Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Каваленка патрабуе выбачэньняў


Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка
У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску працягваецца разгляд справы, ініцыяванай апазыцыйным актывістам супраць рэдакцыі газэты "Віцьбічы" і старшыні гарвыканкаму Віктара Нікалайкіна.

Судовы працэс вядзе судзьдзя Вікторыя Лешчанка.

Сяргей Каваленка патрабуе, каб старшыня гарвыканкаму, рэдактарка газэты "Віцьбічы" Ніна Тулінава і журналістка Натальля Васільева выбачыліся перад ім за публічныя абразы ў артыкуле "Каму дрэнна, калі нам добра", надрукаваным у студзені гэтага году.

Артыкул зьявіўся праз колькі дзён пасьля таго, як Сяргей Каваленка вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на гарадзкой навагодняй ёлцы. Гэтая падзея стала прадметам абмеркаваньня ў гарвыканкаме на адмысловай нарадзе, якую праводзіў старшыня Віктар Нікалайкін.

Віцебскі сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ лічыць, што спадар Нікалайкін зьневажаў ягоныя гонар і годнасьць. Паводле С.Каваленкі, пра гэта сьведчаць працытаваныя ў друку выказваньні старшыні гарвыканкаму.

Таму праз суд ён хоча дамагчыся, каб "Віцьбічы" надрукавалі абвяржэньне, а аўтарка артыкула Натальля Васільева публічна папрасіла ў яго прабачэньня. Галоўная прэтэнзія спадара Каваленкі палягае ў тым, што ў артыкуле яго называюць хуліганам, і хуліганскім названы яго ўчынак. Між тым вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой ёлцы падчас масавых сьвяткаваньняў апазыцыянэр лічыць палітычнай акцыяй, сэнс якой дзяржаўныя СМІ сьвядома скажаюць.

Нагадаем, спачатку Кастрычніцкі райсуд адмовіў актывісту — не прыняў пазоў да разгляду. Працэс распачаўся толькі пасьля таго, як была напісана скарга ў Вярхоўны суд. Сёньня адбываецца другое судовае пасяджэньне: 14-га ліпеня Сяргей Каваленка заявіў хадайніцтва пра адтэрміноўку, бо яму патрэбна кансультацыя адваката.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG