Як паведамляецца ў артыкуле, гэты грант будзе служыць пачатковым фінансаваньнем для Ініцыятывы «Свабоду палітвязьням» імя Джона Маккейна — праграмы, «натхнёнай досьведам сэнатара як ваеннапалоннага і яго шматгадовай абаронай правоў чалавека». Ён дазволіць забясьпечыць ключавыя рэсурсы, уключыць палітыкаў у працу і ўзмацніць жыцьцёва неабходныя дзеяньні для тых, хто ўтрымліваецца за кратамі за мяжой.
Паводле Дзярждэпартамента ЗША, у 2024 годзе каля 1 мільёна чалавек утрымліваліся незаконна аўтарытарнымі рэжымамі па ўсім сьвеце, у тым ліку дзясяткі грамадзян ЗША. Мэтай Ініцыятывы «Свабоду палітвязьням» імя Джона Маккейна зьяўляецца барацьба з гэтым глябальным крызісам праз настойлівую, высокаўзроўневую адвакатыю і міжнароднае супрацоўніцтва. Яе місія — прыцягваць увагу да несправядлівых зьняволеньняў і садзейнічаць вызваленьню палітвязьняў ва ўсім сьвеце, працягваючы спадчыну Джона Маккейна як былога ваеннапалоннага і абаронцы правоў чалавека.
Паведамляецца, што ў свой першы год ініцыятыва засяродзілася на некалькіх гучных выпадках, у тым ліку журналісткі з Грузіі Мзіі Амаглабелі, вэнэсуэльскага апазыцыянэра Хесуса Армаса, беларускай флейтысткі і актывісткі Марыі Калесьнікавай, а таксама закладнікаў з ліку ізраільска-амэрыканцаў у Газе.
«Інстытут Маккейна вельмі ўдзячны за гэты шчодры грант ад Карпарацыі Карнегі Нью-Ёрку, і мы ў захапленьні ад патэнцыялу праграмы, які цяпер можа быць цалкам рэалізаваны», — сказала дырэктарка Інстытута Эвелін Фаркас.
«Прагрэс, якога мы дасягнулі за апошнія некалькі гадоў, прынцыпова палепшыў жыцьці многіх несправядліва зьняволеных і іх сем’яў. Гэта пачатковае фінансаваньне ад Карнегі выведзе нашу адвакатыю на новы ўзровень і закране яшчэ больш жыцьцяў», — сказаў Педра Пізана, дырэктар Ініцыятывы свабоды палітычных зьняволеных і праграм глябальнай дэмакратыі.
У публікацыі цытуюць словы Джона Маккейна, які казаў, што сіла Амэрыкі заўсёды была ў яе веры ў чалавечы прагрэс, і што для абароны гэтай надзеі патрэбныя «рэалізм, сіла і лідэрства».
- Джон Маккейн — амэрыканскі палітык, прыхільнік дэмакратычнай Беларусі. Маккейн быў сэнатарам ад штату Арызона, кандыдаваў на пасаду прэзыдэнта ЗША і ня раз выказваўся ў падтрымку дэмакратычнай будучыні Беларусі.
- Як сэнатар ён неаднаразова кідаў выклік прэзыдэнтам, незалежна ад іх партыйнай прыналежнасьці, калі лічыў іх палітыку неадпаведнай. Шматгадовы старшыня сэнацкага камітэту ўзброеных сілаў, Маккейн лічыўся экспэртам у пытаньнях абароны і зьнешняй палітыкі.
- Ваяваў у Віетнаме, перажыў амаль шэсьць гадоў палону і катаваньняў у сумнавядомай турме Hanoi Hilton. Памёр 25 жніўня 2018 году. Яму быў 81 год.
Форум