Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчы год і беларуска-расейскія адносіны


Ці магчыма зараз разьвязаць супярэчнасьці паміж Беларусьсю і Расеяй па пытаньнях паставак нафты і фармаваньня Мытнага Саюзу? Як уплывае на адносіны паміж афіцыйнымі Беларусьсю і Расеяй тое, што ў Беларусі надыходзіць прэзыдэнцкая кампанія?


Удзельнікі: палітычны аглядальнік газэты "Белорусы і рынок" Паўлюк Быкоўскі і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.

"Беларусь урэшце зразумела, што насамрэч ніякіх саступак па нафтавых мытах ня будзе"

Цыганкоў: Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з расейскім калегам Дзьмітрыем Мядзьведзевым заявіў, што "невырашальных пытаньняў у дачыненьняў паміж намі няма і быць ня можа" Ці на самой справе магчымае нейкае рашэньне існуючых праблемаў, якое можа задаволіць абодва бакі? Якая зараз галоўная праблема ў дачыненьнях і наколькі яна вырашальная?
Кірыл Коктыш

Коктыш: Мне здаецца, што праблема даволі старая. Беларусь урэшце зразумела, што насамрэч ніякіх саступак па нафтавых мытах ня будзе, што гэта сапраўды прынцыповае пытаньні для Расеі. Таму ўсе тыя разьлікі, на якіх будаваліся беларускія падыходы да Мытнага саюзу, проста ня будуць працаваць. Бо разьлік быў даволі просты – што дзякуючы адсутнасьці мытаў Беларусь атрымае каля 5 мільярдаў даляраў, і гэта кампэнсуе ўсе тыя нязручнасьці, што ўзьнікаюць у сувязі з уваходжаньнем у Мытны саюз. Па-першае, зьвязаныя з мытам на аўтамабілі, ды зь іншымі пазыцыямі. Але прыбытак, які чакаўся, дазваляў усё гэта з вялікім запасам кампэнсаваць.

Гэтага не атрымалася, расейскіх саступак у мытах ня будзе. І гэта азначае, што Беларусь увайшла ў пагадненьне, не падлічыўшы свае страты. Атрымліваецца вельмі непрыемнае становішча – без расейскага рынку беларуская эканоміка існаваць ня можа, а ўваходзіць у Мытны саюз на існуючых умовах азначае істотна пагоршыць сваё эканамічнае становішча. Вядома, гэтыя страты магчыма было б пазьбегнуць, калі б была штодзённая руплівая праца па ўзгадненьні розных пазыцыяў расейскай і беларускай эканомікі. Гэта не было зроблена, а цяпер часу на такую працу ўжо няма.

Цыганкоў:
Кірыл, вы разглядаеце сытуацыю толькі з пункту гледжаньня таго, што Беларусь хоча дабіцца ад Расеі. Але і Расеі патрэбная, каб Беларусь далучылася да Мытнага саюзу. У чым гэтая патрэба і наколькі яна моцная?

Коктыш: Гэта было патрэбна гады два назад. Патрэба была найперш палітычная, бо эканамічна Беларусь не ўяўляе такі вялікі інтарэс. Пасьля паляпшэньня стасункаў з Украінай Расеі ўжо не пагражае ізаляцыя транзытных шляхоў у Эўропу. Беларускі рынак на 10 мільёнаў чалавек даволі невялікі, прадукцыя беларускай прамысловасьці не зьяўляецца незамяшчальнай для Расеі.

І сёньня застаюцца толькі палітычныя матывы. Расейскае кіраўніцтва ня будзе зразуметай расейскім грамадзтвам, калі яно "заваліць беларускі напрамак", "адштурхне саюзьніка" і гэтак далей. Гэта ня будзе трагедыяй, як колькі гадоў таму – але застаецца істотным мінусам. Але палітычная неабходнасьць – гэта тое, што можа пачакаць, гэта не гарыць. Таму расейская перамоўная пазыцыя сёньня выглядае лепш чым беларуская, якая падобная на нейкі кавалерыйскі наскок
Паўлюк Быкоўскі

"Гульня паміж двума рознымі мытнымі саюзамі"


Цыганкоў: Паўлюк, як вы глядзіце на гэтую дылему, хто каму больш патрэбны. У каго больш козыраў на апошніх перамовах?

Быкоўскі: Нельга ськідваць з рахунку такую структуру як "саюзная дзяржава", бо менавіта ў яе межах існуе Мытны саюз Расеі і Беларусі. Важна, што незалежна ад таго, ці ратыфікуе Беларусь мытны кодэкс Мытнага саюзу ЭўраАЗЭС – пакуль што сытуацыя ў дачыненьнях з Расеяй шмат у чым застаецца як і была.

Але цікава, што за дзень да прыезду Лукашэнкі ў Маскву расейскі пасол у Беларусі Аляксандар Сурыкаў абмовіўся пра нібыта канфлікт інтарэсаў Мытнага саюзу "двойкі" і "тройкі". Нібыта нельга навязаць Казахстану тыя дамовы, што існуюць з Беларусьсю і гэтак далей. Важна, што ў Мытным саюзе з Расеяй Беларусь уніфікавала на 90 працэнтаў амаль усе пытаньні. З Казахстанам відавочна гэтага няма. І гэтая гульня паміж двума рознымі мытнымі саюзамі можа мець нейкі юрыдычны працяг, калі беларускі бок захоча гэта разьвіваць.

Але безумоўна, што беларуская эканоміка меншая ў памерах, надта залежыць ад расейскага рынку збыту, ад сыравіны – таму Расея застаецца з моцнымі практычнымі аргумэнтамі нават у той сытуацыі, калі Беларусь будзе праз суды даказваць, што трэба даваць нам нафту таньней, чым усяму сьвету

"Для Масквы пакуль не існуе нейкай канкрэтнай фігуры, якая магла б стаць альтэрнатывай Лукашэнку"
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў:
Ці можа перадвыбарчая сытуацыя ў Беларусі паўплываць на адносіны паміж Масквой і Менскам? Ці будзе Расея выкарыстоўваць гэтую сытуацыю, каб лішні раз націснуць на Лукашэнку?

Быкоўскі:
Для Масквы, на маю думку, пакуль не існуе нейкай канкрэтнай фігуры, якая магла б стаць альтэрнатывай Лукашэнку. Вядома, будуць нейкія аргумэнты, каб пераканаць Лукашэнку паводзіць у спрыяльным для Масквы рэчышчы, але думаю, што рэальнай грубай гульні супраць Лукашэнкі хутчэй за ўсё, ня будзе.

Іншае пытаньне, што Беларусі трэба недзе знаходзіць рэсурсы, каб аплачваць сыравіну і гэтак далей. Калі Расея прапануе такія рэсурсы, то будзе чарговы "прарыў" у беларуска-расейскіх дачыненьнях. Калі не знойдзе, то Лукашэнка будзе вымушаны шукаць гэтыя рэсурсы ў іншых накірунках, і тады будуць "прарывы" ў беларуска-заходніх стасунках.

Цыганкоў: Кірыл, а вы як глядзіце на гэтую дылему? Ці можа выкарыстоўваць Масква прэзыдэнцкую кампанію ў Беларусі як дадатковы чыньнік ціску на Лукашэнку, магчымасьць панэрваваць яго, лішні раз нагадаць яму пра магчымасьці Расеі ўплываць на сытуацыю ў Беларусі?

Коктыш: Вядома, гэта будзе. Але ці варта гэта называць ціскам? Гандаль за ўласныя інтарэсы. Увогуле Расея, як мне здаецца, будзе імкнуцца застацца ўбаку на гэтых выбарах, і цалкам прызнаваць беларускі сувэрэнітэт. Разам з тым, яна будзе вельмі ўважліва сачыць, як Беларусь здолее захаваць гэты сувэрэнітэт без расейскіх грошай. І сёньня, дарэчы, ня вельмі спрыяльны рынак, каб гандляваць гэтым сувэрэнітэтам.

Цыганкоў:
Кірыл, вы разважаеце ў парадыгме аслабленьня Беларусі ў гэтым гандлі. Але шэраг экспэртаў перакананыя ў іншым трэндзе –аслабленьні Расеі, эканамічным і геапалітычным. Ці вы згодныя з такой ацэнкай?

Коктыш: Я б сказаў, што зараз існуе парадыгма аслабленьня усіх тых краінаў, якія можна назваць "цывілізаваным сьветам". Падае эканоміка Эўропы, не расьце эканоміка ЗША. А эканоміка Расеі – гэта нейкая труба, што прышпіленая да Эўропы, а эканоміка Беларусі – гэта труба, прышпіленая да расейскай трубы. Таму няма вялікай розьніцы, хто каго перайграе, калі і адзін і другі гулец слабыя.

Быкоўскі: Калі б у Беларусі ўзьнікла нейкая рэальная альтэрнатыва Лукашэнку, якая магла б успрымацца Масквой – то гэта магло стаць падставай для разгляду. Але ў Беларусі фактычна адсутнічае публічная палітыка, таму існуе толькі адна фігура, а іншыя ўсе ў цені. І яны ня могуць адыграваць нейкай вялікай ролі, пакуль не запаліцца сьвятло. А сьвятло пакуль ніхто не зьбіраецца запальваць
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG