Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск пад акупацыяй і вайной


Фота 1
Фота 1

Добрая фатаграфія — штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.

Да гэтай тэмы я таксама падаю два здымкі (па аднаму на кожную вайну). Але адлюстравана тут не вайна, а гістарычная даўніна Менска, якая пасьля войнаў была вынішчаная ворагамі беларушчыны і, фактычна, амаль не захавалася.

Першы здымак зроблены невядомым фатографам зімой 1943 года зь вежы езуіцкага катэдральнага касьцёла (фота 1). Марозны зімовы дзень, засьнежаныя дахі, дымы з комінаў. Прыгожы від, асабліва калі ведаеш тут кожны дом. Гэта стары горад, раён забудовы вуліцы Койданаўскай, Нямігі, Ракаўскай і ўсё, што вакол. Фатаграфія мякка аддрукаваная ў сьветлай танальнасьці, перадае ўражаньне і выклікае адчуваньне вельмі марознага дня.

На пярэднім пляне мы бачым мэзанін (ці, дакладней, флігель) з чатырма вокнамі дома (XVIII-XIX ст.), які выходзіць на вуліцу Койданаўскую (за саветамі Рэвалюцыйную). У цэнтры справа ля краю панарамы відаць зьнявечаны бальшавікамі гмах Петрапаўлаўскай царквы (1611 г.). Ля яе пачынаецца вуліца Ракаўская (за саветамі Астроўскага), а побач, паралельна па цэнтру, праходзіць вуліца Няміга. Далей зьлева па цэнтру відаць комін знакамітай Менскай хлебапякарні (1927 г.), а ў пэрспэктыве губляецца ў марознай смузе забудова вакол Юбілейнага рынку, вуліцы Замковай і справа па краі – Татарскага прадмесьця.

У 60-х гадах, я памятаю і здымаў гэты горад дакладна такім, як тут, на гэтым фота. Але ўжо быў зьнішчаны саветамі Нізкі рынак, папсавана Замчышча, зьнесена прыгожая старая вуліца Казьмадзям’янская, разбуральнікі падбіраліся пад Верхні горад.

Я падлічыў, што на абарону старога Менска ад разбурэньня мне наканавана было патраціць 25 гадоў грамадзкага змаганьня, аж да 1990 года, калі ўвесь час прышлося аддаць на палітычную барацьбу. Шмат што неверагодным чынам удалося ўратаваць, і нават аднавіць (частку Траецкага прадмесьця, Верхні горад, Кальварыйскую браму і касьцёл, касьцёл на Залатой горцы і інш.). Але тое, што відаць на гэтым зімовым здымку, саветы амаль усё зьнішчылі ў 70-х гадах. Гэтым асабіста займаўся галоўны ініцыятар разбурэньня старога Менска першы сакратар ЦК КПБ(КПСС) Пётра Машэраў (сапраўднае прозьвішча Машэра, перамяніўся пад рускіх).

У 1969 годзе мне зь Лявонам Баразной і пры дапамозе Генадзя Бураўкіна (тады ўласны карэспандэнт “Праўды”) удалося на тры гады прыпыніць машэраўскі разбуральны сьверб. (Надрукавалі артыкул у “Правде” у абарону Нямігі. Супраць воргана ЦК КПСС “Правды” 1-ы сакратар рэспубліканскага ЦК пайсьці ня мог).

Да разбурэньня Машэраў вярнуўся ў 1972 годзе. У гэтым жа годзе кагэбістамі (тут жа ў старым горадзе) быў забіты мой сябра Лявон Баразна, і пачалося паляваньне на "нацыяналістаў”.

Так што змаганьне за Менск (за захаваньне яго гістарычна-архітэктурнай спадчыны) – гэта была арэна вялікай вайны, якая працягваецца па сёньняшні дзень.

Фота 2

Другі здымак, які тут экспануецца, да 2008 года быў невядомы (фота 2). Гэта Нізкі рынак у Менску, зьняты з боку апсіды Пятрапаўлаўскай царквы невядомым фатографам. Верагодная дата здымкі 1914-1916 гг.

З таго, што тут відаць, саветы зьнесьлі ўсё. Часткова ў 1948-1952 гг. Астатняе – у 1972-74 гг. (Гэта раён цяперашняга Дома моды на трасе былой Нямігі).

А здымак вельмі харошы, прыгожа і прафэсійна зьняты, з тлумам людзей, шыльдамі, брукам і дамамі. Ён даносіць дух таго ваеннага часу і далёкай ужо гісторыі.

Такім чынам, мы бачым дзьве розныя фатаграфіі пад час дзьвюх войнаў. Але нават тады гістарычны Менск дыхаў, быў цэлы і жывы. Нішчылі яго ня войны, а акупацыі пасьля вайны, дакладней, адна акупацыя, што прыйшла з усходу.

(Фатаграфіі з фондаў нямецкага Bundesarchiw, зьмешчаныя ў вольным Сеціве).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG