Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму бізнэс не ідзе ў правінцыю


Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі запатрабаваў разабрацца, зь якой прычыны бізнэс не ідзе ў правінцыю, чаму не выконваецца дзяржаўная праграма разьвіцьця малых і сярэдніх гарадоў. На больш як 30 тысячах прадпрыемстваў заробак сёлета меншы, чым 200 даляраў. У рэгіёнах ня створаныя ўмовы для заснаваньня прыватнага бізнэсу.


Гомельшчына: Якая ўвага, такі й бізнэс


На Гомельшчыне ў малых гарадах і паселішчах сёлета плянавалася адкрыць 235 розных невялікіх вытворчасьцяў. Але ў такіх населеных пунктах, як Рагачоў, Петрыкаў, Парычы, Лоеў, Уваравічы, ня створана наагул ніводнай новай вытворчасьці.

Пра прычыны гаворыць індывідуальны прадпрымальнік спадар Валер з Уваравічаў:
Няма магчымасьці нармальна завозіць тавар, як гэта павінен рабіць прадпрымальнік


“Няма магчымасьці наняць людзей, як гэта было раней — да трох чалавек. Другое, няма магчымасьці нармальна завозіць тавар, як гэта павінен рабіць прадпрымальнік. Я нібыта маю права ўвезьці тавар зь іншай краіны на суму да 10 тысяч даляраў, але практычна зрабіць гэта немагчыма. Мытная служба падчас праверкі кажа: так, у цябе дзьве рэчы гэтыя, дзьве гэтыя, астатняе — на вагі. Колькі ў цябе там кіляграм? Іх і памнажаем на 4 эўра”.

У малых гарадах і паселішчах разьвіцьцё малога бізнэсу шмат у чым залежыць ад стаўленьня да яго мясцовага кіраўніцтва, якое, у сваю чаргу, прынароўліваецца да запатрабаваньняў начальства.

Апавядае прадпрымальніца з Чачэрску спадарыня Валянціна:

“Яны нам нічога не дапамагаюць, а толькі патрабуюць падаткі па падвышаных стаўках. Быў крыты рынак — яго зьнесьлі. Мы ў брудзе стаім — не зацэмэнтавалі, не заасфальтавалі. Сказалі, ралеты будуць ставіць, але й іх ня ставяць. Мы былі на прыёме 14 ліпеня ў старшыні райвыканкаму Івана Кома. І ён паабяцаў, што будуць ралеты рабіць. Падмурак камунгаз заклаў — і спыніліся. Кажуць: грошай няма. І нам не даюць будаваць, і самі не будуюць. І мы ўжо ў самаробных шапіках у брудзе два месяцы стаім”.


Магілёўшчына: Мала дзе ёсьць перамены для прыватнага бізнэсу


На Магілёўшчыне для чыноўнікаў выкананьне прагнозных паказьнікаў росту колькасьці суб’ектаў дробнага бізнэсу больш важнае за рэальны стан спраў з прадпрымальніцтвам.

Асаблівых праблемаў з рэгістрацыяй бізнэсу ў малых гарадах няма, сьцьвярджае прадпрымальнік Вячаслаў Шэлег, але і ахвотных пачаць свой бізнэс ня шмат. Папаўняюць шэрагі прадпрымальнікаў найчасьцей беспрацоўныя, бо яны ня могуць знайсьці сабе іншага занятку ў невялікім горадзе.

“Ён бы і мог працаваць як і раней індывідуальным прадпрымальнікам, але ўлічваючы, што ён ня можа наняць работніка, ён вымушаны адчыняць фірму. А тут ужо складанасьці вялікія. Адсутнасьць бугальтараў, адсутнасьць ведаў — і недасьведчаны чалавек можа нарабіць шмат памылак. Асабліва ў малым горадзе, бо няма тут кваліфікаваных спэцыялістаў. Пры праверках будуць выяўленыя сур’ёзныя парушэньні”.

Значная частка зарэгістраваных у малых гарадах прадпрымальнікаў шукаю
Мала аднак дзе ёсьць такія вялікія перамены, што бізнэс адразу ўзяў і пачаў разьвівацца.
ць лепшай долі ў вялікіх гарадах. Чыноўнікі ж паказваюць у сваіх справаздачах, што колькасьць бізнэсоўцаў у іх раёне расьце:

“Яму можа й не патрэбная тая фірма, ці той чалавек, для яго галоўнае птушачку паставіць, што гэта ў ягоным раёне ёсьць. Яму лічба патрэбная. Яго не цікавіць як ты будзеш працаваць і што ў цябе будзе”, — зазначае Вячаслаў Шэлег.

Чыноўнікі вымушаныя выконваць прагнозныя паказьнікі, кажа й старшыня грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў Тацяна Казлоўская:

“А як гэтыя дадзеныя не паказаць? Не пакажы гэтыя дадзеныя — хто хоча губляць сваё працоўнае месца. Калі мы апынуліся на апошнім месцы па прастаце аплаты падаткаў, то пастаўленыя дужа жорсткія рамкі, каб спрасьціць і падатковую сыстэму, каб спрасьціць вядзеньне бізнэсу, каб была зацікаўленасьць у бізнэсе працаваць. Мала аднак дзе ёсьць такія вялікія перамены, што бізнэс адразу ўзяў і пачаў разьвівацца. Хутчэй за ўсё давядзецца малымі крокамі ісьці да нечага вялікага”.


Віцебшчына: Улада зруйнавала прыдарожны сэрвіс прадпрымальніка


Паводле былога прадпрымальніка Васіля Ільніцкага, колішняга ўладальніка аўтакемпінгу ў вёсцы Кузьміно Гарадоцкага раёну, улады зь ім ужо “разабраліся”: пасьведчаньне прадпрымальніка анулявалі і зруйнавалі той самы “аб’ект прыдарожнага сэрвісу”, які быў сямейным бізнэсам Ільніцкіх 20 гадоў.
Я судзіўся, два суды выйграў, яшчэ тры прайграў, і тады сказаў, што буду займацца дабрачыннасьцю


“Гэта было прыватнае прадпрыемства па аказаньні паслугаў прыдарожнага сэрвісу на міжнароднай трасе Санкт-Пецярбург-Адэса. З 1991 году гэта быў каапэратыў, а потым прадпрымальніцкая структура. Прадпрымальніцтва маё скончылася, калі мяне абвінавацілі ў незаконным захопе зямлі. Я судзіўся, два суды выйграў, яшчэ тры прайграў, і тады сказаў, што буду займацца дабрачыннасьцю”.

Васіль Ільніцкі распавёў, што мусіў ператварыць кемпінг у сацыяльны прытулак, выкарыстаўшы для гэтага ўласную маёмасьць. Частку гэтай маёмасьці ў прадпрымальніка адсудзілі, у тым ліку гатэль, дзе спыняліся кіроўцы-дальнабойшчыкі. Некалькі астатніх дамкоў спадар Ільніцкі назваў “Прытулкам для абяздоленых і пакрыўджаных уладамі”. Гэта быў, як кажуць, некамэрцыйны праект, але замінаць начальству ён працягваў і ў гэтай якасьці: аднойчы ён трапіўся на вочы старшыні аблвыканкаму Аляксандру Косінцу. Пабудовы тэрмінова пачалі зносіць, спаслаўшыся на рашэньне гарадоцкіх уладаў, прынятае нібыта яшчэ ў 2006-м годзе. Гэта Васілю Ільніцкаму патлумачылі ў райвыканкаме:

“Сярболін, начальнік юрыдычнага аддзелу, сказаў, што Косінец там часта езьдзіць і зрабіў заўвагу. Тады мы, маўляў, знайшлі дакумэнт ад 2006-га году. Але каб жа яны тыя дамкі проста зьнесьлі! І судзіўся б тады зь імі… Але ж яны іх зьнявечылі! Частку зьнялі з фундамэнтаў, перацягнулі да лесу і паставілі на зямлю. Усё паламалі. У дамках была маёмасьць. Урон мне нанесьлі на 30 тысяч даляраў”.

Пабудовы схавалі далей ад вачэй абласнога начальства. Іншую маёмасьць, што была на падворках, проста закапалі ў зямлю...

Васіль Ільніцкі кажа, што ўлады ня толькі не паспрыялі ягонаму бізнэсу, як гэта паўсюдна абяцаюць, а зьнішчылі справу ўсяго жыцьця:

“У мяне ёсьць “Кніга скаргаў і прапаноў”, я яе захоўваю. Там кіроўцы пісалі, што тут аб’ект прыдарожнага сэрвісу дужа патрэбны. І менавіта ў гэтым месцы, у Кузьміно. Нездарма яшчэ ў часы Кацярыны тут быў пастаялы двор! Гэта выдатная кропка, я зрабіў паслугі рэнтабэльнымі, а сам аб’ект — патрэбны людзям”.

Гістарычны будынак —гатэль, які дастаўся "Белаўтадору" пасьля прадпрымальніка Ільніцкага


Гістарычны будынак пастаялага двара — асабісты боль Васіля Ільніцкага, які абсталяваў у помніку архітэктуры сучасны гатэль. Цяпер гэты аб’ект належыць дзяржаўнаму прадпрыемству “Белаўтадор”, якое спрабуе зрабіць тут зноў-такі аб’ект прыдарожнага сэрвісу. Дзяржава адабрала ў прадпрымальніка эканамічна выгадную справу і ўзяла сабе, лічыць спадар Ільніцкі.

“Зрабілі бутафорыю. Ёсьць закон пра прыдарожны сэрвіс — што ў тым комплексе мусіць быць. Дык вось, ня можа быць аб’екту без кацельні — а яе няма. Без водазаборнай вежы. Водазаборнай вежы няма, А калодзеж яны зрабілі на месцы майго сьметніка. Такі вось цуд! І цяпер у іхным калодзежы знайшлі кішэчную палачку”.


Берасьцейшчына: Умовы працы не спрыяюць бізнэсоўцам


На Берасьцейшчыне існуе больш за 34 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. Многія зь іх скардзяцца на перашкоды ў працы.

Прадпрымальнік зь Івацэвічаў Андрэй, які адкрыў кавярню каля гораду, кажа, што чыноўнікі запэўніваюць, што стварыць сёньня сваё прадпрыемства не складае цяжкасьці. Але гэта не зусім так. Каля Івацэвічаў праходзіць дарога Варшава-Масква. Падаецца надзвычай выгадна стварыць тут кавярню, але на гэта патрэбна вялікая колькасьць часу:
Я сёньня вазьму ўчастак каля дарогі для кавярні, то ў самым лепшы выпадку я змагу пачаць працаваць толькі праз два гады! Цэлы год мне спатрэбіцца на тое, каб стварыць праект, потым будоўля. Як мінімум неабходна 100 мільёнаў рублёў


"Вось калі я сёньня вазьму ўчастак каля дарогі для кавярні, то ў самым лепшы выпадку я змагу пачаць працаваць толькі праз два гады! Цэлы год мне спатрэбіцца на тое, каб стварыць праект, потым будоўля. Уявіце, колькі на гэта патрэбна сродкаў. Тут як мінімум неабходна 100 мільёнаў рублёў."

Атрымаць сродкі ў выглядзе крэдыту магчыма, кажа бізнэсовец. Але гэта можа стаць сапраўднай пасткай, таму што працэнты велізарныя:

"Крэдытныя рэсурсы, якія надзвычай дарагія, а таксама бюракратычныя бясконцыя працэдуры, кошты гэтых працэдураў, час на рэалізацыю. Каб гэтага не было, нашмат хутчэй усё разьвівалася б."

Прадпрымальнік з Косава, які займаецца вырабам мэблі, кажа, што сёньня прыватнаму прадпрыемству існаваць надзвычай складана. Прыходзіцца канкураваць зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі, якія вельмі моцна абараняюцца дзяржавай:

"Гандлёвыя кропкі РАЙПО, празь якія мы прадаем сваю прадукцыю, не сьпяшаюцца з намі разьлічвацца. Таму ў нас пастаянна недахоп сродкаў. Пры гэтым дзяржаўныя крамы прызнаюцца, што існуе пералік дзяржаўных прадпрыемстваў, зь якімі павінны быць разьлікі ў першую чаргу, нават нягледзячы на тое, ці быў тавар прададзены."

Прадпрымальнік з Белаазёрску кажа, што ў яго горадзе прадпрымальнік мусіць рабіць усе справы самастойна, пачынаючы з дастаўкі і пошуку тавару, да яго продажу. Тыя, хто аказвае паслугі насельніцтву, павінны марнаваць шмат часу на бюракратычныя працэдуры:

"Вельмі шмат трэба прайсьці інстанцый, каб адкрыць свой бізнэс. А потым, каб ён функцыянаваў, неабходна таксама вельмі шмат часу на розныя дакумэнты, праверкі, справаздачы."

Прадпрымальнікі разам з тым падкрэсьліваюць, што іх праца таксама залежыць і ад попыту грамадзян. Людзі ў рэгіёнах зарабляюць вельмі мала.


Гарадзеншчына:"Прыватнікі баяцца ўкладаць грошы ў бізнэс, бо ўлада дзейнічае непрадказальна"


Нават улады адзначаюць, што ў невялікіх гарадах малы бізнэс разьвіваецца горш, чым трэба.

Валянцін Бранцэвіч узначальвае абласную арганізацыю “Садружнасьці” — Беларускага прафсаюзу працаўнікоў розных формаў прадпрымальніцтва. Ад чаго залежыць разьвіцьцё прыватнай ініцыятывы ў малых гарадах?

Бранцэвіч: “Сёньня дзяржава для малых гарадоў мае праграму, там і падаткаабкладаньне меншае, займацца бізнэсам можна, але чаму ня йдуць туды? Таму, мне здаецца, што недастаткова ўвагі надае мясцовы райвыканкам гэтаму пытаньню”.

Улады заклікаюць прадпрымальнікаў ствараць вытворчасьць, выпускаць прадукцыю, а ня толькі займацца гандлем.

Бранцэвіч: “Датычна дробнай вытворчасьці, зборачных, залежыць, ці знайшоўся такі чалавек, які вырашыў зрабіць аўтамайстэрню, выпуск нейкай прадукцыі, даў працу людзям. Ёсьць складанасьці з гэтым. У Зэльвенскім раёне можа ўвогуле якіх два прыватныя прадпрыемствы, а можа іх зусім няма, хутчэй за ўсё, бо ў мінулым годзе не было”.

А ў справаздачах улады вельмі цэняць лічбы.

Бранцэвіч: “Стварылі адно прадпрыемства, усе крычаць “ура!”, усе задаволеныя, паўсюль справаздачу даюць. А на наступны год не стварылі, значыцца, дрэнна. Вось у чым пытаньне. А прымусіць сёньня бізнэс працаваць там, дзе няма выгады, нельга. Як мяне можна прымусіць ехаць з Горадні некуды далёка і нешта ствараць там? Няма сэнсу”.

Зьміцер Кухлей
з Мастоў зьяўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, яго меркаваньне:

“Я думаю, што тут яшчэ праблема ў перадачы нерухомасьці. Людзям цяжка знайсьці месца, дзе вытворчасьць арганізоўваць, арэндныя стаўкі высокія, улады бяруць па максімуму. Гэта адна з прычынаў. Людзі таксама яшчэ баяцца ўкладаць грошы тут, у Мастах. Але існуе менавіта і праблема з памяшканьнямі, хаця шмат будынкаў стаяць, якія не выкарыстоўваюцца, але ўлады ня маюць жаданьня перадаваць іх бясплатна, а толькі за вялікія грошы, якіх яны не каштуюць”.

Таксама ніколі невядома, працягнуць улады гэтую арэнду, ці не — кажа Зьміцер Кухлей. Дарэчы, ён стварыў у Мастах каапэратыў як альтэрнатыву ЖЭСам, які аказвае паслугі ў галіне жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, але справа разьвіваецца ня так хутка, як хацелася б, зазначае Зьміцер Кухлей. Чаму?

“Справа ня толькі ў памяшканьні, трэба доступ да пэўнай інфармацыі. Камунальная гаспадарка гораду атрымлівае датацыі, яе могуць атрымліваць і каапэратывы, але гэтага цяжка дамагчыся, выканкамы спрыяюць сваім ЖКГ, дзяржаўным”, — зазначае Зьміцер Кухлей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG