Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Прыносіш возеру карысьць, а цябе штрафуюць як браканьера"


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 27 кастрычніка 2010 году

Празь некалькі дзён з вуліц і плошчаў беларускіх гарадоў і мястэчак зьнікнуць выбарчыя пікеты: збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта завяршаецца. Хто з паўтара дзясятка палітыкаў, якія адважыліся на ўдзел у выбарчым маратоне, працягне гэтую гонку і мае найбольшыя шанцы на перамогу?

Многія нашы слухачы, якія пішуць у гэтыя дні на "Свабоду", ня маюць сумневу, што пераможцам у выніку ўлада чарговы раз абвесьціць Аляксандра Лукашэнку. Але ці будзе гэтая перамога справядлівай і сумленнай?

Наш слухач Віктар Баранаў з Рагачова, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, мяркуе, што дапамагчы беларусам арганізаваць дэмакратычныя выбары могуць заходнія краіны. Спадар Віктар піша:

"Лукашэнка свой рэсурс ужо выдаткаваў — яму пара ў адстаўку. А перад тым няблага было б даць усім кандыдатам у прэзыдэнты максымум часу на дзяржаўных тэлеканалах — каб беларускае насельніцтва чарговы раз не памылілася, выбіраючы кіраўніка краіны. Трэба ўлічыць досьвед тых краін, якія маюць багатыя дэмакратычныя традыцыі. Напрыклад, ЗША. Якая цікавая, напружаная, роўная там барацьба за пасаду прэзыдэнта! Як шырока асьвятляюцца ў СМІ ўсе яе нюансы! І вынік галасаваньня адпаведны: пераможца выяўляецца ў апошні момант, апярэджваючы суперніка на некалькі працэнтаў. Прыклад дэмакратычных выбараў паказала і Ўкраіна: там таксама розьніца паміж галоўнымі кандыдатамі — тры ці чатыры працэнты. А ў нас? Адкуль у Лукашэнкі такая шалёная папулярнасьць — нібыта цэлых 75 працэнтаў? Таму што ў насельніцтва няма магчымасьці прыгледзецца да іншых кандыдатаў.

Іншая праблема — як у нас лічаць бюлетэні. Зразумела, што даверу да гэтага падліку няма. Я б адрасаваў замежным назіральнікам такую прапанову. Няхай бы яны прывезьлі з-за мяжы апаратуру, якая дазваляе дакладна ўлічыць кожны голас. Апусьціў чалавек бюлетэнь у скрыню, а пасьля гэтага націснуў кнопку — і на таблё адразу высьвечваецца, за каго ён прагаласаваў. І ўсё насельніцтва Беларусі на тэлеэкранах сачыла б, як ідзе барацьба паміж кандыдатамі. Думаю, што дзясятак падобных прыстасаваньняў зьнялі б усе пытаньні. І ня трэба было б выходзіць з пратэстамі на вуліцу. А тэхніку гэтую пасьля выбараў замежнікі маглі б забраць, каб не цярпець стратаў"
.

Пытаньне ў тым, спадар Віктар, ці захоча карыстацца такой тэхнікай беларуская ўлада, якая кантралюе галасаваньне? Краіны Захаду ахвотна аказалі б Беларусі разнастайную тэхнічную дапамогу ў гэтай справе — дзеля таго каб зрабіць выбары дэмакратычнымі і празрыстымі. Але на ўсе свае прапановы яны атрымліваюць, як правіла, адмову. Даволі дакладна пракантраляваць вынікі галасаваньня можна нават без складанай тэхнікі — з дапамогай так званых "экзыт-полаў" (гэта калі на выхадзе з выбарчых участкаў у людзей на ўмовах ананімнасьці незалежныя сацыёлягі цікавяцца, за каго яны аддалі свой голас). Прыклад нядаўніх украінскіх выбараў паказаў, наколькі дакладная такая форма кантролю. Але ў Беларусі ўлада забараніла такія экзыт-полы. Чаму? Адказ выглядае даволі відавочным.

Наш даўні слухач Міхаіл Леках з Латвіі, з Рыгі, — пасьлядоўны крытык той сацыяльна-эканамічнай мадэлі, якую абралі пасьля распаду Савецкага Саюзу краіны Балтыі. У якасьці станоўчага ўзору ён часта выкарыстоўвае прыклад Беларусі. У сваім новым лісьце на "Свабоду" спадар Леках піша:

"Адрасую вам заўвагу ў сувязі зь нядаўнім паведамленьнем пра тое, што ў Беларусі падвысілі на 12 працэнтаў пэнсіі. А вось у суседняй Латвіі пэнсіі і заробкі зьніжаюцца. Так, напрыклад, у чэрвені мінулага 2009-га году сярэдняя пэнсія складала крыху больш як 173 латы, а ў сьнежні зьнізілася да 155 латаў. Пры гэтым пражытковы мінімум быў — 163 латы. Такім чынам, менавіта з прычыны скарачэньня даходаў пажылых людзей сярэдняя пэнсія ў Латвіі ніжэйшая за пражытковы мінімум.

Пра гэта я вырашыў нагадаць таму, што ў перадачах Беларускай Свабоды пра многае, што адбываецца ў Беларусі, расказваецца без параўнаньня з аналягічнымі падзеямі ў суседніх краінах. А без такога параўнаньня немагчыма аб'ектыўна і сумленна ацэньваць тыя ці іншыя факты"
.

Наконт параўнаньня з рэаліямі ў суседзяў — слушная заўвага, спадар Міхаіл. І такія зьвесткі мы па магчымасьці стараемся даваць. Вось і прыведзенае вамі параўнаньне таго, як падвышаюць пэнсіі ў Беларусі і як зьніжаюць у Латвіі, было б няпоўным без інфармацыі пра рэальны ўзровень інфляцыі ў гэтых дзьвюх краінах. Дык вось, паводле афіцыйных зьвестак, інфляцыя ў Беларусі летась склала больш як 10 працэнтаў, інфляцыя ў Латвіі — заставалася блізкай да нуля. (А цэны на спажывецкія тавары там нават зьнізіліся на 1,2 працэнта). Дык чаго вартае падвышэньне пэнсіі ў Беларусі на 12 працэнтаў, у той час як цэны на асноўныя тавары за паўтара года, што мінулі з часу апошняга падвышэньня, падскочылі працэнтаў на 15—20?

Наступны ліст — водгук на перадачу Зьмітра Бартосіка "Падарожжы Свабоды" пра вёску Бабровічы, што ў Заходнім Палесьсі. Адзін зь яе сюжэтаў быў прысьвечаны браканьерам і змагарам з імі. Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў лічыць, што актыўная антыбраканьерская кампанія, якая вядзецца цяпер у Беларусі, з прычыны фармальнага падыходу да справы і дрэннага веданьня іхтыяфаўны мае ня толькі станоўчыя вынікі. У сваім лісьце на "Свабоду" спадар Кастусь з гэтай нагоды піша:

"Каб патлумачыць сваю пазыцыю, вярнуся ў ня надта далёкае мінулае, калі барацьба з браканьерствам была не такой жорсткай і бесчалавечнай, як сёньня. Усе рыбаловы-аматары добра ведаюць такую невялікую рыбку, як верхаводка (укляя). Вось што піша пра яе Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі (цытую): "Зьнішчае ікру і малявак каштоўных прамысловых рыб, зьяўляецца канкурэнтам іх па жыўленьню; колькасьць верхаводкі неабходна зьмяншаць". (Канец цытаваньня.) Дык вось, у тыя нядаўнія залатыя часы я (і ня толькі я, а і многія мае знаёмыя) вельмі ахвотна і пасьпяхова лавілі гэтую маленькую шкодную, але вельмі смачную рыбку невялікай кітайскай сеткай (каля 30 мэтраў) з памерам вока 12 мм. Лавіў я на возеры, на беразе якога знаходзіцца маё лецішча. Каб у сетку трапляла амаль выключна ўкляя, неабходна выконваць усяго дзьве ўмовы: а) сетку трэба ставіць далёка ад берага (не бліжэй за 100 мэтраў) на даволі глыбокім месцы (пажадана мэтраў 4—5, ня меней); б) сетку трэба даабсталяваць дадатковымі паплаўкамі, каб яна ўпэўнена плавала па паверхні, таму што летам укляя звычайна трымаецца на глыбіні ня больш за 70 см, харчуючыся біяплянктонам. Пры выкананьні гэтых умоваў улоў складаецца з: укляі — 95%, дробнай гусьцяры (малакарысная непрамысловая рыба) — 4%, іншыя пароды (пераважна дробная плотка) — 1%. Магу сказаць, што надзвычай смачная страва атрымліваецца, калі засаліць укляю са спэцыямі, як кільку. Яшчэ смачнейшая вэнджаная ўкляя. А калі з вэнджанай укляі яшчэ і зрабіць кансэрвы з алеем, то… шаноўнае спадарства, гэта ўжо вышэйшы пілятаж! На рыскія шпроты пасьля гэтага далікатэсу вы не захочаце і глядзець... Як успомню, дык у мяне і цяпер сьлінкі цякуць! Я ў тыя блаславёныя гады ня надта і гнаўся за іншай рыбай — ну, бывала, калі-небудзь на карася з вудай пасяджу. Але гэта патрабуе часу і грунтоўнай падрыхтоўкі.

