Вацлаў Ластоўскі. Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік. – Коўна, Міністэрства Беларускіх Спраў ў Літве Друкарня А. Бака, 1924.
Нярэдка анатацыйныя карткі ў слоўніках заканчваюцца сказам “Разьлічаны на шырокае кола чытачоў”, хаця куды дакладней было б пісаць “карыстальнікаў” ці нават “спажыўцоў”. Але слоўнікам неадменнага сакратара беларускага Адраджэньня, выбітнага грамадзкага дзеяча, выдатнага літаратара і вучонага-мовазнаўцы можна ня толькі карыстацца, але і зачытвацца. І дапытлівага студэнта-філёлага, і школьнага настаўніка, і абазнанага літаратара чакацьме безьліч цікавостак і прыемных адкрыцьцяў, бо перліны, падслуханыя ў гаворках, а часам і сканструяваныя складальнікам, шчодра рассыпаныя па 834 старонках. Да прыкладу, слоўнікавы артыкул, узяты наўздагад:
ПЕНТЮХ м. трыбух, кіндзюк, каўдук, пехтыр, мендзер; гэта ўсё наймі трыбуха, бруха, жалудка самага рознаякаснага паходжаньня. Сьвіны кіндзюк, каўдук з кашай. Янучок, Янучок, ці напхаў каўдучок!
Шмат цікавага можна адшукаць і ў дадатку з разьдзеламі: Крыўскі (беларускі) іменьнік, Назовы птахаў, Іменьнік расьлін, Вайсковыя каманды. Дзякуючы і гэтаму слоўніку ў актыўны ўжытак вяртаюцца многія словы і выразы, якія за савецкім часам заангажаваныя акадэмікі пасьпяшаліся залічыць у гістарызмы і архаізмы. Натуральна, лексыкон гэты даўно стаўся рарытэтным, і пашчасьлівіцца тым, хто адшукае ў букіністаў факсымільнае выданьне дваццацігадовай даўніны, што выйшла коштам Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
Міхась Клышка. Слоўнік сынонімаў і блізказначных слоў. Менск, “Вышэйшая школа”, 1976.
Напэўна ж, шмат у каго з тых, хто працуе з беларускім словам, гэта ледзь не настольная, легендарная кніга. У слоўніку 1900 сынанімічных радоў з больш як 11 тысячамі слоў і выразаў, і сьведчыць ён пра разьвітасьць і багацьце нашае мовы. Гэта першае і покуль што найлепшае ў краіне выданьне такога роду.
Праз сямнаццаць гадоў пабачыла сьвет другое, выпраўленае і дапоўненае выданьне пад рэдакцыяй Л.А. Антанюк, а потым і іншыя.
Аляксандар Булыка. Слоўнік іншамоўных слоў. У 2 тамах. Менск, “БелЭн”, 1999
Двухтомны слоўнік запазычаньняў зусім ня лішне мець на кніжнае паліцы чалавеку, які лічыць сябе інтэлігентам. Сустрэў, да прыкладу, слова “бювар” і падазраеш, што яно ня наскае, не спрадвечна беларускае. Працягнуў руку па акадэмічны даведнік дый адшукаў, дазнаўся, дзякуючы мэтру айчыннай лексыкаграфіі Аляксандру Булыку, што яно французскае з паходжаньня і азначае “папка для захоўваньня паштовай паперы, капэртаў, карэспандэнцыі і інш.” Хочацца верыць, што двухтомнік будзе перавыдадзены ў пашыраным варыянце, бо і ў нашу мову апошнім часам прыйшло шмат словаў іншамоўнага паходжаньня, асабліва ў галіне тэхнікі, інфарматыкі, эканомікі, фінансаў, спорту.
Валентына Пашкевіч. Ангельска-беларускі слоўнік. Менск, выдавец Зьміцер Колас, 2006.
Поруч са шматтомнай энцыкляпэдыяй грунтоўны, на 30—50 тысячаў словаў ангельска-нацыянальны перакладны слоўнік лічаць за адну з прыкметаў сьпеласьці нацыі. Гэтае выданьне – першы слоўнік такога памеру. Стаўся ён вынікам шматгадовай працы Валентыны Пашкевіч і супрацоўнікаў Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў ЗША і Канадзе. Гэтым тлумачыцца, што ў ангельскай частцы слоўніка ўжыты не брытанскі, а амэрыканскі варыянт ангельскай мовы як больш пашыраны ў сьвеце, а ў беларускай частцы ўжываецца “тарашкевіца”. Выданьне дае дадатковыя мажлівасьці вучыць адну з самых запатрабаваных у сьвеце моў без расейскай як мовы пасярэдніцы. Амаль што адначасна пабагацелі мы на польска-беларускі слоўнік (40 000 слоў) і нямецка-беларускі слоўнік (50 000 слоў).
Лявон Баршчэўскі. ЭўраСлоўнік. Менск, “Радыёла-плюс”, 2008.
Паспрабуйце прамовіць на адным дыханьні – “Беларуска-лацінска-ангельска-баўгарска-вугорска-грэцка-дацка-ірляндзка-ісляндзка-гішпанска-італьянска-латысска-літоўска-мальтыйска-нарвэжска-нідэрландзка-нямецка-партугальска-польска-румынска-славацка-славенска-фінска-французска-харвацка-чэсска-швэдзка-эстонскі слоўнік! Выданьне ўнікальнае ня толькі ў айчыннай, але і ў сусьветнай лексыкаграфіі. Гэта спроба наблізіць нашу мову да патэнцыйных чытачоў беларускіх тэкстаў у краінах Паўночнай, Цэнтральнай, Заходняй і Паўднёвай Эўропы, а беларускага карыстальніка павесьці ў багаты сьвет эўрапейскіх моў. Слоўнік уключае каля 100 000 адзінак перакладу і прызначаны найперш для чытаньня і разуменьня інфармацыйных, публіцыстычных, навукова-папулярных і мастацкіх тэкстаў, даступных у друкаваным выглядзе альбо ў Сеціве. Беларуская мова ў слоўніку прадстаўленая ў афіцыйным і клясычным правапісных варыянтах. У першую частку слоўніка ўвайшлі беларускія лексычныя адзінкі, перакладзеныя на лацінскую і 26 іншых эўрапейскіх моў, у другую — некаторыя лексычныя запазычаньні i выклічнікі, у трэцюю — беларуска-лацінскі слоўнічак рэлігійных, біялягічных, мэдыцынскіх, хімічных і іншых тэрмінаў, а ў чацьвертую — некаторыя беларускія прыказкі, прымаўкі і выслоўі. Ва Ўроцлаве пад тытулам “Беларуска-лацінска-эўрапейскі слоўнік” амаль адначасова выйшла пашыранае выданьне.