Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка ня ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі”


Лічба тыдня: 500 даляраў сярэдняга заробку 17 прэтэндэнтаў: хто дойдзе да фіналу? Ці парушыў Лукашэнка выбарчае заканадаўства? Цень забітага кацяняці над выбарчай кампаніяй Някляева


Пра ўсё гэта ў выпуску “Тыдня з радыё Свабода” – “Людзі і выбары”. Вядзе перадачу Алена Ціхановіч. Удзельнічаюць аналітыкі Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Ян Максімюк.


Belsat 2.10.2010 Part1
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:23 0:00


Ціхановіч
: Напачатку – лічба тыдня. Ці, можа, нават году – 500 даляраў сярэдняга заробку пад выбары. У жніўні сярэдні заробак склаў 425 даляраў у эквіваленце. 27 верасьня на 30% была падвышаная тарыфная стаўка першага разраду, з 1 лістапада на 54% падвышаецца мінімальны заробак. Але міжнародныя фінансавыя інстытуты, у прыватнасьці Міжнародны валютны фонд, папярэджваюць пра непажаданыя наступствы рэзкага росту даходаў насельніцтва. Ян, у чым сутнасьць гэтых перасьцярог?

Максімюк: Паводле заявы прадстаўніцы МВФ, сутнасьць перасьцярог у тым, што гэтае павышэньне зарплаты і пэнсіі ня мае пад сабою эканамічнай падставы, а зьяўляецца ў пераважнай ступені рашэньнем палітычным. Усе разумеюць, што электарату перад выбарамі трэба падкінуць нейкую костку зь мясам ці нейкую выбарчую каўбасу. Усе ўрады ўва ўсіх краінах гэтак робяць перад выбарамі, але ў гэтым беларускім выпадку насьцярожвае памер падкармленьня. Сярэднюю зарплату падымаюць амаль на 18%. Такога не бывае нават у значна багацейшых краінах, чым Беларусь.

МВФ зьвяртае ўвагу, што, каб прафінансаваць гэтае павышэньне, ураду прыйдзецца генэраваць новыя бюджэтныя даходы, а нявыкарыстаных рэзэрваў у сфэры прадукцыі шмат не засталося. То бок прыйдзецца гэтыя грошы недзе пазычаць. Вырасьце бюджэтны дэфіцыт, які давядзецца так ці іначай закрываць у будучыні. Паколькі няма зашмат прадукцыйных рэзэрваў, грошы на закрыцьцё гэтай бюджэтнай дзіркі пойдуць з падаткаў, магчыма, што і дадатковых. Зьмяншэньне падатковай нагрузкі ўсе эканамісты разглядаюць як адзін з найважнейшых стымулаў для ўстойлівага эканамічнага разьвіцьця кожнай краіны. Такое для Беларусі, перасьцерагае МВФ, у найбліжэйшай будучыні ня сьвеціць. Бо беларусы мусяць спачатку адпрацаваць грошы, якія былі кінутыя на “элегантную перамогу”.

Ціхановіч: У 2009 годзе, 2 студзеня, беларусы атрымалі падарунак пад ёлачку – дэвальвацыю. Ці існуе пагроза, што наступствам аднаго падарунка (заробку з 500 даляраў) неўзабаве можа стаць другі – новая дэвальвацыя. Падчас сьвяткаваньня “Дажынак” Аляксандар Лукашэнка рашуча адхіліў такую магчымасьць:

«Мы не зьбіраемся нацыянальную валюту, каб дагадзіць камусьці, дэвальваваць. Трэба будзе, як і ў мінулыя часы, – загадзя мы скажам пра гэта. Таму ўсё гэта балбатня. Балбатня з аднаго і таго ж кабінэту. Зьвязана гэта з тым, каб дэстабілізаваць становішча ў нашай краіне».

Што гавораць пра гэта экспэрты? Хіба гэта толькі “балбатня” і спроба “дэстабілізаваць становішча”?

Дракахруст: Зразумела, што ня толькі. Імклівы рост фонду аплаты працы, які не суправаджаецца такім жа ростам прадукцыйнасьці працы – гэта істотная дыспрапорцыя, якая можа даволі непрыемна адгукнуцца.

Але гэта агульная ацэнка. Што да канкрэтыкі, то тут экспэрты разыходзяцца. Скажам, сталы прадстаўнік МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна заявіла ў інтэрвію “Свабодзе”, што сёньняшняя эканамічная сытуацыя ў Беларусі істотна розьніцца ад той, што прывяла да 20-працэнтнай дэвальвацыі на пачатку 2009 году.

Паводле яе, у Беларусі істотна палепшылася сытуацыя з замежным гандлем. Гандлёвы дэфіцыт скарачаецца, прынамсі на гэты момант. Да таго Нацыянальны банк перайшоў ад прывязкі курсу беларускага рубля да даляра да прывязкі да кошыка валют – даляр, эўра, расейскі рубель. Да таго ж устаноўлены больш шырокі валютны калідор, у якім курс рубля можа вагацца, не патрабуючы ўмяшаньня Нацбанку.

На першы погляд гэтае інтэрвію спадарыні Калядзінай супярэчыць яе ж заявам, пра якія казаў Ян, дзе яна ад імя Фонду выказвала незадавальненьне тым, што беларускі ўрад падвысіў заробкі неабгрунтавана і насуперак папярэднім пагадненьням з МВФ.

Але з аднаго боку фармальна супярэчнасьці няма. Фонд прагназуе праблемы для беларускай эканомікі з прычыны папулісцкага падарунка ў выглядзе падвышэньня заробкаў, але неабавязкова гэтыя праблемы прывядуць менавіта да неабходнасьці дэвальвацыі. З другога боку, валютны рынак – матэрыя тонкая, ўразьлівая для розных чутак і страхаў, а супрацоўнікі МВФ – людзі адказныя. Быць абвінавачанымі ў тым, што менавіта іх публічныя прагнозы абвалілі курс рубля – апошняе, што ім трэба. Таму спадарыня Калядзіна сказала тое, што і павінна была сказаць і не магла сказаць нічога іншага.

Ціхановіч: Ну а зараз – да тэмы выбараў. Ужо адбыліся два этапы выбарчай кампаніі: рэгістрацыя прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду і фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 17 кандыдатаў. Сфармаваныя ўсе 155 тэрытарыяльных камісіяў.

Валер, а чаму сёлета прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва было так шмат? У 2006 годзе, я прыгадваю, іх было 8.

Карбалевіч: Гэта гледзячы з чым параўноўваць. Калі з выбарамі 1994 ці 2001 году, то тады ініцыятыўных груп было нават больш, чым цяпер. Калі з 2006-м, то сапраўды менш. Рэч у тым, што выбары 2006 году былі прызначаныя, па-першае, на 4 месяцы раней за тэрмін, і таму шмат выпадковых людзей проста не пасьпелі зарыентавацца і зарэгістравацца. Па-другое, там быў адзіны кандыдат, і гэта нэўтралізавала значную частку апазыцыйных палітыкаў, якія маглі б паўдзельнічаць у выбарах. Таму у 2006 годзе прэтэндэнтаў было так мала.

Я думаю, што на гэтым этапе ўлады зацікаўленыя ў вялікай колькасьці прэтэндэнтаў, магчыма, яны нават штучна дапамагалі гэтаму. Старшыня ЦВК Л. Ярмошына абяцала «за вушы цягнуць» прэтэндэнтаў. Гэта стварае ілюзію дэмакратыі, ілюзію, што ўсе могуць удзельнічаць у выбарах. А на наступным этапе можна сказаць – вось бачыце, народ іх не падтрымаў.

Такая вялікая колькасьць кандыдатаў, сярод якіх шмат проста дзівакоў, стварае атмасфэру балагану, атмасфэру цырку, нечага несапраўднага. І на гэтым фоне ўзвышаецца асоба Аляксандра Лукашэнкі, які выглядае адзіным сур’ёзным палітыкам. Дарэчы, такая сытуацыя была б немагчымай, калі б быў адзіны кандыдат ад апазыцыі.

Ціхановіч: У апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў журналісты так і не дачакаліся Аляксандра Лукашэнкі ў Цэнтравыбаркаме. Паводле старшыні камісіі Ярмошынай, дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Лукашэнкі прывёз у ЦВК кіраўнік групы, міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў. Гэта выклікала даволі бурную рэакцыю. Адзін з прэтэндэнтаў прадпрымальнік Уладзімер Правальскі падчас рэгістрацыі заклікаў не рэгістраваць групу дзейнага прэзыдэнта. У чым там прычына?

Дракахруст: Вонкава прычына спрэчкі – у розначытаньні закону. Паводле артыкулу 61-га Выбарчага кодэксу прэтэндэнт падае сьпіс ініцыятыўнай групы ў Цэнтравыбаркам, пры гэтым ён жа абавязаны прад’явіць пашпарт грамадзяніна Беларусі.

