Ленінскі суд Магілёву часткова не задаволіў пазову бабруйскай пэнсіянэркі Раісы Юшкевіч супраць грамадзкага аб’яднаньня "Рух БНФ "Адраджэньне". Юшкевіч зьвярнулася ў суд, каб абараніць гонар, годнасьць ды спагнаць з адказчыка кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 5 мільёнаў рублёў.
Падчас выбараў у мясцовыя саветы абласная арганізацыя Руху БНФ без дазволу Раісы Юшкевіч вылучыла яе ў склад участковай камісіі. Гэта й стала нагодай для яе звароту ў суд.
Як высьветлілася на судзе, Раіса Юшкевіч — адна з заснавальніц стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя". Вылучэньне ж у камісію ад імя руху БНФ "Адраджэньне" яна лічыць абразай для сябе. Суду яна заявіла, што гэтая арганізацыя экстрэмісцкая.
"У БХД — гучыць патрыятызм, хрысьціянскія каштоўнасьці. Я таксама надаю гэтаму дужа вялікае значэньне. Я сама беларуска. Патрыятызм і хрысьціянскія каштоўнасьці заўжды цаніла. Такое ж не гучыць у арганізацыі БНФ. Гэта арганізацыя нацыяналістычнага кшталту, без сумневу", – тлумачыць сваю пазыцыю Раіса Юшкевіч.
Прымірыцца з адказчыкам пазоўніца адмовілася. Выракам суду спадарыня Юшкевіч незадаволеная. Яна перакананая, што сваю праўду давяла цалкам.
У складзе ўчастковай камісіі Раіса Юшкевіч не працавала ні дня. Як толькі яна даведалася, што яе зацьвердзілі ў камісіі як фронтаўскую вылучэнку, то напісала заяву аб выхадзе зь яе складу. Нягледзячы на гэта, газэта бабруйскага гарвыканкаму "Бабруйскае жыцьцё" апублікавала сьпіс камісіі зь яе прозьвішчам.
Прадстаўнікі адказчыка — юрыст Уладзімер Лабковіч і кіраўнік абласной фронтаўскай структуры Зьміцер Салаўёў — прызналі факт вылучэньня Юшкевіч у склад участковай камісіі безь яе згоды памылкай і парушэньнем заканадаўства. За гэта яны выбачыліся перад жанчынай, аднак заявілі, што гэтым парушэньнем не маглі прычыніць ёй маральных пакут.
Грамадзкае аб’яднаньне БНФ афіцыйна зарэгістраванае. Мэты й задачы яго карысныя
З пазыцыяй адказчыкаў пагадзілася й судзьдзя Галіна Тарасава:
"Суд лічыць, што зьвесткі гэтыя несапраўдныя, аднак яны ніяк не зьняважаць вашыя гонар і годнасьць, бо гэтае грамадзкае аб’яднаньне — яно афіцыйна зарэгістраванае. Мэты й задачы яго карысныя".
Суд абавязаў адказчыка выплаціць судовыя выдаткі й кампэнсаваць праезд пазоўніцы на судовыя паседжаньні — гэта сто сорак тысяч рублёў. Акрамя таго, адказчык мусіць абвергнуць несапраўдныя зьвесткі ў афіцыйным лісьце на імя бабруйскай гарадзкой каардынацыйнай рады грамадзкіх арганізацыяў.
Што да выказваньня Раісы Юшкевіч пра экстрэмізм руху БНФ, то Ўладзімер Лабковіч заявіў, што будзе намагацца, каб кіраўніцтва дало гэтаму прававую ацэнку й зьвярнулася ў суд па абарону дзелавой рэпутацыі арганізацыі:
"Падобныя выказваньні сьведчаць пра тое, што грамадзкае аб’яднаньне дзейнічае незаконна, перасьледуе гвалтоўныя мэтады й падлягае ліквідацыі, а яго сябры павіны падпасьці пад перасьлед у межах крымінальнага заканадаўства. Гэта ўсё паказвае, у якім замбаваным стане знаходзіцца беларускае грамадзтва. Мне досыць прыкра глядзець, як дзяржаўныя органы выкарыстоўваюць слабасьць старога чалавека ў змаганьні з БНФ".
Як паведаміў "Свабодзе" юрыст Уладзімер Лабковіч, Раіса Юшкевіч паскардзілася ня толькі ў суд, але й у Міністэрства юстыцыі. 28 ліпеня Мін'юст запатрабаваў ад грамадзкага аб’яднаньня "Рух БНФ "Адраджэньне" арганізацыйную дакумэнтацыю на праверку. Уладзімер Лабковіч не выключае, што пасьля праверкі фронту будзе вынесенае папярэджаньне.
На сёньня Раіса Юшкевіч ужо не зьяўляецца сябрам БХД. “Як толькі мы даведаліся, што спадарыня Юшкевіч з падачы ідэолягаў адправіла ў дзяржаўны суд такую заяву (гэта было месяц таму, у сярэдзіне чэрвеня), мы прынялі рашэнне аб выключэнні яе з шэрагаў БХД", -- паведаміў адзін з сузаснавальнікаў БХД Павал Севярынец.