Што для вас свабода?
Для кожнага ўзросту панятак “свабоды” мяняецца. Сёньня для мяне свабода азначае чысьціню – сумленьня, думак, сэрца. Калі няма на душы камянёў, перажываньняў, што я штосьці не зрабіла, а магла зрабіць у жыцьці.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Я сама. І некаторыя пачуцьці, якія нараджаюцца ўнутры. Лянота, злосьць, пэсымізм.
Што для вас шчасьце?
Прымружваць вочы ад сонца. А сур’ёзна – калі на душы спакойна.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Самоты.
Які талент вы хацелі б мець?
Талент любові да ворагаў.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Паэтамі Людмілай Паўлікавай, Наталяй Кучмель, Валярынай Куставай, Віталем Рыжковым, бардамі Алесем Камоцкім, Дар’яй Кадамскай. Мікола Купрэеў вельмі ўразіў мяне. На жаль, яго ўжо няма з намі.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Я вельмі люблю стаяць на палявой дарозе і глядзець удалячынь. А наогул вельмі люблю добры сон.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
У мяне цудоўныя бацькі, сястра, таму я нічога не хацела б мяняць.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Іх вельмі шмат. Калі я чытала кнігі, то ўспрымала парады герояў як асабістую параду мне. Альбо калі слухала песьні Цоя, Шынэд О’конар і іншых творцаў. З апошняга я памятаю параду аднаго беларускага барда: “Любі тую тэму, якую ты выбіраеш”.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Дэвізы трэба куды–небудзь запісваць, а то я іх забываю. Раней я кудысьці бегла, і дэвіз быў: “Зрабі гэта цяпер і як мага хутчэй”. Сёньня я трошкі паспакайнела, і дэвізам зьяўляецца: “Зрабі гэта цяпер, але так, каб потым не пашкадаваць”.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Я лічу палітыку цкаваньнем адной групы людзей на другую. Мусяць быць агульныя інтарэсы ў аднаго народу, але розныя шляхі іх дасягненьня. Улада мусіць дапамагаць усім слаям насельніцтва, пачынаючы ад дзяцей, каб пачаць выхоўваць са школы будучага мужчыну альбо жанчыну, будучага грамадзяніна, будучага працаўніка. Усё ўзаемазьвязана. Калі зь дзяцінства не раскрываюцца розныя якасьці асобы згодна зь яго прыродай закладзеных уменьняў, то і надалей дзеці вырастаюць няшчаснымі дарослымі. Я хацела б жыць у вольнай Беларусі, дзе кожны адказны за сваю краіну, за свайго суседа, за свайго дзіцёнка.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У краіне, дзе жывуць разумныя і добрыя людзі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Цяпер няма куды душу падзець. Вельмі шумны час. Можа, у эпоху, дзе было трошкі цішэй.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Паехала б па краіне, але ніхто ня ведаў бы, хто я, і пыталася б у людзей, у моладзі, у падлеткаў, у сталых, - як вы жывяце? Потым павандравала б па іншых краінах, зрабіла б высновы, адправіла б вучыцца тых, хто займае вышэйшыя пасады, а потым ужо рабіла б захады дзеля зьменаў у эканоміцы, адукацыі, мэдыцыне.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Партнэрскія. Мы можам навучыцца шмат якім тэхналёгіям, мэтодыкам, падыходам.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Беларусь мусіць паважаць сябе.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
У дыктатуры няма рэальнага жывога чалавека. Ёсьць падман, сурагат. Гісторыя паказала, што дыктатура - гэты вывернутыя мазгі народу, гэта дазволенае вар’яцтва.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Калі я сама зразумею, адчую, што трэба, а што ня трэба рабіць, каб зрабіць сваё жыцьцё лепшым. Каб я гутарыла на сваёй роднай мове, каб я жыла па чалавечых, а не зьвярыных законах. Калі я сама зразумею, чаго я хачу.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі чыноўнікі загавораць, тады ў народзе зьнікне страх размаўляць па-беларуску.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Будуць і надалей жыць зь няспраўджанай марай пра вольную Беларусь.