Тыя, хто абвінавачвае і Лукашэнку, і ЦВК у парушэньні гэтага артыкулу, кажуць, што падача сьпісу і прад’яўленьне пашпарта маюць на ўвазе асабістую прысутнасьць. Ці можна прад’явіць нешта завочна, скажам, па пошце? Лёгіка Цэнтравыбаркаму і яго старшыні Ярмошынай – адваротная: калі ў законе наўпрост ня сказана пра асабістую прысутнасьць прэтэндэнта, то яна і не патрабуецца. А адпаведныя словы можна інтэрпрэтаваць па-рознаму.

Яна таксама спаслалася на практыку працы Центравыбаркаму. У свой час рэгістравалі ініцыятыўную групу Сяргея Скрабца, калі ён сядзеў у турме, сёлета на мясцовых выбарах – Франка Вячоркі, калі ён служыў у войску і ня мог прыехаць у адпаведную выбарчую камісію. Апанэнты кажуць, што выпадак са Скрабцом адбыўся, калі дзейнічала іншая рэдакцыя Выбарчага кодэксу, а Вячорка балятаваўся ў мясцовы савет: у гэтым выпадку закон таксама патрабуе ад прэтэндэнта падаць сьпіс ініцыятыўнай групы, але не патрабуе прад’явіць пашпарт.

Мне здаецца тут больш цікавым, чаму Лукашэнка абраў такі шлях падачы сьпісу. Здавалася б, не звалілася б зь яго карона пад’ехаць у Цэнтравыбаркам на 5 хвілін здаць дакумэнты.

Здаецца, у гэтым – дэманстрацыя пэўнага стаўленьня да выбараў. Падчас яго выступу на зьезьдзе ФПБ многія чакалі, што ён скажа – я іду на выбары. Але ён гэтага не сказаў, аддаўшы перавагу аповедам пра тое, што ўлады будуць рабіць у наступныя гады. Тут дэманстрацыя, што выбары – гэта прахадны, малаважны момант, зь якім усё зразумела і няма тут пра што казаць. Таму і сьпіс ініцыятыўнай групы “закінуць” у ЦВК даручылі Радзькову: маўляў, няма ў прэзыдэнта часу на розную драбязу.

Карбалевіч: Я лічу, што закон усё ж такі быў парушаны, таму што гэты артыкул Выбарчага кодэксу даволі дакладна патрабуе, што сама асоба, якая прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта, павінна зьявіцца ў ЦВК і прад'явіць пашпарт.

Чаму так было зроблена? Мне падаецца, што Лукашэнку нявыгадна ставіць сябе ў адзін шэраг з гэтай вялікай колькасьцю прэтэндэнтаў. Калі б ён прыйшоў, гэта б азначала, што ён адзін з гэтых 17-ці. А ён жа хоча дэманстраваць, што ён узвышаецца над усімі. І другі момант – тое, пра што казаў Юры. Лукашэнка, ягоная каманда ўсяляк хочуць прадэманстраваць, што Лукашэнка ня ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі. Ён ня ўдзельнічае ў гэтым “балагане” – ён працуе. Ён кіруе дзяржавай, езьдзіць па краіне, вучыць людзей, як выбіраць бульбу, як лячыць людзей. А ўдзельнічаць у гэтай кампаніі ён не зьбіраецца, ён ня будзе выкарыстоўваць свайго часу для выступленьня па тэлебачаньні, таму што яго і так паказваюць кожны дзень. Гэта сапраўды дэманстрацыя.

Belsat 2.10.2010 Part2
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:21 0:00


Ціхановіч
: Ужо сфармаваны ўсе 155 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. На думку некаторых, прысутнасьць у камісіях прадстаўнікоў апазыцыі і незалежнага грамадзтва – важны паказьнік дэмакратычнасьці выбараў. Здаецца, сёлета на фоне размоваў і чутак пра імавернасьць непрызнаньня вынікаў выбараў як Захадам, гэтак і Расеяй улады як ніколі зацікаўленыя ў тым, каб выбарчы працэс быў дэмакратычны ці прынамсі выглядаў такім. Наколькі адпавядае гэтаму склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў? А калі не, то чаму?

Дракахруст: Фармаваньне выбарчых камісіяў складае яскравы кантраст з рэгістрацыяй ініцыятыўных груп. Там рэгістравалі ўсіх, дэманструючы звышлібэралізм, а вось з камісіямі – як заўсёды. З апазыцыі ў іх трапілі лічаныя адзінкі. Прычым робіцца, як падчас мясцовых выбараў: у сталіцы – некалькі знакавых асобаў, а ў іншых рэгіёнах – апазыцыі ад варот паварот. У Менскі гарадзкі выбаркам трапілі сябры БНФ Юры Хадыка і Галіна Сямдзянава, ў Менскі абласны – мастак Аляксей Марачкін з БНФ і сябра “Справядлівага сьвету” Людміла Аляксейчык. Некалькі дзясяткаў чальцоў камісіяў ад апазыцыі па краіне мо і назьбіраецца, але ня выключана, што сытуацыя будзе ў гэтым сэнсе нават горшая, чым падчас парлямэнцкіх выбараў 2008 году, калі ў акруговыя камісіі трапілі 42 апазыцыянэры.

Праўда, варта сказаць, што гэтым разам і сама апазыцыя не праяўляла вялікай актыўнасьці на гэтым этапе кампаніі. Ад апазыцыйных партыяў агулам было вылучана 70 кандыдатаў у сябры тэрытарыяльных выбаркамаў. Прычыны дзьве. Першая – шмат партыйных актывістаў сталі сябрамі ініцыятыўных груп кандыдатаў, а гэтая функцыя ня надта стасуецца з удзелам у выбарчай камісіі. Другая прычына – тое, што тэрытарыяльныя камісіі ўласна ня лічаць галасы, яны завяраюць пратаколы ўчастковых камісіяў. Таму, магчыма, апазыцыя і вырашыла ня надта марнаваць і без таго невялікія сілы на гэты этап.

Ціхановіч
: У тэме “Людзі і выбары” – новы паварот. Яго героем стала... кацяня. Разьвіцьцё гэтага сюжэту – сьведчаньне ролі новых мэдыяў, у прыватнасьці сацыяльных сетак. Падчас адной з прэсавых канфэрэнцыяў лідэр кампаніі “Гавары праўду” Ўладзімер Някляеў прызнаўся, што ў дзяцінстве жорстка забіў ката. І пачалося... На забойстве кацяняці паўвекавой даўніны “адцягнуліся” дзяржаўныя СМІ, партыя “зялёных” зьвярнулася да ЦВК з просьбай не рэгістраваць кандыдата-забойцу катоў. А інтэрнэт проста выбухнуў ад камэнтароў, кпінаў і іранічных малюнкаў. Сам Някляеў у такім жа постмадэрнісцкім стылі падпісаў мэмарандум аб паразуменьні... з катом.

Ян, на ваш погляд, страціў ці набыў Някляеў на гэтым скандале? І што гаворыць гэты паварот кампаніі пра грамадзтва, пра атмасфэру ў ім?

Максімюк: Спачатку мне хочацца адзначыць адну рэч, якая мяне ў гэтым усім уразіла найбольш. Выпадак з кацяняткам і Някляевым быў ці ня першай нагодай, калі адносіны чалавека да зьвяроў, да братоў нашых меншых сталіся тэмай публічнага і сапраўды эмацыйнага абмеркаваньня ў Беларусі, у якім узялі ўдзел і афіцыйныя колы, і незалежнае грамадзтва. То бок у Беларусі ў публічнай сьвядомасьці зьявілася тэма, якая ў такіх краінах, як Польшча і Чэхія, існуе ў мэдыйным і публічным полі ўжо гадоў 10-15. Гэта добра, што і ў Беларусі людзі сталі думаць ня толькі пра тое, як жывецца ім асабіста, але таксама пра тое, якая доля ў катоў. Сацыялізм і раньні пасьлясацыялістычны капіталізм да пэўнай ступені апраўдвалі людзкі эгаізм і духоўную чэрствасьць у адносінах да зьвяроў. Маўляў, чалавеку няма за што купіць абутак ці адзеньне для сваіх дзяцей, дык як тут яшчэ дурыць сабе галаву жыцьцём ці сьмерцю кацянят. У мяшок, і ў ваду зь імі. Цяпер думка на гэты конт мяняецца, і гэта радуе.

Ці пашкодзіла Ўладзімеру Някляеву прызнаньне, што ён забіў тое кацяня? Нават калі і пашкодзіла, дык няшмат. Усе, як здаецца, разумеюць дзьве рэчы. Першая зь іх такая, што дзеці бываюць ірацыянальна жорсткімі. Другая – што сёньняшняму Някляеву наўрад ці можна сур’ёзна закінуць тое, што ён рабіў у дзяцінстве. Як здаецца, ён адкупіў сваю віну, па-першае, прызнаўшыся ў гэтым учынку, і, па-другое, падпісаўшы мэмарандум аб паразуменьні з прадстаўніком кацінага роду. Гэта, па-мойму, быў вельмі ўдалы піярскі ход, які адназначна прыбавіў Някляеву ачкоў у кампаніі. Гэты ход наводзіць мяне на падазрэньне, якое шмат хто падзяляе, што ўся гэтая гісторыя з забойствам кацяняці была наўмысна ўкінутая ў мэдыйную прастору штабам Някляева.

І апошняя рэфлексія з гэтай нагоды. Я наглядаў зблізку за выбарчымі кампаніямі і ў Польшчы, і ў Чэхіі, і ў ЗША. Як жыў паўгоду ў Нью-Ёрку, калі першы раз у прэзыдэнты балятаваўся Біл Клінтан, у 1991-1992 гадох. Мяне, прызвычаенага да бэтоннага афіцыёзу выбарчых кампаніяў у сацыялістычнай Польшчы, моцна ўразіў тон амэрыканскай кампаніі. Мэдыі проста захлістваліся ад паведамленьняў і спэкуляцыяў наконт таго, ці Клінтан у школьныя і студэнцкія гады курыў марыхуану, ці не пайшоў у войска таму, што пабаяўся трапіць у Віетнам, і ці сапраўды, ужо будучы жанатым, ён меў раманс з адной сьпявачкай.

Палітычныя кампаніі на Захадзе, я б сказаў, больш людзкія, больш чалавечыя, хоць там журналісты са скуры лезуць, каб накапаць усялякіх скандалаў і бруду на кандыдатаў. Тое, як рэагуюць кандыдаты на скандалы і бруд, і выяўляе іх як людзей і як асобы. У Беларусі ў гэтым сэнсе шмат што яшчэ наперадзе. Дагэтуль мы былі прызвычаеныя да таго, што супернікі адзін аднаго называлі “ворагамі народу” і “здраднікамі нацыянальных інтарэсаў”. А кандыдата як асобу больш-менш людзкую мы маглі назіраць у сытуацыі, калі ён на ўсё краіну з тэлевізара выказваў непрыхаванае задавальненьне, што ягонаму суперніку ахоўнікі, прабачце за выраз, “набілі морду”, як ён гэтага і заслугоўваў. Някляеў і каты – гэта значна больш чалавечае аблічча беларускай палітыкі.

Belsat 2.10.2010 Part3
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:11 0:00


Ціхановіч
: Лукашэнка падчас аднаго з выступаў нядаўна заявіў:

"Тыя, хто ўчора іграў на заходняй скрыпцы, сёньня іграюць на балалайцы ў Маскве”.

А прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў заклікаў беларускія ўлады правесьці прэзыдэнцкія выбары з выкананьнем правоў і свабод чалавека. А на пытаньне, чаго ён чакае ад прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, адказаў: “Нічога добрага... Жарт”.

Якую ролю адыгрывае Расея ў гэтай выбарчай кампаніі: і як дзяржава зь яе рэсурсамі і яе палітыкай і жартамі яе кіраўнікоў, і як тэма дэбатаў, вось пазыцыянаваньня, кажучы птушынай мовай паліттэхнолягаў?

Карбалевіч: Я думаю, што ў расейскага кіраўніцтва няма дакладнага сцэнару, дакладнага пляну, што рабіць зь Беларусьсю, што рабіць з Лукашэнкам, як удзельнічаць у гэтых прэзыдэнцкіх выбарах. Пакуль адбываецца проста псыхалягічны ціск на Лукашэнку, і больш нічога. Думаю, што Расея нечакана для сябе выявіла, што ня мае ўплыву на свайго найбліжэйшага саюзьніка, прычым інструмэнтаў уплыву на яго нават менш, чым на іншыя постсавецкія краіны. У Беларусі няма моцнага расейскага капіталу, бо беларускія ўлады не пускаюць яго сюды. У Беларусі няма прарасейскіх партыяў і арганізацыяў, якія ёсьць у іншых постсавецкіх краінах, нават у краінах Балтыі. Праэўрапейскія структуры ў Беларусі ёсьць, а прарасейскіх няма, нягледзячы на велізарную буфанаду беларуска-расейскай інтэграцыі.

На выбарах ва Ўкраіне Расея добра ведае, што трэба рабіць. Трэба падтрымліваць прарасейскага кандыдата грашыма, паліттэхнолягамі, інфармацыйна. А як уплываць на беларускія выбары, у Маскве проста ня ведаюць. Адсюль і гэтая інфармацыйная вайна, якая то разгараецца, то затухае.

Што да беларускіх ўладаў, то яны спрабуюць скарыстаць сытуацыю на сваю карысьць і сфармаваць вобраз ворага з Расеі. Наагул, усе выбарчыя кампаніі ў Беларусі адбываліся ва ўмовах «крэпасьці ў аблозе». Улады штучна стваралі такую мадэль, але ў ранейшых кампаніях гэтым ворагам прадстаўлялі Захад. А цяпер вораг – і там, і там.

Разам з тым беларускія ўлады імкнуцца ня спальваць усіх мастоў, бо вялікая залежнасьць ад Расеі. Таму і сам Лукашэнка, і афіцыйныя мэдыі, з аднаго боку, ствараюць з Расеі вобраз ворага, а з другога боку – спрабуюць неяк супакоіць грамадзтва, казаць, што выбары пройдуць і ўсё нармалізуецца.

Але, як бы там ні было, выглядае, што тэма Расеі будзе галоўнай тэмай перадвыбарчай барацьбы. Але апазыцыйныя кандыдаты пакуль што не змаглі сфармуляваць свайго праекту дачыненьняў Беларусі з Расеяй, альтэрнатыўнага праекту Лукашэнкі. І на мой погляд, адсутнасьць такога альтэрнатыўнага праекту і выштурхоўвае на першы плян такія тэмы, як гэтае кацяня Някляева.

Дракахруст: Відавочна, што некаторыя кандыдаты – у прыватнасьці, Уладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Яраслаў Раманчук, пазыцыянуюць сябе як у той ці іншай ступені прарасейскія кандыдаты. Яны шырока прысутнічаюць у расейскіх мэдыяў, гавораць пра новую форму адносінаў з Расеяй, Някляеў кажа аб працягу інтэграцыі, Раманчук – што ён самы зручны кандыдат для Крамля. У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка ці ня ў кожным выступе скардзіцца на Расею і папікае яе, прадстаўляючы сябе змагаром за незалежнасьць, яе абаронцам ад замежных, пераважна расейскіх замахаў. Ці не ўпершыню разбурана звыклая перадвыбарчая сытуацыя, калі Лукашэнка асацыяваўся з Расеяй, а ягоныя асноўныя апанэнты – выключна з Захадам.

Што да самой Расеі, то інфармацыйныя атакі на Лукашэнку яна пакуль што прыпыніла, але працытаваныя вамі, Алена, выказваньні Мядзьведзева даволі паказальныя: і згадка аб правох чалавека падчас выбарчай кампаніі, і двухсэнсоўны жарцік. Першае можа быць намёкам на тое, што Масква можа і не прызнаць вынікаў выбараў, калі з тымі самымі правамі будзе падчас іх ня надта. Ну а жарцік... Хаця, магчыма, ён і ня жарцік. І яго можна ўспрымаць як намёк: маўляў, мы разумеем, што Лукашэнка застанецца на сваёй пасадзе, але нам гэта не падабаецца і мы знойдзем спосабы, каб Лукашэнка гэтае незадавальненьне адчуў у поўнай меры.

Напрыканцы я б сказаў пару словаў пра наступствы звальненьня маскоўскага мэра Юрыя Лужкова. Для Беларусі гэта можа мець і эканамічныя, і палітычныя наступствы. Эканамічныя палягаюць у тым, што паміж Беларусьсю і расейскай сталіцай – шматмільярдны гандлёвы абарот, які раней забясьпечваўся рэжымам спрыяньня з боку Лукашэнкавага сябра Лужкова. А цяпер, магчыма, такога спрыяньня і ня будзе.

Палітычна зьнік адзін з самых уплывовых лабістаў і саюзьнікаў беларускага прэзыдэнта ў Расеі. Да таго ж пасьля скіданьня Лужкова ў расейскага тандэма можа быць такі прыліў палітычнага адрэналіну – такога зубра завалілі, можа, каго яшчэ можам заваліць. Пры жаданьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG