Аўтахтоны ваколіц Байкалу, жывёлаводы-бураты ці не найлепш прыстасаваныя для выжываньня ў гэтым суровым краі. Бураты жывуць, зьберагаючы сваю мову, традыцыі і веру, у Бурацкай аўтаномнай рэспубліцы са сталіцай Улан-Удэ, Усьць-Ардынскай аўтаномнай акрузе ў Іркуцкай вобласьці ды Агінскай аўтаномнай акрузе ў Забайкальскім краі. Агінская акруга Ага разьмешчаная на паўднёвы ўсход ад Чыты, паблізу Манголіі, яна складаецца ўсяго з трох раёнаў, тут жыве меней за 100 тысяч чалавек. Раней акруга была асобным суб'ектам Расейскай Фэдэрацыі, а цяпер, пасьля рэфэрэндуму, які прайшоў па ініцыятыве Масквы, увайшла ў склад Забайкальскага краю.
Сталіца акругі, гарадзкі пасёлак Агінскае, нібыта перажывае другое нараджэньне, апошнім часам тут пабудавана шмат сучасных будынкаў. У цэнтры пасёлка — манумэнт Маці Ага. Помнік упрыгожаны сымбалічнай брамай, аформленай у будысцкім стылі.
Будызм сярод бурат актыўна адраджаецца. Агінскі дацан (ламаісцкі манастыр) аднаўляе свае храмы і засвойвае тэрыторыі, раней забраныя ў манахаў савецкай уладай. У дацане цяпер 40 ламаў і 30 студэнтаў Будысцкага духоўнага інстытуту.
На пачатку 90-х сюды з пастырскім візытам прыяжджаў Далай Лама. Ён жыў у гэтым драўляным будынку.
З таго часу тут шмат адбудавалі. Напрыклад, гэты шэраг сакральных аб'ектаў, якія тут называюцца "ступамі".
Падобная ступа ўсталяваная і на галоўнай сьвятыні агінскіх буратаў — у храме "Брама" на сьвятой гары Алханай. Да гэтай прыроднай брамы, якую вецер выдзьмуў у скале, заўсёды цягнуцца будысцкія паломнікі і турысты. Усіх захапляе і энэргетыка гэтага месца, і прыгажосьць горных і таежных краявідаў. Вернікі распавядаюць пра цуды, якія адбываліся тут, напрыклад, на скалах самі сабою праяўляюцца тэксты будысцкіх малітваў — мантраў. Прыродны храм стаіць на вышыні 1500 мэтаў над узроўнем мора.
Бураты прыносяць сюды свае ахвяраваньні — стужкі, манэты, цукеркі, зерне і пакланяюцца сьвятыні.
Жанчыны, якія ня маюць дзяцей, імкнуцца на гару Алханай і да яшчэ аднаго прыроднага храма "Нутро Маці". Паводле вераваньняў, калі жанчына зойдзе ў гэты невялікі грот, то ў яе абавязкова зьявяцца дзеці.
Адна з такіх наведніц два гады таму прынесла копію пасьведчаньня аб нараджэньні дзіцяці, якое зьявілася ў яе пасьля наведваньня "Нутра Маці".
Мужчынам уваход у гэты грот забаронены. Яны могуць папрасіць аб выкананьні сваіх жаданьняў, збудаваўшы невялікую пірамідку з каменьня — "субурган". Даліна субурганаў хавае тысячы чыіхсьці жаданьняў. Адну пірамідку тут пакінуў і аўтар блогу.