Што для вас свабода?
Неадчуваньне мяжы несвабоды.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Мае памылковыя перакананьні.
Што для вас шчасьце?
Гармонія і раўнавага з навакольным сьветам.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Вайны як страты раўнавагі.
Які талент вы хацелі б мець?
Талент разумець сябе і сьвет.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Людзьмі захапляцца складана, менавіта таму, што яны людзі, а значыць не без заганаў.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Любіць.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Нічога.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Ня лезь на ражон.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Ня ведаю, наколькі гэта дэвіз. Цытата з рамана С. Бэкета «Ўот»: «Хочаце камень – прасіце пірог. Хочаце пірог – прасіце сьлівовы пудынг».
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Мне падаецца, галоўнае ў палітычнай сістэме – яе не адчуваць. Таму ў той, якую адчуваць ня буду.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У гэтай.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У сучасную.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Пачала б рыхтаваць дастойнага пераемніка.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Эканамічныя адносіны.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Эканамічныя адносіны.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
А я так ня думаю.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Улада ўжо зьмяняецца.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Ужо гавораць.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску
Але ж ужо загаварылі.