І пры ўсім пры тым я прыносіў нашаму засьмечанаму ўкляёй возеру вялікую карысьць. За лета і восень ставіў сетку на ўкляю разоў 10—12, кожны ўлоў складаў 4—6 кг (гэта 400—600 галоў). А цяпер уявіце, колькі трэба ікры і малявак каштоўных рыб, каб пракарміць такую прорву! Колькі ж гэта я каштоўнай рыбы захаваў?

А пастаў сёньня сетку на ўкляю! Што будзе, калі зловяць цябе? Шалёны штраф, і за што? За тое, што прыносіш возеру карысьць.

Вось такая тэма"
.

Успамінаю, як яшчэ ў 70—80-я гады ў маёй роднай вёсцы на поўначы Гарадзеншчыны старыя людзі згадвалі, што да пачатку мэліярацыі ледзь ня ў кожнай хаце мелі і човен, і рыбалоўныя сеткі, і іншыя рыбацкія прылады. Рыба спакон веку была неблагім дадаткам да ня надта багатага сялянскага стала. Ніхто не лічыў гэты занятак браканьерствам, і рыбы хапала для ўсіх, хоць вёскі тады былі шматлюдныя.

Падчас майго дзяцінства старыя рассохлыя чаўны ўжо без патрэбы гнілі на загуменьнях: балоты асушылі, рака абмялела, а так званая "вялікая хімія", што прыйшла на калгасныя палі і лугі, давяршыла справу. Сёй-той яшчэ закідваў сетку ў абмялелую раку, але — безь вялікага плёну. Штопраўда, і "Рыбнагляд" тады асабліва не лютаваў. Напэўна, для тагачасных рыбінспэктараў было відавочна: рыбу ў рэках загубілі зусім ня сеткі і вуды, а — мэліярацыя ды хімізацыя.

Аўтар наступнага (апошняга ў сёньняшнім аглядзе) ліста, Уладзімір Гайдукевіч з Бабруйску, даўно незадаволены тым, як асьвятляюць падзеі ў краіне дзяржаўныя тэлеканалы і так званая "радыёкропка" — правадное дзяржаўнае радыё, якое яшчэ з савецкага часу праведзена амаль у кожную хату і кватэру і за карыстаньне якім штомесяц спаганяецца плата. Спадар Уладзімер з гэтай нагоды склаў верш, у якім, у прыватнасьці, ёсьць такія радкі:

"Толькі, каб не памыліцца,
Лепей праўды нам дабіцца.
Не ўключай ты больш "БТ",
Не глядзі і "ОНТ".

Думай сам, калі здароў.
Знай: яны для дуракоў.
А вось Радыё Свабода
Праўду мовіць для народа.

А "БТ" і "кропка" кажа,
Што ўлада ім прыкажа".

У сваім лісьце на "Свабоду" Ўладзімір Гайдукевіч патлумачыў:

"Гэты свой верш на мінулым тыдні я паслаў начальніку Бабруйскага вузла сувязі. Папрасіў разглядаць яго як заяву, напрыканцы каторай папрасіў адключыць мне гэту хлусьлівую "радыёкропку". Адказу да гэтага часу не атрымаў"
.

Каб не дапусьціць масавага адключэньня "радыёкропак", сувязісты разам з камунальнікамі прыдумалі грувасткую працэдуру. І з заявамі трэба пахадзіць, і тэхнічнага агляду дачакацца. Нібы гэтая дапатопная тэхніка ўяўляе нейкую складанасьць і вартасьць, а сама працэдура ня зводзіцца да адразаньня дроту. Але дамагчыся адключэньня "радыёкропкі" ўсё ж можна — гэта я, спадар Сяргей, праверыў на сабе.

Сытуацыя, сапраўды, абсурдная: за прымітыўную прапаганду, якая суткамі гучыць з "радыёкропкі", людзей прымушаюць яшчэ і штомесяц плаціць з уласнай кішэні. І гэта — не ў пасьляваенны час, калі альтэрнатывы "радыёкропцы" не было, а сёньня, калі ў кожнага ў кішэні — мабільны тэлефон, празь які пры жаданьні можна і радыё слухаць, і інтэрнэтам карыстацца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG