Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беленькі: “Мы мусім салідарна адвярнуцца ад рэжыму”


Юрась Беленькі прамаўляе падчас мітынгу ў Курапатах
Юрась Беленькі прамаўляе падчас мітынгу ў Курапатах
Падчас мітынгу ў Курапацкім лесе ў Дзень памяці продкаў лідэры КХП-БНФ заклікалі грамадзянаў Беларусі да няўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах.

У сваім звароце да ўдзельнікаў шэсьця і мітынгу на Дзяды старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк заклікаў “ня ўдзельнічаць у сцэнарах цёмнай улады, не ісьці на цёмнае галасаваньне, ня даць сябе скарыстаць як матэрыял для фальсыфікацыі выбараў, ня даць рэжыму схавацца за плечы людзей”. Паводле Пазьняка, “трэба пакінуць рэжым фальсыфікаваць на пустым месцы, каб быў відавочны факт ашуканства і каб быў відавочны аргумэнт патрабаваць выбары без удзелу ў іх узурпатара прэзыдэнцкай пасады”.

У сваім выступе намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі адзначыў:
Мы мусім не ісьці на фальшывыя выбары, бо гэта ёсьць ашуканства...


“І мы, як сказана ў Бібліі, ня мусім хадзіць па фальшывых дарожках. Мы мусім не ісьці на фальшывыя выбары, бо гэта ёсьць ашуканства. Мы мусім салідарна адвярнуцца ад рэжыму. Мы мусім салідарна зьвярнуцца да нашых грамадзянаў, каб яны ня толькі не пайшлі на гэтыя выбары, але зьвярнуліся з такім заклікам да сваіх суседзяў, супрацоўнікаў. Каб нашыя грамадзяне былі на выбарчых участках назіральнікамі, назіралі, фіксавалі колькасьць тых, што прыйдуць. І прад'явілі ўсяму нашаму грамадзтву гэтую фактуру. Паверце, зьменіцца тады сацыяльна-псыхалягічная атмасфэра ў грамадзтве. Людзі пабачаць сваю сілу, і тады рэжым сканае”.

Спадар Беленькі расказаў, што ў Генэральную пракуратуру Беларусі быў накіраваны зварот адносна выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі пра фальшаваньне выбараў. З пракуратуры адказалі, што “любы грамадзянін, маўляў, можа гаварыць што заўгодна і пракуратура ня мае фактаў, што так адбылося”:

“Гэты факт гаворыць, што многія ўладныя структуры таксама не выконваюць закону. Прычым тыя, якія мусяць дбаць, наглядаць за законам. І ў гэтай сытуацыі насамрэч адзіны шлях толькі адвярнуцца ад гэтай улады. А ў Крымінальным кодэксе прынамсі для тых, хто не прымае захадаў для спыненьня крымінальных дзеяньняў, ёсьць вельмі добрыя артыкулы”.

Кандыдаты ў прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч бралі ўдзел у акцыі толькі на яе пачатку. На мітынгу ў Курапацкім лесе прысутнічаў толькі адзін кандыдат у прэзыдэнты – Уладзімер Някляеў. На мітынгу ён не выступаў. На просьбу карэспандэнта “Свабоды” Ўладзімер Някляеў пракамэнтаваў заклік Зянона Пазьняка байкатаваць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі:
Байкот – гэта ня менш складана, чым выбар адзінага кандыдата...


“Яны так мяркуюць – найбольш аптымальны варыянт. Я мяркую інакш, бо байкот – гэта ня менш складана, чым выбар адзінага кандыдата. Каб я быў перакананы, што байкот – гэта аптымальны варыянт, то я пагадзіўся б з Пазьняком і цяпер вось з усімі разам прамаўляў да людзей, што давайце – толькі байкот нас выратуе. Я не перакананы, што гэта так. На сёньняшні дзень ня ўлічваецца адзін вельмі істотны фактар – тыя абставіны, якія склаліся ўнутры краіны і звонку. Ціск, які адбываецца на Лукашэнку, штодзённы, ён узмацняецца”.

Паводле спадара Някляева, у Беларусі хапае людзей, іх волі і энэргіі, каб перавярнуць сытуацыю:

“Таму мы будзем усё ж старацца выйсьці на адзінага кандыдата, што дасьць магчымасьць яшчэ больш зьяднаць сілы, якія ёсьць. А калі гэтага ня станецца – бо ў мяне ёсьць падазрэньне, што сярод кандыдатаў пакуль ёсьць тэхнічныя фігуры і зь імі будзе дамовіцца проста немагчыма – значыць, пры немагчымасьці адзінага, мы будзем шукаць аптымальны варыянт. Але мне не ўяўляецца, што гэта будзе байкот. Пакуль што, думаю, гэта шлях да адзінага”.

Кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выказваецца за ўдзел у выбарах і супраць байкоту:
Калі Пазьняк прапануе байкот, то КХП-БНФ трэба было папрацаваць у гэтым кірунку...


“Калі нехта нешта прапануе, то і павінен браць на сябе арганізацыю прапанаваных спраў. Калі Пазьняк прапануе байкот, то КХП-БНФ трэба было папрацаваць у гэтым кірунку. Але ўсё закончваецца толькі размовамі. Казаць пра байкот і чакаць, каб нехта яго пачаў, калі ў іншых іншыя думкі, то гэта не зусім правільна”.

Юрась Беленькі мяркуе, што “з пункту гледжаньня лёгікі палітычных працэсаў кандыдаты павінны былі б зьняцца і заклікаць выбарцаў байкатаваць гэты фарс”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG