Пра тры абяцаныя помнікі да сёлетніх 1036-х угодкаў Віцебску ўсе нібыта забыліся. Хаця ўзімку праводзіліся выставы-абмеркаваньні мастацкіх праектаў, былі вызначаныя скульптары-пераможцы і нават абраныя месцы, дзе мусілі б паўстаць скульптурныя выявы княгіні Вольгі, Аляксандра Неўскага і князя Альгерда.
Зрэшты, далёка ня ўсе гараджане віталі ідэю ўладаў усталяваць помнік Аляксандру Неўскаму, які толькі аднойчы наведаў Віцебск. А таксама княгіні Вользе, якая, паводле паданьня, у 974-м годзе перапраўлялася са сваёй сьвітай па Дзьвіне і вырашыла спыніцца на ноч у маляўнічых мясьцінах, каля вусьця невялікай рачулкі Віцьбы, а потым загадала заснаваць тут горад. Перадусім таму, што шэраг гісторыкаў аспрэчвае гэты гістарычны факт — паводле некаторых крыніцаў, княгіня Вольга памерла яшчэ ў 969 годзе.
Таму гараджане ня надта засмуціліся, даведаўшыся, што помнікаў пакуль ня будзе. Яны кажуць, што затрымка — за Аляксандрам Лукашэнкам, які чамусь не ўзгадняе праекты, ініцыяваныя старшынём аблвыканкаму Аляксандрам Косінцам.
Усё гэта казкі — і пра Неўскага, і пра княгіню Вольгу.
Спадарыня: «У прэзыдэнта на ўзгадненьні ляжаць помнікі.»
Спадар: «І тым, хто разумее гэта, проста гідка! Бо ўсім зразумела, што ўсё гэта казкі — і пра Неўскага, і пра княгіню Вольгу. Няма ніякіх дакладных гістарычных фактаў!»
Такія рэплікі даводзілася чуць, калі ў пастамэнт, які ўжо ўсталявалі пад помнік князю Альгерду, старшыня гарвыканкаму Віктар Нікалайкін закладаў капсулу з пасланьнем нашчадкам. У пасланьні гаварылася, што дзякуючы цяперашняму кіраўніцтву краіны і гораду Віцебск адбудоўваецца і квітнее.
Калі помнік Альгерду ўсё ж будзе ўсталяваны, то па пэрымэтры пастамэнта зьявяцца выявы віцебскіх краявідаў, і не застанецца нават адзнакі, што ўнутры ёсьць капсула зь нейкім допісам.
З усіх трох згаданых гістарычных пэрсанажаў менавіта князю Альгерду варта паставіць помнік, лічыць мастачка і дасьледчыца віцебскай гісторыі Сьвятлана Баранкоўская:
Альгерд — гэта вялікі князь, і пры ім Віцебск быў вялікакняскім горадам цэлыя 10 гадоў.
Зрэшты, даніну гістарычнаму мінуламу Віцебска падчас сьвяткаваньняў аддаць усё ж паспрабавалі. Самай гучнай падзеяй у гэтым сэнсе мусіла стацца адкрыцьцё алеі партызанскай славы на тэрыторыі музэю Героя Савецкага Саюзу Міная Шмырова. Тут пабудавалі зямлянкі, разьмясьцілі ў іх часовую музэйную экспазыцыю ў дзень адкрыцьця і нават частавалі першых наведнікаў сапраўднай самагонкай — на думку арганізатараў імпрэзы, характэрным атрыбутам партызанскага побыту.
Але найбольшую цікаўнасьць жыхароў гораду выклікаў куды больш відовішчны «Конкурс волатаў», абвешчаны ў гонар ураджэнца Віцебшчыны Фёдара Махнова, самага высокага чалавека ў сьвеце. Ён меў рост 2 мэтры 85 сантымэтраў. Нашчадкі-канкурсанты аказаліся драбнейшымі, але ў натоўпе звычайных гледачоў іх нельга было не заўважыць. Самай высокай жанчынай журы прызнала Натальлю Русанаву, рост якой 197,5 см, і Аляксея Андрыянава, які ў свае 27 гадоў дасягнуў росту 2 мэтры 8 сантымэтраў.
Таксама мінакі адзначалі мастацкую імпрэзу, якая праходзіла ў гонар сёлетніх 90-х угодкаў віцебскай творчай суполкі «УНОВИС» (расейскамоўнае скарачэньне ад «сьцьвярджальнікі новага мастацтва»). Віцебскія мастакі размалёўвалі будынак на скрыжаваньні вуліц «Праўды» і Леніна паводле колішніх эскізаў славутага мастака супрэматыста Казіміра Малевіча. Гэта таксама падарунак Віцебску да Дня горада — каб нагадаць пра яго мінуўшчыну.