканьні, тыя месцы, якія да спадобы кандыдатам. Дзе кандыдат захацеў, там ён і праводзіць. Галоўнае, каб гэта не перашкаджала іншым кандыдатам, не перашкаджала жыцьцядзейнасьці гораду ці нейкага населенага пункту”.

У параўнаньні з прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году, сёлета вызначана крыху больш памяшканьняў, дзе можна будзе сустрэцца з выбарцамі, — ад 2 да 4 у кожным раёне гораду .

Рэгіянальны каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары” Ўладзімер Кацора адзначае, што лепшых памяшканьняў для сустрэчаў гараджанаў з кандыдатамі ўлады ўсё-ж ня далі:
Ня самыя лепшыя памяшканьні выдзелены для сустрэчаў


“Ня самыя лепшыя памяшканьні выдзелены для сустрэчаў. Напрыклад, гарадзкі цэнтар культуры, дзе была сустрэча кандыдата ў прэзыдэнты Мілінкевіча ў 2006 годзе. Нам не хацелі даваць гэтае памяшканьне, але мы сказалі, што маем права паводле Выбарчага кодэксу, і сустрэча адбылася. Але я са зьдзіўленьнем адзначыў, што няма гэтага памяшканьня ў цяперашнім рашэньні. Няма абласнога грамадзка-культурнага цэнтру, які заўсёды быў палітычным цэнтрам. Заходні мікрараён таксама ня вельмі зручны. На вуліцы Ўладзімірава, дзе я, дарэчы, жыву, месца вызначана такое, што там толькі сабак выгульваць. Там людзі не зьбіраюцца, і нельга правесьці масавае мерапрыемства”.

Паводле спадара Кацоры, ня лепшыя месцы гарвыканкам выдзяляе таму, што там ня будзе сустрэчаў з галоўным кандыдатам — дзейным прэзыдэнтам.

Цяпер мясцовыя ўлады могуць наогул рэглямэнтаваць усе сустрэчы кандыдатаў з выбарцамі. Таму спрыяюць зьмены, унесеныя ў Выбарчы кодэкс нібыта дзеля яго паляпшэньня.

Уладзімір Кацора тлумачыць: “Гэта новая норма ў так званым зьмененым тэксьце кодэксу. Раней гэта было напісана адным абзацам, што кандыдат у прэзыдэнты праводзіць сустрэчы з выбарцамі на сходах альбо ў іншай зручнай для выбарцаў форме. Цяпер усё гэта рэглямэнтавалі: як праводзяцца мітынгі, пікеты, у памяшканьнях -- як праводзяцца сустрэчы. І асобна — дзе можна разьмяшчаць агітацыйныя плякаты. З упэўненасьцю кажу, што гэта толькі ўскладніць працу кандыдатаў і іхніх камандаў”.

Дасьведчаны ў выбарчых справах гамяльчук Міхаіл выказвае сваё стаўленьне да ўсіх гэтых рэглямэнтацыяў:

“Гэта — чарговая сьвістапляска, і ня больш за тое. Вы ж паслухайце прэзыдэнта, які кажа: “ У мяне адпрацаваная тэхналёгія выбараў”. Сьвістапляска гэта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG