Для чаго Вы вылучаецеся ў прэзыдэнты?
Каб запусьціць экстэнсіўнае і інтэнсіўнае разьвіцьцё Рэспублікі Беларусь з пункту гледжаньня як тэхналягічнага, так і эканамічнага. Для пераходу на інавацыйны шлях разьвіцьця трэба абавязкова стварыць умовы для тэхналягічнай прывабнасьці. І выкарыстоўваць як свае распрацоўкі з прыцягненьнем вопыту замежных высокатэхналягічных краін, так і нашых уласных магчымасьцяў. Пунктам нумар адзін павінна стаць разьвіцьцё атамнай энэргетыкі, вакол якой потым фармуецца ўсё астатняе. Гэты вопыт быў скарыстаны як у Паўднёвай Карэі, так і ў Японіі. Яны пачыналі з гэтага.
Як зьменяцца падчас Вашага кіраваньня сярэднія заробкі і пэнсіі і чаму?
Цягам двух гадоў яны не павінны значна мяняцца. Бо цяпер іх значна павысілі, але ці былі для гэтага падставы? Я ў гэтым сумняваюся. Па магчымасьці яны могуць расьці, але нязначна. Але гэта цягам двух першых гадоў. А потым, з запускам працэдуры тэхналягічнага пераўзбраеньня і нават будаўніцтва АЭС, у нас будзе магчымасьць інтэнсыфікаваць эканоміку.
Якія беларускія прадпрыемствы варта прыватызаваць і якім чынам?
Любыя прадпрыемствы могуць быць прыватызаваныя, акцыянаваныя. Галоўнае, каб была карысьць для эканомікі нашай дзяржавы. Я хачу нагадаць выказваньне кітайскага мысьляра Дэн Сяопіна: няважна, які кот — чорны ці белы, абы ён лавіў мышэй. Усё, што карысна, карысна для нашай эканомікі. Нават зь перадачай кантрольнага пакету акцый інвэстару.
Як зьменшыць залежнасьць Беларусі ад імпарту энэргарэсурсаў?
Раней быў перапынак у занятках ядзернай энэргетыкай, і я шмат займаўся пытаньнямі энэргазьберажэньня. І быў адным зь першых, хто прапанаваў больш эфэктыўна выкарыстоўваць мясцовыя паліўныя рэсурсы. Да 2030 году атамная энэргетыка павінна скласьці 35%, імпартныя энэргарэсурсы —35%, і 30% — нашы ўласныя паліўныя рэсурсы. Як іх выкарыстоўваць, я ведаю і працаваў над гэтым з калегамі. Трэба максымальна выкарыстоўваць уласныя паліўныя рэсурсы. А ў нас ёсьць буры вугаль, гаручыя сланцы, драўніна і яе адкіды, рэсурсы гідраэнэргетыкі, сонечная і ветравая энэргія — усё гэта трэба максымальна выкарыстоўваць. Іншага шляху тут няма. І плюс атамная энэргетыка.
Ці трэба зьмяншаць паўнамоцтвы прэзыдэнта і як?
Адзін з ключавых момантаў маёй праграмы — гэта вяртаньне да Канстытуцыі, якая існавала да рэфэрэндуму 1996 году. Прэзыдэнцкі тэрмін не павінен перавышаць двух тэрмінаў па пяць гадоў. А можна зрабіць нават і па чатыры гады. 8 гадоў — гэта ідэальны тэрмін, падчас якога можна дасягнуць вяршыні посьпеху і сыходзіць. Такія ключавыя фігуры, як старшыня Нацбанку, генпракурор, прызначаліся Вярхоўным Саветам, а не прэзыдэнтам. Ня кажучы ўжо пра Канстытуцыйны суд. Трэба вярнуцца тут да выбарнасьці.
Ці патрэбныя іншыя зьмены ў Канстытуцыю? Калі так, то якія?
Я пакуль ня бачу сур'ёзных падстаў, каб уносіць зьмены ў Канстытуцыю, якая была да рэфэрэндуму 1996 году. Пакуль трэба вярнуцца да яе. А потым ужо будзем глядзець па ходу разьвіцьця нашага грамадзтва. Магчыма, давядзецца ўнесьці нейкія зьмены.
Ці павінна беларуская мова стаць адзінай дзяржаўнай?
У нас павінны быць дзьве дзяржаўныя мовы, улічваючы спэцыфіку Рэспублікі Беларусь, — беларуская і руская. Прычым яны павінны дзейнічаць на роўных. Мы павінны ўвесьці, магчыма, пачынаючы зь дзіцячага саду, вывучэньне ангельскай мовы як трэцяй, у пэўнай ступені абавязковай. І чацьвёртая мова — для тых, хто атрымлівае вышэйшую адукацыю.
Які павінен быць статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня" і якім чынам трэба вырашаць пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы?
У бліжэйшыя два гады гэтае пытаньне ня варта разглядаць. А ў далейшым, магчыма, у нас зьявіцца нейкі трэці варыянт, які ўсіх задаволіць. То бок гэтае пытаньне ня самае галоўнае на гэтым этапе. Але яго трэба вырашаць, каб неяк кансалідаваць грамадзтва.
Ці варта Беларусі імкнуцца ў Эўразьвяз?
Мы не павінны забывацца, што зьяўляемся саюзьнікамі Расейскай Фэдэрацыі. І тут мы павінны разам аб'яднацца з Эўропай. Ёсьць такая ідэя адзінай эканамічнай прасторы ад Атлянтычнага да Ціхага акіяну. То бок мы павінны ісьці ў саюз разам з Расеяй.
Ці варта Беларусі імкнуцца ў НАТО?
АДКБ павінна аб'яднаць намаганьні з НАТО па стварэньні адзінай сыстэмы бясьпекі ад Атлянтычнага да Ціхага акіяну.
Ці захаваецца падчас Вашага прэзыдэнцтва сьмяротнае пакараньне?
Будзе накладзены мараторый на сьмяротнае пакараньне, а потым яно будзе адменена. Я прыхільнік адмены сьмяротнага пакараньня.
Чым Вы будзеце лепшы за цяперашняга прэзыдэнта?
Я не магу сказаць, што я буду лепшы за дзейнага прэзыдэнта. Але любы прэзыдэнт павінен у час сыходзіць. Бо ў кожнага чалавека ў любой дзейнасьці ёсьць пік посьпехаў. Паводле дасьледаваньняў навукоўцаў, ён дасягаецца цягам васьмі гадоў альбо зусім не дасягаецца. Таму, напэўна, і прыдумалі два тэрміны. А вось казаць, што я буду горшы ці лепшы, гэта складана.
Які будзе Ваш першы ўказ?
Аб гарантыях бясьпекі першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і яго дзяржаўным забесьпячэньні.
Які лёс чакае прадстаўнікоў папярэдняй улады ў выпадку Вашай перамогі?
Цягам чатырох гадоў мне давялося рыхтаваць праект разам з Усясьветным банкам. Я даволі добра пазнаёміўся з нашымі дзяржаўнымі службоўцамі як цэнтральнага апарату, так і на месцах. На 80% гэта вельмі граматныя людзі, і яны будуць скарыстаныя адпаведна іх кваліфікацыі. Тут не павінна быць нейкіх палітычных падыходаў. Іншая справа, што многім зь іх не хапае веданьня замежнай мовы. Я думаю, што гэты прабел будзе ліквідаваны.