Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У Лукашэнкі не хапае грошай, каб выканаць абяцаньні"


Сяргей Сідорскі і Ўладзімер Пуцін
Сяргей Сідорскі і Ўладзімер Пуцін

Прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі не паехаў на пасяджэньне Вышэйшага органа Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану, якое плянавалася на 28 траўня ў Санкт-Пецярбургу.

Чакалася, што падчас гэтай сустрэчы прэм'еры Беларусі і Расеі абмяркуюць прапанову Аляксандра Лукашэнкі аб продажы кантрольнага пакету акцый "Белтрансгазу" і Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу.

Пра тое, што Сяргей Сідорскі не паедзе на пасяджэньне прэм'ераў Беларусі, Расеі і Казахстану ў рамках Мытнага саюзу, стала вядома сёньня. Прэс-сакратар беларускага прэм'ера Аляксандар Цімашэнка сказаў карэспандэнту "Свабоды", што ў Сяргея Сідорскага не заплянаваны ўдзел ні ў якіх пасяджэньнях у Санкт-Пецярбургу, як і яго сустрэча з Уладзімерам Пуціным. Хаця пра гэта напярэдадні паведамлялі расейскія мэдыі. Паводле спадара Цімашэнкі, няўдзел С.Сідорскага ў сустрэчы зьвязаны з наяўнасьцю рознагалосьсяў па прынцыповых пытаньнях.

Пазьней афіцыйнае агенцтва БЕЛТА распаўсюдзіла тлумачэнmне прэс-сакратара прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандра Цімашэнкі з нагоды няўдзелу Сяргея Сідорскага ў сустрэчы прэм'ер-міністраў Беларусі, Расеі і Казахстана 28 траўня ў Санкт-Пецярбургу.

"Адмова ад удзелу прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага ў заяўленай на 28 траўня ў Санкт-Пецярбургу сустрэчы" тройкі "зьвязаны з наяўнасьцю некаторых нявырашаных спрэчных пытаньняў у рамках Мытнага саюза, якія маюць прынцыповае значэньне для беларускага боку", – заявіў прэс-сакратар.

Прадстаўніца прэс-службы расейскага ўраду
патлумачыла, што пасяджэньне тым ня менш адбудзецца:

"Такое пасяджэньне адбудзецца. Але адносна Сідорскага лепш даведацца ў прэсавай службе беларускага прэм'ера. Калі ён не прыедзе, то, значыць, будзе безь яго. Гэта будзе такі вузкі склад".

Учора падчас сустрэчы са студэнтамі ў Магілёве кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць прадаць расейцам кантрольны пакет акцый "Белтрансгазу" і Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, калі Расея будзе пастаўляць у Беларусь нафту і газ па ўнутрырасейскіх цэнах. Сёньня ж віцэ-прэм'ер Расеі Ігар Сечын заявіў, што Расея пакуль ня бачыць эканамічнай мэтазгоднасьці ў набыцьці "Газпромам" акцый "Белтрансгазу". Маўляў, "Газпром" набыў 50% акцый за 2,5 мільярда даляраў, але "вялікага эканамічнага сэнсу ў гэтай інвэстыцыі няма". Ён адзначыў, што Расея пераплаціла за гэтыя акцыі. Новых камэрцыйных прапаноў ад беларускага боку пакуль не паступала.

Прадстаўнік "Газпрому" Сяргей Купрыянаў ня стаў камэнтаваць прапанову А.Лукашэнкі.

Экспэрт расейскай кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка вельмі моцна памыляецца:
Беларусь нічога ня выйграе...

"Бо ў Расеі плянуецца павысіць унутраныя тарыфы на газ, каб зрабіць іх роўнадаходнымі з экспартам. І калі "Газпром" цяпер пагодзіцца на гэтую прапанову, то ён атрымае кантрольны пакет у "Белтрансгазе", а праз пару гадоў цэны на расейскі газ для Беларусі будуць такія ж, як экспартныя. То бок Беларусь нічога ня выйграе".

А ў чым яна прайграе?

"Яна проста так аддасьць кантроль над сваёй газатранспартнай кампаніяй".

Паводле спадара Круціхіна, абяцанкам А.Лукашэнкі давяраць нельга. І пакуль няма дамоўленасьцяў, трэба разглядаць гэта як палітычную заяву, а не як камэрцыйную прапанову. Таксама спадар Круціхін мяркуе, што "Газпрому" не абавязкова набываць акцыі "Белтрансгазу".

"Транзыт газу празь Беларусь расейскай кампаніі фактычна гарантаваны.Таму ня вельмі і патрэбна. Іншая справа, што Лукашэнка сказаў, што ён хацеў бы і нафту атрымліваць бязмытна. Вось да гэтай часткі заявы ўжо можна прыгледзецца. Гэта азначае, што, напэўна, атрымліваць нафту з Вэнэсуэлы ня так выгадна, як яму хацелася б".

Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае, што Сяргей Сідорскі мог бы абмяркоўваць гэтыя прапановы А.Лукашэнкі ў Пецярбургу разам з Уладзімерам Пуціным.

Андрэй Фёдараў
"Канечне, гэта заўчасна казаць, што гэта ўсё ўжо прадаецца. Заявы нават на такім узроўні не даюць упэўненасьці, што працэс насамрэч пайшоў. Іншая справа, што з вэнэсуэльскім праектам ня так усё добра атрымліваецца. Па-другое, у краіне, напэўна, не хапае грошай, каб выканаць абяцаньні, якія былі дадзеныя пяць гадоў таму перад папярэднімі прэзыдэнцкімі выбарамі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG