Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік князю Альгерду ці ягонаму каню?


У Віцебскай музычнай гасьцёўні — чарговая выстава праектаў помніка, які павінен да лета ўпрыгожыць абласны цэнтар. Скульптары — удзельнікі абвешчанага гарвыканкамам конкурсу — увасаблялі князя Альгерда. Але абвешчанага раней грамадзкага галасаваньня гэтым разам, хутчэй ха ўсё, , ня будзе.


Выстава праектаў помніка князю Альгерду будзе працаваць усяго пяць дзён. Хаця мясцовыя СМІ абвяшчалі, што ахвотныя змогуць паглядзець яе да канца сакавіка ды пакінуць свае водгукі, якія потым улічыць журы.

У адмысловым сшытку пакуль усяго адзін запіс: нехта пахваліў працу пад адным зь пяцізначных нумароў — так “зашыфраваліся” аўтары, бо конкурс на лепшы помнік павінен быць ананімны. Зрэшты, гэтае прыватнае меркаваньне наўрад ці паўплывае на вынік: наглядчыца выставы сказала, што журы ўжо прыходзіла 11-га сакавіка, калі працы экспанаваліся толькі трэці дзень.


Помнікі князю Альгерду, сыну вялікага князя літоўскага Гедыміна, які пабраўся з дачкой віцебскага князя Яраслава і стаў ягоным наступнікам і спадкаемцам, дужа падобныя. Апрача аднаго праекту, усё гэта — вершнікі на конях. На гэта зьвяртаюць увагу ўсе наведнікі.



Мастаку Артуру Сакалоўскаму, які завітаў на выставу, спадабаўся адзіны “пешы” помнік, а пра астатнія ён выказаўся так:

“Вось гэта ўсё — помнікі коням. Таму што большую частку помніка складае фігура каня. Заходзіш, і адразу адчуваецца: гэта нешта ня тое. А вось гэты помнік мне падабаецца. І тое, што Альгерд тут не на кані, падабаецца, гэтым ён арыгінальны. Бо помнік не каню, а асобе”.

Усяго сямёра скульптараў наважыліся ўзяць удзел у гэтым конкурсе. Супрацоўнікі аддзелу культуры кажуць, што творцы проста стаміліся: гэта трэці конкурс за апошні год. У папярэдніх конкурсах на лепшы помнік княгіні Вользе і Аляксандру Неўскаму бралі ўдзел каля паўтара дзясятка аўтараў.



Але справа ня толькі ў гэтым: крытэры гарадзкіх чыноўнікаў з аддзелу культуры былі настолькі своеасаблівыя, што конкурс праектаў помніка княгіні Вользе даводзілася праводзіць двойчы — зь першага разу пераможцу абраць не змаглі, і скульптуры загадалі перарабіць.

Што да меркаваньняў гараджан, то яны неадназначныя. Наведнікі сайту “Народныя навіны Віцебску”, дзе праводзілася інтэрактыўнае галасаваньне, большасьць галасоў аддалі не за канкрэтны праект, а за тое, што помнік княгіні Вользе, да прыкладу, увогуле ў горадзе не патрэбны. Яна лічыцца легендарнай заснавальніцай Віцебску, але гісторыкі гэтага не пацьвярджаюць.



Думкі мясцовых жыхароў ніхто не ўлічыў — журы нават не паведаміла, да якіх высноў яно прыйшло і які скульптар перамог. Адно, што дакладна вядома — гэта тое, што ўсе тры помнікі павінны быць усталяваныя сёлета да 26-га чэрвеня — да Дня горада. Вызначаныя ўжо і месцы пад іх, хаця першапачаткова скульптарам прапанавалі самім вырашаць, дзе лепей разьмясьціць новыя гарадзкія аб'екты.

Гарвыканкам пастанавіў, што помнік княгіні Вользе будзе замест клюмбы каля Летняга амфітэатру, на скрыжаваньні вуліцы Леніна і праспэкта Фрунзэ. Помнік Аляксандру Неўскаму паставяць на плошчы Тысячагодзьдзя Віцебску, а помнік князю Альгерду — насупраць Уваскрасенскай царквы.



На сёньняшні дзень дакладна вядомы лёс толькі аднаго праекту з усіх трох конкурсаў. Гэтая мастацкая праца не перамагла на ніводным конкурсе, але ўсё ж застанецца ў Віцебску, хаця ў зусім іншай якасьці, распавяла наглядчыца выставы:

“Яе забрала школа № 10. Там у іх ёсьць куток Эўфрасіньні Полацкай. Хаця скульптуру рабілі як Вольгу, у іх яна цяпер будзе як Эўфрасіньня Полацкая. Там жа няма ніякіх такіх пазнакаў, нічога… яна проста беленькая”.


Кажуць, што менскі аўтар лёгка пагадзіўся на перайменаваньне і падарыў сваю працу школе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG