Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Башуры Тамара Сідарэнка: “Гэта напалову перамога”


Міхась Башура у будынку суду адразу пасьля вызваленьня.
Міхась Башура у будынку суду адразу пасьля вызваленьня.
Пасьля выхаду на волю Міхась Башура адразу заявіў, што па-ранейшаму ня лічыць сябе вінаватым і ня спыніць сваёй грамадзкай дзейнасьці. Што думае адвакат Тамара Сідарэнка наконт таго, ці быў перасьлед Башуры палітычна матываваным? І ці будзе Міхась Башура абскарджваць прысуд Савецкага суду Менску?

Прызнаньне вінаватым у падробцы дакумэнтаў і велізарны штраф у 17 мільёнаў 500 тысяч рублёў — ці тлумачыцца такі прысуд грамадзкаму актывісту палітычнымі падставамі? Вось як пракамэнтавала прысуд адвакат Тамара Сідарэнка, калі разам са сваякамі і сябрамі Башуры чакала яго на ганку суду.

«Добра, што чалавека адпусьцілі, і вельмі дрэнна, на мой погляд, што прызналі яго вінаватым. Бо, мяркую, складу злачынства тут не было. А чаму такое рашэньне прынятае? Магчыма, судзьдзя ў адпаведнасьці са сваім унутраным перакананьнем вырашыў, што тут ёсьць склад злачынства. Але, калі б ён уважлівей пачытаў камэнтар да закону, магчыма, ён бы інакш думаў. Аб тым, што акцэнты неяк зьмешчаныя ў адзін бок, сьведчыць і прысуд. Бо судзьдзя ў прысудзе не працытаваў тыя часткі ў паказаньні сьведак, якія кажуць пра яго невінаватасьць, а толькі тое, што кажа пра віну».

Карэспандэнт: «Ці маюць, на вашу думку, падставы размовы пра тое, што гэта справа палітычная?»

Міхась Башура і Тамара Сідарэнка ля будынку суду адразу пасьля вызваленьня.
«Згадаю, што Башуру правяралі з усіх бакоў. Прычым чамусьці яшчэ да завядзеньня крымінальнай справы сталі правяраць. Потым да яго ўжылі меру ўтрыманьня ў выглядзе зьмяшчэньня пад варту, але паводле такога артыкулу, паводле якога нікога пад варту ня бралі. Таму, магчыма, я магла б гэта патлумачыць і прычынамі, зьвязанымі з палітыкай».

Воплескамі сустрэлі выхад Міхася Башуры з будынку суду ягоныя сваякі, сябры і журналісты. Гэта была другое вітаньне Міхася Башуры. Першы раз актывіста віталі адразу ў зале суду, пасьля таго, як яго выпусьцілі з жалезнай клеткі.

Яшчэ праз 20 хвілін Міхась Башура выйшаў з суду зь невялікім пакункам асабістых рэчаў. Пасьля запісу інтэрвію на тэле- і відэакамэры сябры паднесьлі актывісту кілішак шампанскага, якое ён з задавальненьнем выпіў, сказаўшы, што ня еў цэлы дзень:

«Я вельмі задаволены, што нарэшце дыхаю вось гэтым паветрам, што мяне акружаюць мае сябры. Вельмі добра адчуваю сябе. Што да прысуду, то я зь ім нязгодны. Мы з адвакатам будзем раіцца, будзем вырашаць, ці абскарджваць прысуд. Але добра ўжо тое, што я ўсё ж такі на волі».

Адвакат Тамара Сідарэнка не выключае, што калі будзе пададзеная скарга на прысуд, пракуратура таксама можа яго абскардзіць. Прадстаўніца пракуратуры Галіна Корнева прасіла пакараць Міхася Башуру арыштам на 6 месяцаў. Пасьля абвяшчэньня прысуду Галіна Корнева адразу сышла з судовай залі, і ўзяць у яе камэнтар не ўдалося.

Як будуць спаганяць зь Міхася Башуры штраф у 17,5 мільёнаў рублёў, калі такое пакараньне застанецца? Башура паведаміў, што ў судзе перад выхадам на волю быў вымушаны падпісаць паперу аб добраахвотнай выплаце штрафу. «Але, калі шчыра, я ня ведаю, адкуль узяць такія грошы!», — прызнаў нядаўні вязень Валадаркі. Адвакат патлумачыла, што штраф могуць спаганяць паступова з заробку Башуры. «Улічваючы велізарны штраф і малыя заробкі паэта Міхася Башуры, гэта можа расьцягнуцца на гады», — мяркуе адвакат Тамара Сідарэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG