Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Машэраў і Лукашэнка


«30 гадоў таму загінуў Пятро Машэраў. Ці можна параўнаць яго з Аляксандрам Лукашэнкам?» Адказваюць гарадзенскія мінакі.

Спадар: «Я асабіста памятаю, гэта цудоўны чалавек быў: сумленны, добры, цуд увогуле. Каб Машэраў замест гэтых усіх быў, дык і Масква б зь ім лічылася да такой ступені, што толькі папісквалі б. Той мудры быў. А гэты, каб не пахваляўся б, то нібыта працавіты, але сам сябе губіць. Каб ён маўчаў, як Назарбаеў, то мы б тут квітнелі, чэснае слова. Як што зробіць, адразу пахваляецца — ня трэба ніякіх шпіёнаў. Ён пахваляецца пастаянна, ну, навошта гэта трэба? Не, з Машэравым яго не параўнаць, вядома».

Спадарыня: Я нават ня ведаю, Машэраў таксама харошы чалавек быў, Лукашэнка таксама нядрэнны, што я буду на яго гаварыць... Ня ведаю, хто лепшы — Машэраў ці Лукашэнка«.

Спадарыня: «Па размовах памятаю, што разьбіўся, тады не цікавіла палітыка».

Спадарыня: «Падладжана было для Машэрава, як мы чулі, а не аўтакатастрофа гэта была. Але хто можа пра гэта ведаць?»

Спадар: «Я памятаю Машэрава, але мне здаецца, нельга іх параўноўваць. Хто зь іх лепшы? Трыццаць гадоў прайшло. Мне здаецца, ён больш для народу, Машэраў, клопат выяўляў. Дзьве рэчы, якія непараўнальныя. У іх нават характары, нэрвовая сыстэма розная: гэты — халерык...»

Спадар: «Ён быў вельмі такі справядлівы, харошы, добрасумленны, нармальны чалавек быў. Лукашэнка — свой чалавек, бацька наш, кожнаму сваё даецца».

Спадар: «Нельга параўноўваць чалавека з чалавекам. У Лукашэнкі сваё добрае ёсьць, у Машэрава сваё было».

Спадар: «Вядома, памятаю, ён быў першы сакратар. Цудоўны чалавек, цудоўны кіраўнік, які сапраўды зьвяртаў увагу на жыцьцё народу і жыў разам з народам. Яны зусім розныя людзі. І кожны глядзіць са сваёй званіцы па-рознаму. Часы былі іншыя, а хто бліжэйшы, ці мне меркаваць? Самі яны хай разьбіраюцца».

Спадар: «Машэраў, Лукашэнка — дзьве эпохі, дзьве постаці. Памятаю адкрыцьцё палацу хімікаў у Горадні, на якім прысутнічаў Машэраў. Ён пад’яжджае на „Волзе“ і ідзе з адным чалавекам, нас нікога не адсейвалі, нікога не фільтравалі, не было бачна міліцыянтаў. З гэтым чалавекам Машэраў заходзіць у фае, здымае капялюш, кланяецца і гаворыць „Добры дзень, людзі“. Што датычыць Лукашэнкі, то зусім інакш, за тыдзень да яго прыезду ўжо фільтруюць людзей».

Спадар: «Ён Беларусь у той час трымаў. Яе б заштурхалі б, як кіргізаў і так далей. А толькі праз тое, што яны яго баяліся, Масква. Яны яго таму і душылі, таму, напэўна, зрабілі і гэтую аварыю. Ён ім перашкаджаў, ён быў прэтэндэнт нумар адзін на Крэмль».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG