Што для вас свабода?
Стабільны стан пазытыву ў штодзённым жыцьці і поўная адказнасьць за ўсё, што робіш і гаворыш.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Гардыня і адсутнасьць грошай.
Што для вас шчасьце?
Адсутнасьць стану няшчасьця.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Гневу Божага і банкруцтва сябе як маці.
Які талент вы хацелі б мець?
Ужо ніякі.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Спіс даволі вялікі, але крытэрый адзін — адсутнасьць фальшу.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Чытаць і піць каву, сьпяваць у касьцёле.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Не адказваю на пытаньні з пачаткам «Калі б...»
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Ад Ларысы Геніюш: «Трымайся праўды!»
Які ваш улюбёны дэвіз?
Служы людзям тым, чым Бог даў.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У швэдзкай.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Швэцыі ці ў Беларусі, але бяз гэтай дзяржавы.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У сучасную эпоху.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Барані Божа стаць мне кіраўніком дзяржавы!
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Добрасуседзкія.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Добрасуседзкія, з пачуцьцём надзейнага локця.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
Я так ніколі не лічыла.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Як Бог захоча.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Думаю, што ніколі.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Беларуская нацыя зьнікне з мапы сьвету. Гэта адбываецца ўжо сёньня.