Валер Булгакаў | Кірыл Пазьняк | Віталь Цыганкоў |
Цяпер Лукашэнка мае справы ў Крамлі з двума «злымі паліцэйскімі»
Цыганкоў: Заява расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева аб пяцідзённым тэрміне для аплаты афіцыйным Менскам доўга за газ, выглядае, даволі шмат гаворыць пра цяперашні стан беларуска-расейскіх адносінаў. Ці можна сказаць, што Расея канчаткова вырашыла паводзіць з Беларусьсю даволі жорстка ў эканамічным сэнсе, і той энэргетычны грант, якім жывілася беларуская эканоміка апошнія гады, сапраўды падыходзіць да канца, і вяртаньня да тых спрыяльны умоваў ужо ня будзе. Валер, ці вы згодныя?
Булгакаў: Я думаю, можна пра гэта гаварыць, і зразумела гэта стала ня сёньня-ўчора, а некалькі гадоў таму. Тым ня менш казаць пра гэта даводзіцца зь вялікімі засьцярогамі, бо абмежаваньне «энэргетычнага гранту» мае шмат якія кампанэнты. Напрыклад, у дадзеным кантэксьце мне да канца ня ясна, што ляжыць у аснове апошняга ўльтыматуму Мядзьведзева.
Ці гэта імкненьне вывесьці беларуска-расейскія эканамічныя стасункі на іншы, прагматычны, грунт, ці проста жаданьне даць недвухсэнсоўны сыгнал Менску, што Крэмль моцна незадаволены сваімі беларускімі партнэрамі. Прычым падставы для незадаволенасьці могуць быць самымі рознымі. Тут і Мытны саюз, які Менск пакуль байкатуе ці прынамсі не гатовы прыняць у існуючай форме. Тут і падзеі ў Кіргізстане, калі Расея дасылае туды свой спэцназ, а былы кіргіскі прэзыдэнт Бакіеў дае ў Менску фактычна антырасейскія інтэрвію.
Пазьняк: Масква відавочна абвастрае сытуацыю.
Масква відавочна абвастрае сытуацыю.
Па сутнасьці, Мядзьведзеў стаў Пуціным — хаця раней Лукашэнка спрабаваў гуляць на тым, што Мядзьведзеў добры, а Пуцін злы. Цяпер Лукашэнка мае справы ў Крамлі з двума «злымі паліцэйскімі». Масква паказала, што будзе паглыбляць курс на эканамічны прагматызм.
Што да газу, то мой прагноз такі, што Лукашэнка загадае расплаціцца ў час, і ня стане разьвіваць гэты канфлікт. Масква адкрыла другі фронт, каб неяк вырашыць пытаньні з нафтай і з Мытным саюзам. Таму Лукашэнку трэба закрыць гэты фронт. А таксама — каб паказаць, што сытуацыя ў Беларусі не такая кепская, насуперак таму, што казаў Мядзьведзеў, і каб ня мець на перамовах статусу даўжніка.
«Уладары Крамля адкрыта зьдзекуюцца з Лукашэнкі, яго трымаюць у калідорах»
Цыганкоў: Як беларуская ўлада можа рэагаваць на гэтыя дзеяньні Расеі? Ці будзе прэзыдэнцкая кампанія разыгрывацца пад умоўным лёзунгам «абаронім беларускі сувэрэнітэт ад Масквы», «ворагі ў кіраўніцтве суседняй дзяржавы»? Ці афіцыйны Менск не асьмеліцца на радыкальную антыкрамлёўскую рыторыку?
Булгакаў: Лукашэнку давялося шмат нацярпецца апошнім часам у Расеі. Мне здаецца, што ўладары Крамля зь яго адкрыта зьдзекуюцца, яго трымаюць у калідорах. Калі гэта так, то нейкая эмацыйная рэакцыя з боку Крамля будзе непазьбежная.
Увогуле, цяперашняя расейская палітыка можа справакаваць сур’ёзныя эканамічныя дысбалянсы ў другім паўгодзьдзі. Калі прыняць тую вэрсію, якую выказаў Кірыл, што Беларусь выплаціць даўгі за газ, гэта будзе вялізны ўдар па нацыянальнай валюце, па золатавалютных рэзэрвах, якія і так скарачаюцца. Нагадаю, што толькі за травень яны зьменшыліся прыкладна 250 мільёнаў даляраў.
Расея ўжывае мэтады і сродкі, якія могуць паставіць пад сумнеў безагаворачную перамогу Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах.
Цыганкоў: Дык вось ці ня будзе ўзяты такі дэвіз, што «мы ўзялі цудоўныя арыенціры, пачалі іх дасягаць, — а Расея ўсё сапсавала»?
Булгакаў: Я прагназую прыватныя эмацыйныя выказваньні Лукашэнкі ў бок кіраўніцтва Расеі, але я не прагназую радыкальнай зьмены афіцыйнага прапагандысцкага курсу. Хаця б з той прычыны, што лукашэнкаўскі электарат у масе сваёй прыхільна ставіцца да Расеі. І калі пачаць працаваць супраць Расеі пры дапамозе «цяжкай артылерыі» дзяржаўных СМІ, то гэта можа даць досыць сумнеўны выбарчы эфэкт для электарату прэзыдэнта. Гэтыя людзі могуць быць хутчэй дэзарыентаваныя, а не матываваныя зрабіць адзіны правільны выбар.
«Найхутчэй, максымум Крамля — трымаць Лукашэнку ў тонусе, нэрваваць і палохаць яго»
Цыганкоў: Ці можна сказаць, што Расея будзе імкнуцца панэрваваць, патузаць Лукашэнку, выбіць з яго як мага больш саступак, выкарыстоўваючы перадвыбарчую сытуацыю, — ці, як спадзяюцца многія, Масква гатовая ўсур’ёз падтрымаць іншага кандыдата?
Пазьняк: Усё залежыць ад таго, ці ставіць Масква мэтай зьмену рэжыму ў Беларусі. Хутчэй за ўсё, не. Па-першае, няма пакуль моцнага прарасейскага кандыдата (хаця няма пакуль ніякага моцнага альтэрнатыўнага кандыдата). Няма ўрэшце і нейкіх супэрагрэсіўных дзеяньняў з боку Масквы, бо энэргетычныя спрэчкі і так узьнікаюць увесь час. Да таго ж Масква разумее, што рэальна паўплываць на вынікі выбараў яна мала можа.
Найхутчэй, максымум Крамля — гэта пакінуць на пэрыяд выбараў у Беларусі нявырашанымі многія пытаньні, трымаць Лукашэнку ў тонусе, нэрваваць і палохаць яго. Таму Лукашэнка нездарма загадзя казаў, што выбары будуць вельмі складанымі, пакідаючы ў запасным арсэнале антырасейскую рыторыку. Ступень гэтай рыторыкі будзе вызначацца і бягучым станам стасункаў, і асабістымі адносінамі зь Мядзьведзевым і Пуціным.
Заўважу, што у арсэнале Масквы таксама застанецца рэакцыя на вынікі выбараў. Яны могуць ня тое, што не прызнаць выбары, але выказаць сумневы наконт падліку галасоў.